Грамадства2626

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Ад 3 снежня Аліна Коўшык афіцыйна стала галоўнай рэдактаркай «Белсата». Да гэтага два гады яна правяла на пасадзе прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета. Пагутарылі з ёй пра тое, што яна лічыць сваімі дасягненнямі ў палітыцы, пра першыя крокі ў рэфармаванні «Белсата», гучныя звальненні, тое самае інтэрв’ю з Падсасонным і яго наступствы, а таксама жыццё па-за працай.

Аліна Коўшык — галоўная рэдактарка «Белсата», грамадская і палітычная дзяячка. Трапіла на «Белсат», прайшоўшы адкрыты публічны кастынг, калі канал толькі запускаўся. Была першай вядучай «Аб’ектыва» ў жывым эфіры, вяла міжнародную праграму «ПраСвет», стала аўтаркай ідэі кулінарнага шоу «Я не буду гэта есці». З’яўляецца сузаснавальніцай Беларускага цэнтра салідарнасці ў Варшаве, праекта InBelKult 2.0. Пасля 15 гадоў на «Белсаце» два гады працавала ў Аб’яднаным пераходным кабінеце. Вярнулася ў медыя ў якасці кіраўніцы ў снежні 2024-га.

«З некаторымі людзьмі, якія не вельмі добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі, прыйдзецца развітацца»

«Наша Ніва»: У сярэдзіне лістапада стала вядома, што вы сыходзіце з Аб’яднанага пераходнага кабінета і ўзначаліце «Белсат». Як з таго моманту змянілася ваша жыццё і што ўжо паспелі зрабіць на новай пасадзе?

Аліна Коўшык: Афіцыйна я на пасадзе [галоўнай рэдактаркі] з 3 снежня, але фактычна працую трошачку раней. Мой графік цяпер стаў больш прадказальным у параўнанні з працай у кабінеце. З’явіўся офіс (у АПК мы штораз шукалі новыя месцы для сустрэч).

Звычайна я прыходжу на працу а 9-й раніцы і сканчваю… Як скончым.

Трэба было зразумець, як працаваў «Белсат» і як можна зрабіць так, каб ён працаваў лепей. Тут уладкавана больш за 200 чалавек, варта вельмі добра прааналізаваць бягучы стан, правесці рэструктурызацыю так, каб захаваць самых таленавітых людзей і тое, што добра працуе, і каб змяніць тое, што недацягвае.

«НН»: Сыходзячы з бюджэту на новы год, ці зразумела, ад чаго канкрэтна прыйдзецца адмовіцца? Можа, колькі людзей прыйдзецца скараціць?

АК: Бюджэт быў названы — гэта 53 мільёны злотых на ўвесь «Белсат» (амаль 13 мільёнаў даляраў — НН).

У нас ёсць жаданне найперш узмацніць навінавую рэдакцыю, каб было больш жывых эфіраў і інфармацыйных праграм. А таксама зрабіць больш цікавай забаўляльна-публіцыстычную прапанову.

Гэта будзе рабіцца паступова, у ходзе абмеркаванняў з рэдакцыямі.

«НН»: А што канкрэтна гледачы не пабачаць у новым сезоне?

АК: Напэўна, не вернецца перадача «Шчыра кажучы». Нам падаецца, што яе фармат, акурат, вычарпаны. Плюс яна была досыць дарагая па нашых мерках. Пры гэтым каманда, якае стварала перадачу, вельмі таленавітая, таму будзе спрабаваць працаваць над нейкімі новымі рэчамі.

Агулам абсалютна натуральна для тэлебачання, што праграмы жывуць некалькі сезонаў. А ў нас шмат што жыве ўжо вельмі-вельмі доўга, і штосьці апраўдана, але некаторыя рэчы варта мяняць.

Ёсць жаданне зрабіць «Белсат» больш сучасным, больш эстэтычным, які выклікае больш эмоцый. Хаця, канечне, рабіць тэлебачанне ў выгнанні вельмі складана.

«НН»: А што наконт скарачэнняў штату?

АК: У нас няма загадаў змяншаць колькасць супрацоўнікаў. І мы будзем імкнуцца не звальняць людзей і не набіраць новых, калі тое магчыма, а шукаць для іх нейкія іншыя магчымасці ўнутры «Белсата».

