Як 2020 год паламаў жыццё Алега Гайдукевіча. Ні сям’і, ні палітычных перспектыў, і толькі той у руцэ
Сумная гісторыя жыцця кандыдата ў прэзідэнты. Але што заслужыў, тое заслужыў, піша Уладзіслаў Волкаў.
Можна лічыць сябе кіраўніком самай вялікай партыі Беларусі, другім па папулярнасці палітыкам краіны, раз за разам удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Але дастаткова было аднойчы неасцярожна выставіць у тэлеграм-канал свой эрагаваны пеніс, як у інтэрнэт-карыстальнікаў Алег Гайдукевіч стаў асацыявацца менавіта з гэтай недарэчнай гісторыяй.
І хіба што яшчэ з заявай «не магу быць прастытуткай», прамоўленай у 2020-м. Улады папрасілі зняцца з выбараў, а ён, нібыта вопытны аратар, разгублена заявіў нешта такое сумбурнае і няўцямнае, што, здаецца, сэнс сказанага не зразумеў і сам.
Для сотняў тысяч беларусаў той самы 2020-ы год стаў рубіконам, падзяліў жыццё на «да» і «пасля». І Алег Гайдукевіч не стаў выключэннем.
Палепшаная версія бацькі
Кім ён быў да 2020-га? Амбітным палітычным папулістам, які падтрымліваў на плыву атрыманую ў спадчыну ад бацькі Ліберальна-дэмакратычную партыю і чакаў акно магчымасцяў, якое калі-небудзь адкрыецца пасля сыходу Лукашэнкі.
Яго бацька Сяргей Гайдукевіч пабудаваў партыю па франшызе расійскага ЛДПР Уладзіміра Жырыноўскага — створанай у якасці псеўдаапазіцыі яшчэ савецкім КГБ, і выкарыстоўваў яе сямейны бізнэс, які дазваляў бязбедна існаваць. Гайдукевіч-старэйшы не лічыў сябе палітычнай фігурай з перспектывамі, а проста гуляў гульню, узгодненую ў спецслужбах.
А вось Гайдукевіч-малодшы вырас нашмат больш хітрым і таленавітым — можа быць, таму, што ягоная маладосць прыпала на творчыя, разняволеныя 90-я, калі ўсё віравала, усё было магчыма, усё мянялася. Захаваць партыю (ці гэта ўсё ж больш бізнэс, чым партыя? Адказ, магчыма, не ведае нават ён сам) — гэта праграма-мінімум. А калі пашанцуе, то можна замахнуцца і на большае — калі-небудзь усур’ёз пазмагацца за сур'ёзную ролю, а то і прэзідэнцкае крэсла. Алег Гайдукевіч вяшчаў з кожнай скрыні і на любую тэму, звяртаючы на сабе ўвагу і прывучваючы людзей да свайго імені. Важная праца на перспектыву.
Народны кандыдат
Яму добра шчоўкнулі па носе ў 2016 годзе. Тады Алег паверыў, што яго прызначаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў — першая прыступка, каб займець хоць нейкую палітычную вагу і ўзняцца хаця б да статусу бацькі. Як раптам у апошні момант зніадкуль на зарэзерваваную для яго акругу спусцілі пасла ў Аўстрыі Валера Варанецкага. Алег Гайдукевіч мог колькі заўгодна харахорыцца і рытарычна пытацца: «Ды хто ведае гэтага Варанецкага?!» Але ён і сам выдатна разумеў, што ў ноч пасля выбараў давядзецца ўцерціся атрыманымі 19% і нават выціснуць з сябе: «Добры дэбют!» Алега ўсё ж пусцілі ў парламент — але толькі ў 2019-м.
Гайдукевіч-малодшы не дазваляў сабе крытыкаваць Лукашэнку (ну хіба што па дробязі), але стараўся пазіцыянаваць сябе як «свой» і для сілавікоў, і для прарасійскага электарату, і нават для прыхільнікаў незалежнасці. Што казаць, нават у канцы 2020 года Алег Гайдукевіч як дэпутат Палаты прадстаўнікоў быў гатовы падпісацца за вызваленне арыштаваных журналістаў! Наўрад ці яго моцна хвалявалі правы чалавека — хутчэй, ён проста разумеў, што можна набраць дадатковыя балы ў вачах незалежных медыя.
У дадатак удавалася дэманстраваць шчаслівае жыццё на фоне пастаральнага краявіду Мінскага раёна. Алег Гайдукевіч, які ішоў у дарослае жыццё без роднай маці, — яна эмігравала ў Германію больш за 30 гадоў таму і мінімальна падтрымлівае адносіны з сынам на адлегласці, — дэманстраваў грамадству сваю ўзорную сям’ю — жонку, дзвюх дачок і нават ката. Вось, здавалася б, надышла гармонія.
Бездапаможнасць і агрэсія
Аднак 2020 год паставіў крыж на ўсім, чым мог ганарыцца Алег Гайдукевіч. Урэшце дайшло і да прыгодаў няшчаснага ката, але ўсё ж першай пайшла пад нож яго ўяўная палітычная шматвектарнасць.
Гайдукевіча без ніякіх сумневаў загналі ў стойла, не пакінуўшы ніякага манеўру. Ён па-ранейшаму гатовы кругласутачна вяшчаць на любую тэму, вось толькі прамаўляць можна толькі тое самае, што і без яго кажа прапаганда. Адзіная магчымасць вылучыцца — пазіцыянаваць сябе нават трошкі больш крыважэрным за Лукашэнку. Атрымліваецца даволі гарманічна — усё ж былы кіраўнік міліцыі Фрунзенскага раёна Мінска — але якая сацыяльная група на тэарэтычных выбарах ацаніла б гэтую істэрыю?
На парламенцкіх выбарах — 2024 нават для Ліберальна-дэмакратычнай партыі (зразумела, у рыторыцы Гайдукевіча няма ні слова ліберальнага і ні слова дэмакратычнага) пакінулі ўсяго чатыры мандаты — найгоршы вынік з усіх партый, якія засталіся на абсалютна выпаленым палітычным полі. Такой жа фіктыўнай Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці выдалі ўдвая больш месцаў у парламенце!
З паплечнікамі таксама было далёка не ўсё гладка. Ні для каго не сакрэт, што доўгі час у ЛДПБ вялі рэй адстаўныя сілавікі і завербаваныя сілавымі структурамі крымінальнікі — добра калі былыя, бо здаралася рознае. Матывацыя ўступаць у партыю цяпер засталася хіба што ў дробных жулікаў, якіх не возьмуць у «Белую Русь» — там усё ж перадусім асяроддзе бюджэтнікаў, — але якім хацелася б мець для статуснасці нейкае пасведчанне. Натуральныя хібы ў такім падборы сяброў партыі ў тым, што іх перыядычна саджаюць за краты.
У 2021 годзе выбухнула гісторыя бізнэсмена Аляксандра Касача, які займаўся арганізацыяй канцэртаў. Заадно ён быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Алега Гайдукевіча. Касачу інкрымініравалі махлярства і карупцыю, налічылі мільён даляраў шкоды. Прысуд — 8,5 года зняволення.
Бос-дэпутат нічым не змог дапамагчы свайму асабістаму памочніку. Упрагацца ў вырашэнне чужых праблем — падстаўляць пад удар сябе. Таму Гайдукевіч адчапіў Касача і паехаў далей. Новага памочніка знайсці не праблема.
Прысуд Касачу быў суровым, але для сяброў ЛДПБ нічога незвычайнага ў гэтым няма. У 2018 годзе за махлярства і карупцыю пакаралі намесніка старшыні партыі Уладзіміра Карунаса. У 2019 годзе судзілі кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі ЛДПБ Сяргея Ярмыкіна.
Смешна, але за некалькі гадоў да пасадкі Касач у інтэрв’ю шчыра абураўся, маўляў, не разумее, чаму ЛДП называюць «партыяй жулікаў і зладзеяў».
