З дакументаў вынікае, што малады чалавек прайшоў медкамісію ўжо пасля смерці.
Аляксандр загінуў у кастрычніку 2021 года. Ягонае цела з аддзеленай галавой знайшлі на чыгуначных пуцях. Крымінальная справа па факце гібелі 19-гадовага хлопца расследуецца дагэтуль.
Праз два гады следчы запытаў асабістую справу Аляксандра ў ваенкамаце, каб удакладніць звесткі пра стан ягонага здароўя. Выявілася, што, мяркуючы па даных ваенкамата, хлопец на наступны дзень пасля смерці прайшоў медкамісію, піша тэлеграм-канал Baza.
У дакументах пазначана, што ён нібыта скардзіўся на здароўе, хлопцу быццам бы правялі некалькі абследаванняў, ён здаў аналізы, па выніках праверкі было складзена не менш за два акты агляду. Дакументы падпісалі пяць дактароў розных спецыялізацый — і ўсе яны аднагалосна прызналі Аляксандра абмежавана прыдатным да вайсковай службы.
Сваякі хлопца звярнуліся ў пракуратуру з патрабаваннем праверыць дзеянні дактароў на адпаведнасць закону, аднак ужо год чакаюць рашэння следства. Эксперты міністэрства юстыцыі некалькі разоў спрабавалі вызначыць даўніну подпісаў і пячатак у медыцынскіх дакументах, але да гэтага часу не змаглі ўстанавіць іх дакладныя даты.
Як расказалі родныя Аляксандра, да смерці ён нават не атрымліваў позваў. У 2019 і 2021 гадах у дакументах хлопца таксама сустракаліся падазроныя запісы: у розныя перыяды ён нібыта знаходзіўся на абследаваннях у розных бальніцах адначасова.
Сваякі патрабуюць разабрацца, з якой мэтай дактары зрабілі службовую падробку.
Каментары