Але з некаторымі людзьмі, якія не вельмі добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі, прыйдзецца развітацца.

«НН»: І якая колькасць людзей не спраўляецца са сваімі абавязкамі?

АК: Гаворка ідзе пра адзінкі — у сувязі з тым, што ў прынцыпе не заўсёды столькі патрэбна людзей, колькі можна было сабе дазволіць раней. Але размовы пра масавыя скарачэнні не ідзе.

«Мая галоўная мэта — вяртанне «Белсата» як сапраўднага тэлеканала. Цалкам незалежнага ад польскага тэлебачання»

«НН»: Чый подпіс у выніку стаіць пад рашэннем аб ліквідацыі структурнай адзінкі «Белсат TV», бо выканаўца абавязкаў дырэктара Аляксей Дзікавіцкі звольніўся датэрмінова, якраз не жадаючы мець дачыненне да ліквідацыі тэлеканала, які ён у тым ліку ствараў?

АК: Аляксея Дзікавіцкага. Ён быў вымушаны гэта падпісаць проста таму, што гэта было прапісана ў яго абавязках: правесці інвентарызацыю, а таксама падпісаць ліквідацыю адзінкі. Я не бачыла самі дакументы, але калі Аляксей сыходзіў, ён павінен быў падпісаць — гэта было адной з умоваў яго сыходу.

Увогуле, уся гэтая сітуацыя больш раздзьмутая. Канечне, балюча страціць сваю незалежнасць як тэлеканала. Але гісторыя развіваецца па-рознаму, і цяпер такі этап у жыцці «Белсата», які мы таксама мусім перажыць. І я вельмі спадзяюся, што гэта навучыць нас больш беражліва ставіцца да рэсурсаў, да людзей, якія з намі працуюць, паказваць добрыя вынікі нават пры трохі меншых рэсурсах — я перакананая, што гэта магчыма. 

Але мая галоўная мэта — вяртанне «Белсата» як сапраўднага тэлеканала. Быць можа, нават цалкам незалежнага ад польскага тэлебачання. Я буду працаваць у гэтым накірунку.

«НН»: Якія ў вас цяпер адносіны з Аляксеем Дзікавіцкім? Ці было нейкае прымірэнне пасля сітуацыі з вашым прызначэннем на пазіцыю галоўнай рэдактаркі і таго, як гэта адбылося, без папярэджання самога Аляксея загадзя?

АК: У нас няма камунікацыі цяпер — Аляксей заняты на іншым праекце. Але я думаю, што ў нас будуць нармальныя адносіны. На «Белсаце» працягвае працаваць жонка Аляксея, з якой мы штодня сустракаемся.

Магчыма, змены маглі адбыцца ў іншым стылі. Але, я спадзяюся, для нас усіх, мяне, Аляксея, спадарыні Агнешкі Рамашэўскай, самае галоўнае — гэта захаванне самога вяшчання і калектыву журналістаў. У нас супольныя мэты. Я думаю, мы мусім трымаць гэта ў галаве, калі робім адны ці іншыя ўчынкі.

«НН»: Вы казалі, што рашэнне па новым кіраўніцтве «Белсата» прымалі польскія ўлады. На тое, што рэдактарам не стаў Аляксей Дзікавіцкі, магла паўплываць справа па падазрэнні топ-менеджменту ў фінансавых злачынствах і злоўжыванні паўнамоцтвамі. Ці вядома вам нешта?

АК: Не думаю, што магу гэта каментаваць, бо гэта ўнутраныя справы рэдакцыі. Але людзі, якія ўмеюць складваць два плюс два, лічу, могуць іх скласці.

«НН»: Калі Ігара Кулея звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін «Белсата», мы прасілі даць кароткі каментар, каб удакладніць у вас, з чым гэта звязана, але вы тады сказалі, што гэта ўнутраная кухня рэдакцыі. Цяпер стала вядома, што ён сышоў з канала зусім, цытата: «пасля, амаль дзесяці гадоў працы, мяне выціснулі адтуль хлуснёй і пагрозамі». Можаце расказаць, што адбываецца і ці на гэта паўплывала вострае інтэрв’ю, якое ў вас узяў Сяргей Падсасонны?

