Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
Які можа быць план Трампа для Украіны і да чаго ён прывядзе.
Абвяшчаючы пра сваю перамогу, Дональд Трамп заявіў, што «не збіраецца развязваць войны, а мае намер іх спыніць». Якое ў гэтым кантэксце яго бачанне завяршэння канфлікту ва Украіне? Паспрабуем разабрацца на падставе ранейшых выказванняў палітыка.
Пра тое, што ён збіраецца неадкладна спыніць вайну ва Украіне, як стане прэзідэнтам, Трамп заявіў у сакавіку 2023 года, выступаючы на мітынгу ў Тэхасе.
«Калі я стану прэзідэнтам, то даб'юся гэтага за 24 гадзіны», — запэўніў палітык, але не расказаў, як ён гэта зробіць.
Праз паўтара года пасля таго, у верасні 2024-га, Трамп заявіў, што зможа спыніць вайну яшчэ да таго, як афіцыйна заступіць на пасаду: «Калі мы пераможам, я веру, што змагу ўрэгуляваць гэтую вайну яшчэ ў статусе абранага прэзідэнта, да таго, як заступлю на пасаду», — сказаў Трамп падчас выступлення ў Эканамічным клубе ў Нью-Ёрку. Але зноў не адказаў, як ён гэта зробіць.
Як Трамп плануе скончыць вайну
Прыкладны адказ на гэтае пытанне палітык даў падчас перадвыбарчых дэбатаў з Камалай Харыс. Ён сказаў, што пагаворыць з прэзідэнтамі Расіі і Украіны і звядзе іх разам. Трамп запэўніў, што ведае, як весці перамовы з Пуціным.
Да гэтага ён не раз згадваў, што ў час свайго прэзідэнцтва меў вельмі добрыя адносіны з Пуціным. Пры гэтым стрымліваў яго ад канфлікту з Украінай.
«Мы з Пуціным вельмі добра ладзілі. Нам ніколі не пагражала вайна. Ён бы ніколі не ўлез ва Украіну. Я сказаў: «Не ўлазь ва Украіну», — цытуе Трампа Bloomberg.
Пры канцы кастрычніка ў інтэрв'ю The Wall Street Journal Трамп заявіў, што пагражаў Пуціну ўдарам па Маскве, «проста па тваіх прыгожых купалах», калі той палезе ва Украіну.
Пра тое, што ў выніку перамогі на выбарах ён зможа хутка вырашыць канфлікт паміж Расіяй і Украінай, Трамп заявіў і ў час сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у верасні гэтага года ў Нью-Ёрку. Ён сцвярджаў, што гэтага хочуць як украінскі, так і расійскі лідары.
«Калі я выйграю, мы атрымаем вельмі справядлівы вынік. Сапраўды вельмі хуткую здзелку», — запэўніваў Трамп.
Што з акупаванымі тэрыторыямі Украіны?
Калі перад сустрэчай з Зяленскім у Трампа спыталі, ці пагодзіцца Кіеў на перадачу тэрыторый Маскве, ён адказаў «пабачым, як будуць развівацца падзеі».
Выданне The Washington Post у красавіку гэтага года пісала, што адказ на гэтае пытанне Трамп даваў у прыватных размовах. Так ён гаварыў, што можа націснуць на Украіну і прымусіць яе адрачыся часткі сваіх зямель.
Джэйм Вэнс, будучы віцэ-прэзідэнт, месяц таму расказаў, якім ён бачыць мірны план:
«Трамп сядае і кажа расейцам, украінцам і еўрапейцам: «Вы, хлопцы, павінны вызначыць, як выглядае мірнае ўрэгуляванне». І, імаверна, яно будзе выглядаць прыкладна так, як цяперашняя лінія размежавання паміж Расіяй і Украінай. Гэта стане як дэмілітарызаваная зона. Там паўстануць надзейныя ўмацаванні».
Па словах Вэнса, Расія атрымае гарантыі нейтральнага статусу Украіны па-за НАТА, а Украіна — гарантыю суверэнітэту.
Падобны статус ад 1945 да 1991 гадоў мела Фінляндыя. Яна мела абсалютны суверэнітэт і была нацыянальнай дзяржавай, але пры гэтым трымалася абсалютнай нейтральнасці ў міжнароднай палітыцы. Настолькі, што пасля ўвядзення савецкіх войскаў у Афганістан не галасавала за рэзалюцыю ААН з асуджэннем гэтага кроку.
Нагадаем, што Фінляндыя перад гэтым страціла Карэлію і Выбарг, адціснутыя Савецкім Саюзам у вайне 1939—1940 гадоў. Аднак Сталін не наважыўся паглынуць гэтую краіну, як паглынуў краіны Балтыі, да прыкладу, пасля таго як сутыкнуўся з мужным супрацівам фінскай арміі.
Калі такая «фінляндызацыя» статусу Украіны будзе спалучацца з умацаваннем яе абароназдольнасці і інтэграцыяй яе ў Еўрапейскі саюз, гэта, напэўна, магло б гарантаваць яе мір і развіццё на бліжэйшы час. А моцная Украіна выгадная і Беларусі для балансу сваіх эканамічных і палітычных сувязяў.
Каментары
А як павядзе сабе Пу?
Як " эўразвязаўцы ??
Макрон бачна першы лёг пабег...
І самае Галоўнае ЗСУ частка украінцаў якія як пасля 24 Лютага напружыліся уперліся ..
Яшчэ раз жадаю выбарцам Трампа адчуць на сабе ў сабе свой выбар ..гойда Амэрыка)) ілі як гевен шмэвэн