Ціханоўская ўзнагародзіла прэзідэнта Чэхіі Крыжам добрасуседства
Дэмакратычная лідарка Беларусі сустрэлася ў Празе з прэзідэнтам Чэхіі Пятром Паўлам. Палітыкі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, жорсткія ўмовы ў турмах, а таксама варыянты шматбаковага ціску на рэжым, паведамляе яе прэс-служба.
Асобна Святлана Ціханоўская ўзняла пытанне еўрапейскага выбару Беларусі і заклікала прэзідэнта Чэхіі падтрымаць гэтую ініцыятыву. Напрыканцы сустрэчы беларуская лідарка ўручыла Пятру Паўлу Крыж добрасуседства.
Ціханоўская падзякавала Чэхіі і чэшскаму прэзідэнту за цвёрдую пазіцыю — за падтрымку Украіны і свабоднай Беларусі.
«Самае важнае, што я хацела данесці: нельга адкладваць Беларусь на пасля і пакідаць яе Пуціну як суцяшальны прыз. Вырашэнне крызісу ў рэгіёне павінна быць комплексным і ўключаць у сябе Беларусь. Дэмакратычныя змены ў нашай краіне — інвестыцыя ў бяспеку Украіны і ўсёй Еўропы», — заявіла Ціханоўская.
Яна таксама сустрэлася з міністрам замежных справаў Янам Ліпаўскім, прэзідэнтам чэшскага Сенату Мілашам Выстрчылам і спікеркай парламента Маркетай Пекаравай Адамавай.
Міністра замежных справаў Ціханоўская заклікала разглядзець шляхі вырашэння візавага бану, а менавіта зрабіць выключэнні для спецыяльных групаў, у тым ліку для студэнтаў і сваякоў беларусаў Чэхіі.
Каментары