АК: Што тычыцца таго інтэрв’ю, я лічу, што там было некалькі момантаў, якія парушалі этычныя стандарты. І па гэтай справе ішло ўнутранае разбіральніцтва.

Што тычыцца Ігара Кулея, яго не звольнілі з «Белсата» — ён прыняў рашэнне сысці сам, пра што заявіў у жывым эфіры праграмы «Тыдзень» увечары 29 снежня 2024 года. Развітаўся Ігар без узгаднення са мной ці кіраўніцтвам TVP, знянацку, без аніякага папярэджання. Ён быў запланаваны ў графіку на студзень на некалькі праграм.

Заявы Ігара Кулея не адпавядаюць рэчаіснасці і шкодзяць рэпутацыі канала. Мы за празрыстасць і прафесіяналізм у нашай працы і гатовыя да адкрытага дыялогу для высвятлення любых справаў. Такой спробы з яго боку не было. Замест паспрабаваць знайсці супольную мову са мной, Ігар пачаў звяртацца ў розныя арганізацыі, каб яшчэ больш раскручваць сваю справу.

Інфармацыя пра звальненне Ігара [з пасады кіраўніка рэдакцыі навін], якая публікавалася раней, ёсць маніпуляцыяй фактамі. Раней яго не звольнілі. Ігара пазбавілі ад выканання абавязкаў кіраўніка беларускай рэдакцыі інфармацыйных праграм. Гэтую пасаду ён займаў неафіцыйна, яе няма ў новым рэгламенце арганізацыйнай структуры Асяродка медыя для замежжа TVP. Ігар як індывідуальны прадпрымальнік нават фармальна не мог займаць кіраўнічую пасаду ў структуры, а выконваў гэтую функцыю паводле вуснага распараджэння папярэдняга кіраўніцтва.

Нягледзячы на тое, што ён перастаў выконваць абавязкі кіраўніка беларускага ньюсруму, Ігар працягваў весці праграмы «Тыдзень» і «Белсат Zoom». Ён таксама з’яўляўся адным з выдаўцоў і вядоўцаў праграм Eastern Europe Review для TVP World і Akcent wschodni, якія выпускае «Белсат» для TVP Info. За гэтую працу Ігар атрымліваў ганарары.

Кампанія па дэзынфармацыі, пра якую ён кажа, — гэта беспадстаўнае абвінавачанне, бо наша пазіцыя застаецца адназначнай: мы не аказваем ні пагроз, ні ціску на супрацоўнікаў. «Белсат» заўсёды будзе месцам для тых, хто гатовы працаваць сумленна і прафесійна.

«НН»: Калі вяртацца да наступстваў пасля інтэрв’ю з вамі, будзе ўведзена нейкае новае ўнутранае правіла, што, напрыклад, нельга крытыкаваць Аліну Коўшык?

АК: Можна рабіць крытычныя інтэрв’ю і задаваць вострыя пытанні, але яны не павінны абражаць людзей, прыніжаць, ставіць у няёмкае становішча (гэта актуальна не толькі ў адносінах да мяне, а перадусім да нашых герояў-суразмоўцаў). Таму што гэта потым робіцца ўжо не хард-токам, а зусім іншым жанрам, скажам так.

«Пасля сакавіка палосы вяшчання ў нас будуць падзеленыя паміж беларуска-расійска-украінскай рэдакцыямі»

«НН»: З улікам таго, што колькасць эфіру для непасрэдна беларускамоўнага вяшчання скароціцца, як вы плануеце гэта кампенсаваць, можа, асобна развіваць прадукты на ютубе? Ці на што будзе зроблена стаўка?

Польскае тэлебачанне аб’ядноўвае свае замежныя каналы ў адну арганізацыйную структуру — цэнтр замежнага вяшчання TVP, які будзе ўключаць у сябе англамоўны тэлеканал TVP World і «Белсат», эфір якога будзе падзелены паміж трыма рэдакцыямі: беларускай, расійскамоўнай рэдакцыяй «Вот Так» і ўкраінскай.

АК: Мы перадусім застаемся тэлебачаннем, таму ўсё, што мы ствараем, будзе найперш паказвацца на тэлебачанні. «Белсат» застаецца агульнатэматычным, з вялікай навінавай часткай. Пасля сакавіка 2025 года палосы вяшчання ў нас будуць падзеленыя паміж беларуска-расійска-ўкраінскай рэдакцыямі.

На першы погляд падаецца, што беларускага вяшчання будзе менш, але хачу запэўніць, што прэм’ер у гэты час з’явіцца больш. У нас будзе шэсць гадзін вяшчання плюс паўтары, якія будуць ісці ўначы. Будзе ранішняе вяшчанне, а таксама мы захоўваем увесь прайм-тайм. «Аб’ектыў», «Студыя Белсат» будуць выходзіць у той самы час, як і раней. Для нашых гледачоў моцных змен не будзе.

Усё гэта можна будзе таксама глядзець на сайце альбо на ютуб-канале і ў сацыяльных сетках.

«НН»: То-бок найперш задача будзе палепшыць тэлевізійны кантэнт? Не будзе мэты, напрыклад, павялічыць наведвальнасць сайта, які не вельмі папулярны?

АК: Так, мы будзем рабіць тэлевізійны кантэнт, які будзе перапакоўвацца пад розныя платформы. На гэты момант у нас не будзе магчымасці і задачы рабіць нешта дадатковае.

З сайтам у нас былі праблемы, ён амаль месяц не працаваў. Дагэтуль мы аднаўляем усе функцыі, што там былі. Архіў, у тым ліку і «Добрапіс» — праверку правапісу, які быў часткай сайта. Магчыма, не ўсё і здолеем аднавіць.

Вярнуць узровень наведвальнасці хаця б на ранейшы хацелася б, але мы рэальна ацэньваем сітуацыю ва ўмовах, калі з’яўляемся экстрэмісцкім медыя. Хаця ў нас ёсць сталая аўдыторыя, якая ўжо пачала вяртацца.

«НН»: Да 17-годдзя «Белсата» былая кіраўніца Агнешка Рамашэўская напісала, што вось атрымалася, што тэлебачанне па выніку «знішчана» не Лукашэнкам, а польскімі ўладамі, што вы можаце на гэта сказаць?

АК: Насамрэч тут клубок прычын. Адстаяць незалежнасць «Белсата» заўсёды было складана, у гісторыі ўжо былі спробы яго закрыцця, і дзякуючы інтэрвенцыі высокіх польскіх палітыкаў гэтага атрымалася пазбегнуць.

Што тычыцца таго, што ёсць цяпер, гэта было стратэгічнае палітычнае рашэнне, бо мяняецца ўся структура ў замежным польскім тэлебачанні. І «Белсат» як частку Польскага тэлебачання паклалі ў адзін кошык з іншымі праграмамі і каналамі, якія вяшчалі на замежжа. Наколькі гэта слушнае рашэнне, пакажа час, але я думаю, што мы не можам дазволіць такой раскошы — польскім уладам ці камусьці іншаму — зачыніць «Белсат» зусім. Ён занадта важны, каб яго можна было проста зачыніць. 

Я думаю, што гэта выдатна разумеюць і польскія палітыкі. Сярод іх зараз вельмі актыўна вядзецца гаворка пра тое, што важна змагацца з прапагандай. Але яна трошкі спозненая, здаецца. «Белсат» ужо гэта рабіў! Ён сам па сабе ёсць інструментам антыпрапаганды, інструментам данясення праўды пра Беларусь для беларусаў перадусім. Але брэнд «Белсата» добра вядомы і ў свеце.

«Мы прыклалі вельмі шмат высілкаў, але не змаглі дапамагчы большасці студэнтаў з атрыманнем віз у Польшчу»

«НН»: Давайце падсумуем вашу працу ў Кабінеце на пасадзе прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні. Чаго канкрэтна дасягнулі, чым можна ганарыцца?

АК: Напрыклад, тым, што мы прапісалі саму стратэгію па нацыянальным адраджэнні, якую фактычна пачалі рэалізоўваць — гэта такі канцэптуальны дакумент, які даў нам пэўныя рамкі дзеянняў.

Пры дапамозе прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні была створаная канцэпцыя беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта. Натуральна, што сам універсітэт цягам некалькіх месяцаў не створыш, але група людзей, якая вакол гэтага згуртавалася, здольная на тое, каб гэта рэалізаваць.

Пры дапамозе прадстаўніцтва (не кажу мяне асабіста, бо працавала каманда) быў таксама створаны інстытут публічнай гісторыі і інстытут беларускай кнігі, грамадская камісія па ўзнагародах. Яшчэ мы падтрымлівалі дзясяткі праектаў, завязвалі адносіны з міжнароднымі партнёрамі, праводзілі канферэнцыі і будавалі супольнасці для рашэння самых актуальных задач адраджэння.

«НН»: А што не атрымалася?

АК: Мы прыклалі вельмі шмат высілкаў, але не змаглі дапамагчы большасці студэнтаў з атрыманнем віз у Польшчу — гэта было вельмі балюча. Гэта тое, што можна было зрабіць, але патрабавалася больш дапамогі з боку нашых партнёраў.

Я разумею, што гэта вельмі моцна ўплывае на будучае той моладзі, якая не паступіла, што за кожным гэтым кейсам і зваротам стаіць лёс чалавека. Я разумею, наколькі ім складана і наколькі вялікая для нас саміх страта, калі гэтыя маладыя людзі пайдуць вучыцца не ў еўрапейскія ўніверсітэты, а, скажам, у расійскія. Таму што акурат Расія шырока раскрывае дзверы для беларускай моладзі, дае стыпендыі. 

«НН»: Калі вы пайшлі з Кабінета, былі каментары «яшчэ адзін чалавек бяжыць з карабля, які тоне», бо было шмат сыходаў з Кабінета апошнім часам, і не на ўсе пасады па выніку знайшлі замену. І менавіта таму, маўляў, вы вырашылі абраць больш перспектыўнае менавіта для сябе месца працы — што скажаце пра такія тэорыі?

АК: Кабінет абсалютна не тоне. Тое, што адбываецца ратацыя кадраў — гэта здаровы падыход. Тое, што не заўсёды знаходзяцца людзі, гатовыя ўзяць на сябе адказнасць, у пэўным сэнсе зразумела. З іншага боку, калі я сыходзіла з кабінета, я бачыла, наколькі там добрая працоўная атмасфера і якая там крутая каманда застаецца.

Хто б ні сышоў, кабінет працягвае сваю працу. У гэтым ёсць сіла інстытуцыі, якая не завязаная на персаналіях.

Што тычыцца асабіста мяне, я бачыла вельмі шмат перспектыў у працы ў Кабінеце. І калі я прыйшла на размову са Святланай Ціханоўскай, то сказала: вось мне прапанавалі ўзначаліць «Белсат», што рабіць? Бо абедзве справы важныя.

Калі мы паразмаўлялі шчыра, то зразумелі, што «Белсат» — як кабінет. Гэта інстытуцыя — не проста медыя, а велізарная структура — самая вялікая беларуская структура па-за межамі краіны на гэты момант. 

Калі мы ўсе змагаліся за «Белсат», то казалі, што крытычна важна, каб менавіта беларус ці беларуска ўзначальвалі рэдакцыю. І таму калі гэта прапанавалі мне, беларусцы, не пагаджацца на гэта можна было, але я разумела, што ў іх спісе больш нікога няма. То-бок я была апошняя.

Выглядала, што калі не я, то быў бы, хутчэй за ўсё, чалавек з Польшчы, для якога беларуская справа, напэўна, менш істотная, чым для мяне.

Дырэктар TVP World, цяпер ператворанага ў Цэнтр замежных медыя, Міхал Бранятоўскі ў інтэрв’ю польскаму выданню Onet.pl распавёў, што прапаноўваў узначаліць «Белсат» сярод іншага Ігару Кулею, але па выніку абралі Аліну Коўшык. Ігар Кулей аспрэчыў сам момант выбару паміж імі: «Я адмовіўся ад прапановы ўзначаліць «Белсат» на першай сустрэчы, 29 ліпеня. Адмовіўся пасля таго, як пачуў, як TVP збіраецца паступіць з Аляксеем Дзікавіцкім. І да гэтага дадаў, што не хачу быць чалавекам, які будзе рэзаць «Белсат» і праводзіць істотныя скарачэнні».

Таму рашэнне было нялёгкім, але ўзважаным. І перш чым яго прыняць, для мяне было важна пераканацца, што справа Адраджэння будзе працягвацца ў кабінеце.

«НН»: Нехта скажа: канцэпцыі, інстытуты, канечне, здорава, але ва ўмоўных «Купалаўцаў» дагэтуль няма сваёй пляцоўкі для выступаў, а гэта адна з самых буйных творчых груп у эміграцыі…

АК: Мы займаліся пытаннем «Купалаўцаў», часткова разам з Паўлам Латушкам. Спрабавалі выбіць памяшканне ў горада, але знайсці памяшканне пад тэатр, нават нейкае сціплае, досыць складана.

Фінансаванне на беларускі тэатр знайсці яшчэ больш складана. Вельмі часта ўкраінскія ініцыятывы дзейнічаюць за прыватныя ахвяраванні мецэнатаў.

У нас ёсць праграма Art Power, якая атрымлівае гранты для культуры ад Еўракамісіі, але мы разумеем, што гэта кропля ў моры патрэб. Ёсць праекты, якія немагчыма падтрымаць грантамі.

Самае важнае, чаму я, дарэчы, вучу свайго сына, разумець: табе нічога ніхто не павінен. Калі табе штосьці патрэбна, ты мусіш шукаць магчымасці сам. Я думаю, што мы, будучы ў замежжы, павінны таксама для сябе гэта зразумець: ні Польшча, ні Еўразвяз нам нічога не вінныя. Мы мусім самі ствараць для сябе магчымасці. Гэта вельмі складана, але мы жывем у час гістарычных выклікаў.

Але тое, што Купалаўскі павінен жыць, гэта безумоўна. Калі б знайшлося памяшканне, я думаю, што нават можна было б пабудаваць бізнэс-мадэль, каб тэатр сам сябе акупляў. І быў бы тэатрам не толькі для купалаўцаў, але і іншых тэатральных груп, якія працуюць у Варшаве.

«Я магла б працаваць у любой польскай рэдакцыі. Але мне заўсёды было цікава працаваць для Беларусі і з беларусамі»

«НН»: У вас падвойнае прозвішча — Коўшык-Петшыкоўска, але выкарыстоўваеце вы толькі першую частку, праз што вам нават ледзь не адмовілі ў кандыдацтве ў Каардынацыйную раду. Але чаму вы яго агулам пазбягаеце?

АК: Як публічны чалавек я заўсёды існавала пад маім (дарэчы сапраўдным) імем-прозвішчам Аліна Коўшык, тут нічога не змянілася. Тое, што ў мяне ў пашпарце падвоенае прозвішча, не змяняе таго, кім я ёсць у публічнай прасторы.

«НН»: Як захоўваць беларускую ідэнтычнасць, калі доўга жывеш за мяжой і калі іншая краіна — ужо даўно зона асноўных побытавых інтарэсаў?

АК: Я сапраўды даўно жыву ў Польшчы і маю польскае грамадзянства, чаго не хаваю. Вельмі добра валодаю польскай мовай і магла б працаваць у любой польскай рэдакцыі. Але мне заўсёды было цікава працаваць для Беларусі і з беларусамі. І таму я абрала для сябе «Белсат».

Гэта асабісты выбар, які робіць кожны эмігрант: ці ён хоча ўкладваць частку сваёй душы і часу, сродкаў у тое, каб дапамагаць радзіме. Я ведаю шмат беларусак і беларусаў, якія маюць іншае грамадзянства, але працуюць на змены ў нашай краіне. Як ведаю і шмат тых, хто з’ехаў і жыве звычайным, новым жыццём, не вельмі моцна пераймаючыся падзеямі ў краіне. Для мяне гэты выбар быў відавочны. Я адчуваю сябе на 100% беларускай, нягледзячы на тое, колькі жыву за мяжой.

«НН»: А як з выхаваннем сына тут адбываецца?

