Паставіліся да фільма 94-гадовага Іствуда як да смецця. А ён узначаліў рэйтынгі
«Juror #2» Клінта Іствуда здзівіў свет. А яшчэ больш — ягонага партнёра, кінакампанію Warner Bros.
Клінт Іствуд (Clint Eastwood) — жывая легенда Галівуда. Ён атрымаў вядомасць дзякуючы вэстэрнам і рэжысёрскім шэдэўрам, сярод якіх «Непрабачаны», «Містычная рака» і «Малышка на мільён».
Як піша польскі партал Onet.pl, апошнія гады для 94-гадовага мэтра былі няпростымі. Дзве яго нядаўнія стужкі, «Richard Jewel» і «Cry Macho», пацярпелі фінансавую няўдачу, не сабраўшы чаканых сродкаў. У выніку кінакампанія Warner Bros. перастала верыць у яго і вырашыла не даваць яго новаму фільму «Juror #2» шырокага пракату ў ЗША ды іншых краінах.
У медыя шырока абмяркоўвалася такое стаўленне да ветэрана рэжысуры: многія лічылі, што студыя павінна была з большай павагай паставіцца да Іствуда, з улікам яго заслуг. Але не гэта зараз самае істотнае.
На дзіва ўсім, «Juror #2» стаў сапраўдным хітом, калі 20 снежня стужка з’явілася на стрымінгавай платформе Max. Крытыкі і гледачы высока ацанілі ідэю ды рэжысёрскую работу. На Rotten Tomatoes рэйтынг складае ажно 93%, а агульная адзнака карыстальнікаў — 91%.
Больш за тое, фільм узначаліў святочныя рэйтынгі праглядаў у 16 краінах, у тым ліку ў ЗША, абагнаўшы нават гучную прэм’еру «Джокер: шаленства на дваіх».
У шэрагу еўрапейскіх краін, у тым ліку ў Францыі, «Juror #2» з’явіўся ў кінатэатрах і зарабіў каля 12 мільёнаў долараў, трапіўшы на 20-е месца самых прыбытковых фільмаў года. Аналітыкі лічаць, што пры больш шырокім пракаце ад Warner Bros. стужка з вялікай верагоднасцю ўжо адбіла б свой 35-мільённы бюджэт.
Сюжэт «Juror #2» разгортваецца вакол Джасціна Кемпа (Нікалас Холт), які становіцца прысяжным у рэзананснай справе аб забойстве. Нечакана герой разумее, што менавіта ён датычны да гібелі ахвяры. Перад ім паўстае цяжкая маральная дылема: альбо маніпуляваць рашэннем сваіх калегаў, каб схаваць удзел у злачынстве, альбо прызнацца і панесці адказнасць.
Акрамя Холта, у фільме здымаюцца такія зоркі, як Тоні Калет, Зоі Дойч, Лэслі Біб, Кіфер Сазерленд і лаўрэат «Оскара» Джэй Кей Сіманс.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары