Чэхія выдала сертыфікат аб грамадзянстве Ларысы Геніюш і яе мужа Янкі
Геніюшы заставаліся грамадзянамі Чэхаславакіі да канца свайго жыцця, піша Kamunikat.org
У дакуменце Аддзела па грамадзянстве Дэпартамента права і гандлю Абласнога аддзялення Паўднёва-Чэшскага краю сцвярджаецца, што Ларыса і Ян Геніюшы, якія перабраліся ў Чэхаславакію ў 1930-х, атрымалі чэхаславацкае грамадзянства 4 ліпеня 1947 года і захоўвалі яго безупынна да канца свайго жыцця: Ян Геніюш — да 8 лютага 1979 года, а Ларыса — да 7 красавіка 1983.
Гэта абазначае, што пазбаўленне іх грамадзянства Чэхаславакіі і перадача саветам як нібыта савецкіх грамадзян 12 жніўня 1948 году было незаконным.
У лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. На такі ж тэрмін быў асуджаны Янка Геніюш. У 1956 разам з мужам часткова рэабілітавана, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве.
Ларыса Геніюш прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, тут бывалі частымі гасцямі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.
За вяртанне Ларысе і Яну Геніюшам чэхаславацкага грамадзянства доўга змагаліся беларусы Чэхіі.
Цяпер Фонд Kamunikat.org разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку рыхтуе да выдання ўспаміны Ларысы Геніюш па-беларуску і па-польску.
Каментары
Мяркую упэйнен Ларыса Геніюш адмовілась бы ад падобнага " гонара" ..