АК: Я размаўляю з сынам па-беларуску. Ён нарадзіўся ў Польшчы і хадзіў у беларускую суботнюю школу, але я ніколі не навязвала яму ідэнтычнасць. І на гэты момант ён яшчэ яе фармуе. У сям’і мы захоўваем беларускія традыцыі. Ён іх удзельнік і сведка. Я вельмі хачу, каб гэта сувязь не перарывалася.

Думаю, майго прыкладу дастаткова. Але з іншага боку ён таксама бачыць: так, мая маці размаўляе па-беларуску, але вакол больш ніхто не размаўляе. Таму вельмі важныя суботнія школкі альбо дадатковыя заняткі, дзе беларускія дзеткі могуць сустракацца і бачыць, што яны не адны такія. Адзінку выхаваць можна, але вельмі складана. Таму я заўсёды прасоўвала, каб як мага больш беларускіх дзяцей наведвалі дадатковыя заняткі ў беларускіх школах у розных гарадах — гэта не толькі навука, а таксама сяброўства і захаванне каранёў.

«НН»: Адно з вашых правіл жыцця апошніх гадоў, якім вы дзяліліся — заўсёды знаходзіць час для сябе. Ці прытрымліваецеся вы яго, ці прыходзіцца чымсьці ахвяраваць?

АК: Пакуль у мяне няма ворк-лайф балансу, таму што фактычна вось гэты пераход на «Белсат» супаў з канцом года, а гэта вельмі гарачы час на тэлебачанні.

Калі ёсць вольны дзень, я па магчымасці стараюся пакідаць яго цалкам свабодным і рабіць рэчы, якія мяне напаўняюць, а гэта найперш бег і гатаванне. На Каляды я прыйшла з працы, напякла традыцыйных пірагоў па рэцэпце бабулі, куццю зрабіла — мне гэта вельмі дапамагае. 

Апошні месяц, праўда, атрымлівалася бегаць толькі па нядзелях. Але гэта вельмі неабходна, каб праветрываць галаву. Я і калегам падчас святочнай сустрэчы пажадала, каб яны заўсёды мелі час на сябе, таму што мы мусім заставацца ў рэсурсе і не выпальвацца. Калі ў цябе ёсць тое, што цябе напаўняе, гэта дазваляе працаваць больш эфектыўна і крэатыўна.

Каментары26

  • Алесь
    30.12.2024
    Если честно перестал белсат смотреть. Раньше смотрел я не буду гэта есци,загадки беларусской гистории,двубой и иногда план б.
    Сейчас белсат опустился в моих глазах. Переключился на еврорадио. Люблю стиримы лукашук-фридман и лукашук-кнырович.
    Белорусам пора свой телеканал делать.
  • Siakiera BLR
    30.12.2024
    Балшой театр , большой балет , вялікая пабеда , вялікі сталін
    у беларусау́ калька - вялікая гутарка
    кхххххх
  • Нябуры
    30.12.2024
    13 міл'ёнаў даляраў на няма ведама што!
    Аддайце гэтыя грошы НН: яны са сваёй драбязой нармал кантэнт робяць, а калі дазаправіць - дык увогуле будзе топ.
    І ў адмывалаве не заўважаныя. Пакуль, прынамсі.

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова3

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова

Усе навіны →
Усе навіны

Год беларускай мовы ад Крутога адкладваецца. Будзе Год добраўпарадкавання краіны5

Выбарчая праграма Канапацкай: парламенцкая рэспубліка, забарона люстрацыі, а жанчынам браць шлюб можна з 17 гадоў20

Протас закінуў чарговыя дзве шайбы ў НХЛ. Ён ужо ў топ-50 бамбардзіраў

Яны пайшлі ад нас у 2024 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі14

Лукашэнка ў навагоднім звароце: «Змена пакаленняў завершыцца ў наступныя гады»29

Зяленскі ў навагоднім звароце: Я ўпэўнены, прыйдзе дзень, калі мы скажам «Жыве Беларусь!»23

Навагодні зварот Ціханоўскай быў спалучаны з відэаролікам пра жыццё адной сям'і33

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб25

Пазняк звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай спыніць рэпрэсіі48

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова3

Чыноўнікі прагаварыліся, што ў Беларусі засталося толькі 8,8 мільёна чалавек? Гэта няправільная выснова

Галоўнае
Усе навіны →