Раскіданае гняздо
Але паралельна развіваўся яшчэ больш трагічны сюжэт. Руйнавалася сям’я Гайдукевіча. Жонка Марыя ў 2020-м годзе падтрымала рух супраць дыктатуры.
«Прыбіраць людзей з вуліц не трэба, гэта няправільна. Кожны мае права выказваць свой пункт гледжання. Адкрыю адзін сакрэт: у нядзельным маршы за мір удзельнічала мая жонка. Яна ішла супраць гвалту. Я яе не асудзіў, а падтрымаў», — прызнаваўся Алег Гайдукевіч, калі яшчэ не ведаў, чым скончыцца грамадскае супрацьстаянне. Ён тады не здагадваўся, што на ўсіх удзельнікаў мірных акцый пратэсту будуць заводзіць крымінальныя справы і кідаць у СІЗА. А яму самому давядзецца пераабувацца і падтрымліваць рэпрэсіі.
Марыя Гайдукевіч урэшце развялася з Алегам і з’ехала з Беларусі ў ЗША да сваіх бацькоў. Можа, і да лепшага, іначай бы зараз даводзілася публічна выракацца палітзняволенай жонкі, каб працягваць палітычную дзейнасць.
У дэкларацыі Алега Гайдукевіча за 2023 год няма згадак пра катэдж у Сёмкаве, у якім калісьці жыла сям’я. Гэты дом паспеў трапіць у гісторыю — тут летам 2021 года кадэбісты здымалі сваю пастановачную правакацыю. Натуральна, пры маўклівай згодзе гаспадара — жонкі на той момант ужо не было.
Спецслужбісты тады арганізавалі спробу падпалу катэджа Гайдукевічаў па звыклай схеме — закінулі ў чаты радыкальную ідэю, знайшлі ахвотных яе выканаць. Самі прыдумалі — самі і нейтралізавалі нападнікаў.
Рэальна пацярпелым у выніку застаўся толькі згаданы вышэй кот, у якога абгарэла поўсць. Ён быў адзіным, каго не папярэдзілі пра спектакль.
Сітуацыя магла б цалкам выглядаць анекдотам, калі б не той факт, што 15 наіўных людзей атрымалі рэальныя тэрміны. З іх на свабоду выйшаў пакуль толькі адзін. У астатніх касмічныя тэрміны — да 21 года зняволення.
Дарэчы, ката ў палітыка таксама цяпер няма, ён у выніку застаўся ў жонкі.
Паводле дэкларацыі, у Алега Гайдукевіча засталася з нерухомасці толькі кватэра плошчай 60 м2. Але жыллё не абавязкова мусіць быць аформлена на яго — ён можа жыць і з бацькам. Тым больш у таго, па словах знаёмых сям’і, агромністыя праблемы са здароўем. Кажуць, што сустрэць Гайдукевіча-старэйшага на мерапрыемствах ужо нерэальна. І гэта яшчэ адзін удар па Алегу.
Гайдукевіч ці Канапацкая?
Пакуль усе спарынг-партнёры Лукашэнкі імітавалі збор подпісаў, Гайдукевіч традыцыйна спрабаваў дэманстратыўна выдзеліцца. «Мы сабралі амаль у два разы больш неабходнай колькасці подпісаў», — пахваліўся ён. Няўжо 200 тысяч подпісаў? Не, замест прыгожага ліку чарговы шчаўчок па носе — Цэнтрвыбаркам залічыў яму менш за 135 тысяч са 147 тысяч нібыта сабраных.
…Сумленных апытанняў грамадскага меркавання ў Беларусі не засталося, але палітычны капітал Гайдукевіча бадай ужо скурчыўся да меншых памераў, чым у Ганны Канапацкай — тую хаця б можна паспрабаваць прадаць як уяўную альтэрнатыву з чалавечым тварам. А хто купіць кандыдата з ваўчыным выскалам?
Максімум, чым можа аддзячыць Лукашэнка Гайдукевічу за чарговы ўдзел у выбарчым цырку, — гэта намаляваць яму 3%, а Канапацкай — 2%, а не наадварот. Але і гэта яшчэ трэба заслужыць.
Каментары
настаяшчы белорусс