Сёння авіякампанія «Белавія» прадстаўляла новую форму бортправаднікоў у Мінскім планетарыі, паведамляе БелТА.
Новы вобраз супрацоўнікаў беларускай авіякампаніі распрацоўваўся больш за два гады. Плануецца, што пасажыры змогуць ацаніць новаўвядзенні ўжо ў першых чыслах студзеня.
Як адзначыў генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец, дызайн змяніўся кардынальна. У вопратцы з'явілася больш элементаў вольнага стылю.
«У працэсе абмеркавання абапіраліся на меркаванні бортправаднікоў: стараліся зрабіць форму не толькі прывабнай для пасажыраў, але і зручнай для супрацоўнікаў. Выказвалі дызайнерам і беларускім прадпрыемствам, якія рэалізавалі ідэі, свае пажаданні», — адзначыў Ігар Чаргінец.
У вопратцы пераважаюць сіне-фіялетавыя, а таксама шэрыя колеры.
Ужо ў студзені бортправаднікі прымераць зімовы варыянт формы, а з сакавіка — летні.
Папярэдняе абнаўленне ўніформы адбылося ў кастрычніку 2017 года, калі прэзентавалі вопратку блакітных і сініх адценняў ад брэнда MUA. Да гэтага пілоты і бортправаднікі насілі ўніформу шэрых і сініх колераў з ружовымі і чырвонымі акцэнтамі, прэзентаваную яшчэ ў студзені 2013-га.
Каментары