Вядомы ўкраінскі тэлевядучы Дзмітрый Гардон выступіў з нечаканай заявай пра спыненне вайны. Адначасова Зяленскі анансаваў важнае рашэнне ЗША ў падтрымку Украіны, а тэлеграм-каналы сцвярджаюць пра знаходжанне кагосьці з кіраўніцтва Расіі ў Вашынгтоне.
Дзмітрый Гардон у інтэрв'ю заявіў, што гарачая фаза вайны ва Украіне завершыцца ўжо заўтра, 30 снежня 2024 года.
«Сёння ў нас 29 снежня 2024 года. Я яшчэ раз паўтараю, гарачая фаза вайны завершыцца ў гэтым годзе. Мне скажуць: «Ты звар’яцеў — да канца года засталося ўсяго два дні!». Не, сябры, я не звар’яцеў. У мяне ёсць інфармацыя, і я зараз ёю падзялюся», — сказаў Гардон.
«Вы заўважылі, што ў апошнія дні практычна няма трывог. Вы бачыце, што вельмі мала дронаў залятае над Украінай, і зусім няма ракет. Вы бачыце, што пагроза раптам значна знізілася. Вы ж разумееце, што Пуцін павінен бамбіць Украіну менавіта перад Новым годам, каб у нас не было электрычнасці і цяпла. Аднак гэтага няма. Чаму? Адказваю: таму што яго прасілі не рабіць гэтага з Вашынгтона.
А чаму Вашынгтон гэта прасіў? Таму што, увага, заўтра, 30 снежня 2024 года, калі ўсё складзецца добра, а ўсё павінна скласціся добра, павінна адбыцца гістарычная сустрэча, якая завершыць гарачую фазу вайны. Чакаць засталося нядоўга. Заўтра, 30 снежня», — патлумачыў Гордан.
Пакуль гэта застаецца меркаваннем журналіста, і ніякія афіцыйныя крыніцы не пацвярджаюць прагназаванай падзеі.
Сёння ж Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі анансаваў важнае рашэнне ЗША ў падтрымку Украіны. Але гаворка хутчэй ідзе пра значны пакет дапамогі для ўкраінскіх вайскоўцаў.
«Я ведаю, што рыхтуецца важнае рашэнне Амерыкі ў падтрымку Украіны — мы чакаем афіцыйнага абвяшчэння ўжо заўтра: значныя пакеты падтрымкі для нашых ваяроў.
Тое, што дзейнічала на працягу гэтых гадоў вайны для абароны Украіны, і тое, што павінна падтрымаць стабілізацыйную працу на фронце зараз», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што Украіна таксама працуе над тым, каб іншыя партнёры працягвалі падтрымліваць краіну «на неабходным узроўні». Раней стала вядома, што ЗША ў бліжэйшыя дні абвесцяць канчатковы пакет Ініцыятывы дапамогі Украіне ў галіне бяспекі (USAI), выкарыстаўшы сродкі, зарэзерваваныя для закупкі новага ўзбраення для Украіны.
Канспіралагічныя тэорыі пра таемныя перамовы і хуткае спыненне гарачай фазы вайны ва Украіне падтрымліваюць таксама паведамленні, якія сёння публікуюць расійскія тэлеграм-каналы. Паводле іх інфармацыі, маршрут самалёта з асобага лётнага атрада «Расія» сведчыць пра тое, што нехта з кіраўніцтва Расіі, магчыма, правёў два дні ў Вашынгтоне на гэтым тыдні.
Але ніякага больш пераканаўчага пацвярджэння словы Гардона не маюць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары