Як выжыць у хранічнай срацы? Жыццесцвярджальны бестсэлер пра чалавека на Марсе выйшаў па-беларуску
Пра кнігу Эндзі Уіра «Марсіянін» у цудоўным беларускім перакладзе расказвае Зося Лугавая.
«Марсіянін» выйшаў у верасні ў выдавецтве «Гутэнберг» пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў Амерыкі (ABA). Што незвычайна для беларускага кнігавыдання — адразу ў трох фарматах: папяровым, электронным і аўдыя, на любы густ.
У арыгінале кніга выйшла ў 2014 годзе, але яшчэ да гэтага цягам трох гадоў аўтар у вольным доступе выкладваў тэкст па частках раз на некалькі месяцаў. Кніга стала бестсэлерам, а яшчэ больш вядомым за кнігу стаў аднайменны фільм-экранізацыя 2015 года з Мэтам Дэйманам у галоўнай ролі.
«Марсіянін» — гэта навуковая фантастыка, але не банальная, не звычайная ў сваім жанры. Эндзі Уір балансуе на мяжы навуковасці і забаўляльнасці: тэкст захапляльны, поўны дэталяў марсіянскага побыту галоўнага героя і пры гэтым вельмі іранічны, прыпраўлены часам не надта далікатнымі, але трапнымі жартамі.
Падзеі адбываюцца ў недалёкай будучыні, калі тэхналогіі ўжо дазваляюць выпраўляць людзей на Марс. Галоўны герой, Марк Уотні, адзін з шасці астранаўтаў марсіянскай місіі «Арэс-3». З-за пясчанай буры астранаўты вымушаныя датэрмінова скончыць сваю працу на Марсе. Падчас эвакуацыі Марк аказваецца паранены і яго заносіць пяском. Пашкоджаны скафандр перадае камандзе сігнал, з якога ясна: астранаўт не можа быць жывы. Таму капітан Меліса Льюіс прымае рашэнне скончыць пошукі цела і тэрмінова эвакуявацца, каб выратаваць рэшту каманды.
Але Марк не загінуў. Збег абставінаў дазваляе яму выратавацца і паспрабаваць наладзіць быт на Марсе ў чаканні паратунку. Кемлівы, разважлівы, крыху дзівакаваты і з адметным пачуццем гумару, Марк пачынае весці бартавы журнал, які мы і чытаем. Пазней у кнізе з’явяцца раздзелы «з Зямлі» — пра назіранні NASA за Маркам. А яшчэ зрэдчас аўтар будзе ўмешвацца і прадказваць, што далей абудзецца і якія памылкі зробяць Марк, NASA альбо місія Арэс-3, што вяртаецца на Зямлю без Марка. Папраўдзе, яны выглядаюць дзіўнавата: быццам аўтар не здолеў прыдумаць, хто з герояў мусіць усё патлумачыць чытачу, і ўрэшце робіць гэта сам.
У пачатку Марк расказвае, што кожны астранаўт місіі мае падвойную спецыялізацыю. У яго самога асноўная спецыялізацыя — батанік. Гэта дазваляе яму, па-першае, паспрабаваць вырасціць бульбу на Марсе, каб забяспечыць сабе харчаванне, бо таго, што ёсць, не хопіць да прыбыцця наступнай місіі на Марс.
«Адзін ліст прыйшоў з маёй альма-матар, з Чыкагскага ўніверсітэта. Яны напісалі, калі росціш у новым месцы ўраджай, можна лічыць, ты афіцыйна гэтае месца «каланізаваў». Так што тэхнічна я каланізаваў Марс. Выкусі, Ніл Армстранг!»
Другая спецыялізацыя Марка Уотні — інжынер-механік, таму ён актыўна перарабляе на свой капыл хаб, марсаходы і больш дробнае абсталяванне. Сачыць за тым, як ён здабывае ў працэсе небяспечных хімічных рэакцый дадатковую ваду, эксперыментуе з угнаеннем глебы, ладзіць шматдзённыя падарожжы на марсаходзе і наладжвае сувязь з Зямлёй, напраўду захапляльна. Спрактыкаваныя аматары навуковай фантастыкі напэўна ж знойдуць хібы ў тэксце Эндзі Уіра, але такой дылетантцы, як я, часам хацелася пляскаць у ладкі ад амаль дзіцячага захаплення.
Каб чытачы не ператаміліся і не занудзіліся, хімічныя рэакцыі і тэхнічныя апісанні перамяжоўваюцца жыццёвай руцінай і жартаўлівымі рэмаркамі галоўнага героя. Гэта быццам бы класічны прыём, але з радасцю трапляеш на гэты кручок і ўголас смеяшся з грубаватых жартаў Марка, калі ён чарговы раз знаходзіць выйсце з нейкай трасцы.
«Ранішнюю мачу я збіраю ў герметычны пластыкавы кантэйнер. Калі яго адкрываеш, у марсаходзе адразу смярдзіць, як у мужчынскім сарціры ў прыдарожным кафэ… А гной мой яшчэ больш каштоўны. Звышнеабходны матэрыял на бульбяной ферме, і адзіны ягоны вытворца на Марсе — я. На шчасце, калі праводзіш доўгі час у космасе, хутка вучышся сраць у пакет. Калі вы скрывіліся, як я расказваў пра кантэйнер з мачой, уявіце смурод раскрытага пакета з гаўном».
Дык чаму варта чытаць кнігу па-беларуску, нават калі вы ўжо глядзелі фільм ці чыталі кнігу па-расейску? Натуральна, з-за перакладу! Імя перакладчыка на вокладцы — Тодар Сом, і найхутчэй гэта псеўданім. Але як бы там ні было, ён зрабіў выдатную працу. Дзіва, як арганічна ў беларускім «Марсіяніне» гучаць тэхнічныя фрагменты. Падчас прэзентацыі кнігі на фестывалі «Прадмова» выдаўцы агучылі адказ перакладчыка пра цяжкасці, з якімі ён сутыкнуўся, працуючы над тэкстам. Ён адзначыў, што сучаснай касмічнай тэрміналогіі ў беларускай мове па сутнасці няма. Ёсць старая савецкая, якая ўжо не адпавядае цяперашнім тэхналогіям. Таму ён выбраў для сябе шлях адаптацыі сучаснай англамоўнай (амерыканскай) тэрміналогіі, імкнучыся пры гэтым да яе натуральнага гучання ў беларускім тэксце.
Але акрамя тэхнічнай тэрміналогіі, перакладчык выдатна справіўся і з адаптацыяй, напрыклад, лаянкі. Яна ў кнізе сакавітая і вельмі беларуская. Але дзівосным чынам «Каб мяне качкі!», «Я ў срацы» і розныя іншыя «Што ж, бядняк: няма хлеба, еж праснак», «то ж бо!» і «кешкацца» крута характарызуюць тыя нявыкруткі, у якія трапляе герой на Марсе.
«Ну што ж, трасца. Я знайшоў выйсце, толькі… памятаеце, як я паліў у хабе рэактыўнае паліва? Дык вось гэта яшчэ небяспечней. Я збіраюся скарыстаць РТГ. РТГ (радыеізатопны тэрмаэлектрычны генератар) гэта вялізная скрыня плутонію. Але не таго, які выкарыстоўваюць у ядзерных бомбах. Не-не. Гэты плутоній куды небяспечнейшы! Плутоній-238 неймаверна нестабільны ізатоп. Ён настолькі радыеактыўны, што сам па сабе награваецца дачырвана… Нельга было дапусціць скасавання місіі праз забруджанне сонечных элементаў. Патрэбная была надзейная крыніца энергіі. І ў МУА (Марсіянскі ўзлётны апарат) прыдумалі паставіць РТГ. У ім 2,6 кілаграма плутонію-238, якія даюць амаль 1500 ват цеплыні. РТГ трансфармуе іх у 100 ват электраэнергіі… Абагравальніка сто ват мала, але электрычнасць мяне не цікавіць. Мяне цікавіць цяпло. З абагравальнікам на 1500 ват мне давядзецца здзерці ў марсаходзе ізаляцыю, каб не спячыся».
Перад Маркам Уотні будзе некалькі варыянтаў выратавання, усе даволі сумнеўныя, але тое, што падкупляе ў галоўным героі — гэта ўменне разбіваць адну вялікую праблему на падпраблемы і вырашаць іх паступова. Кожны раз, калі здараецца нейкая трасца, Марк канстатуе: «Срака!» Але праз пэўны час аднаўляе свой бартавы дзённік і паведамляе: усё не так кепска, бо я падумаў і зразумеў, што можна зрабіць. Ёсць у гэтым штосьці натхняльнае і жыццесцярджальнае, асабліва для тых, хто ўжо не першы год жыве «ў срацы». І дзе вы яшчэ знойдзеце курс коўчынгу пра выжыванне ў хранічнай срацы па кошце адной кнігі?
У пэўны момант Марк здолее аднавіць сувязь з Зямлёй і атрымае ад NASA інфармацыйную дапамогу. Але даволі хутка яму зноўку давядзецца выжываць сваім розумам, і гэта, напэўна, самае цікавае ў кнізе: жангляванне найскладанейшымі тэхналогіямі і прыладамі разам з амаль прымітыўнымі тэхнічнымі рашэннямі. Марк іранізуе пра малаток, як элегантны метад адаптацыі марсахода пад шматдзённыя выправы. Альбо вось як ён арыентуецца ў прасторы, не маючы падрабязнай мапы і даных ад спадарожнікаў:
«Цяпер я кожную ноч выходжу вонкі з саматужным секстантам і назіраю Дэнеб. Дурасць, калі падумаць. Стаю ў гэтым скафандры пасярод Марса і арыентуюся па інструментах шаснаццатага стагоддзя. Але ж працуе».
«Марсіянін» — гэта кніга пра надзею, прагу да жыцця, уменне не губляць прытомнасці і вытрымкі. Канец, праўда, трохі правальваецца. Але развагі пра ўнутраную дабрыню і схільнасць людзей да ўзаемадапамогі трыгераць. Ці напраўду мы такія харошыя? Ці напісаў бы Эндзі Уір тое самае, калі б на двары быў не пачатак 2010-х, а цяперашні 2024 год? Альбо нашы рэгіянальныя трагедыі занадта маленькія, яны ўсяго толькі дробны эпізод у гісторыі, каб уплываць на агульную веру ў чалавечнасць чалавецтва?
«Кошт майго выжывання, відаць, сягнуў за сотні мільёнаў даляраў. І ўсё для таго, каб уратаваць аднаго прытыранага батаніка. Нашто такі клопат? Ну, добра. Ёсць у мяне адказ. Часткова, мабыць, праз тое, што я ўвасабляю: прагрэс, навуку, міжпланетную будучыню, пра якую мы марылі не адно стагоддзе. Але насамрэч яны ўсё гэта зрабілі, бо ў кожным чалавеку закладзены асноўны інстынкт — узаемадапамога. Часам так і не скажаш, але гэта праўда… Гэта настолькі па-людску, што прыклады можна знайсці ў любой культуры, без выключэнняў. Вядома, хапае і мудакоў, якім пляваць, але іх значна менш, чым тых, каму не… Крута ж, га?»
Крута, Марк. Вельмі хацелася б табе верыць.
Эндзі Уір. Марсіянін. Кракаў: Gutenberg Publisher, 2024. Пераклад з англійскай — Тодар Сом
Каментары