Грамадства

«З райвыканкамам у нас заўсёды былі канструктыўныя адносіны». Як стаць «экстрэмісцкім фармаваннем», не пішучы пра палітыку

Выданне «Ранак» (тэлебачанне, газета, затым сайт) працавала ў Светлагорску з 1993 года, палітычныя тэмы журналісты стараліся абмінаць, але гэта не ўратавала іх ад рэпрэсій і зняволення. Былы рэдактар «Ранку» ў размове са «Свабодай» расказвае, як гэта стала магчымым.

Улетку 2023 году журналісты светлагорскага «Ранку» сьвяткавалі 30-я ўгодкі выданьня. Над супрацоўнікамі рэдакцыі ўжо хадзілі хмары, але ніхто зь іх ня думаў, што ў жніўні яны стануць «экстрэмісцкім фармаваннем», а ў сьнежні трапяць пад крымінальны перасьлед.

Выданьне пісала ў асноўным на лякальныя тэмы. Былы рэдактар «Ранку» Андрэй Ліпскі кажа, што «палітыка ніколі не была ў фокусе». У 2020-м «Ранак» асьвятляў мітынгі — як пратэсту, так і праўладныя. «Пісалі нэўтральна, не давалі ніякіх камэнтароў ці ацэнак», — узгадвае Ліпскі.

7 чэрвеня 2023 года на Светлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце здарылася трагедыя — пасьля выбуху на вытворчасьці загінулі трое працоўных. «Ранак» першым напісаў пра аварыю, даў фота. На здымках было бачна, як з заводу выцякала атрутная вадкасьць — чорны шчолак.

Праз два дні па дзевяцёх супрацоўнікаў выданьня прыйшла міліцыя. Сайт заблякавалі, сацыяльныя сеткі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Пазьней «экстрэмісцкім фармаваньнем» стаў увесь «Ранак». У сьнежні журналісты выданьня трапілі пад крымінальны перасьлед.

Андрэй Ліпскі прыйшоў працаваць у «Ранак» у 1995 годзе. Адпрацаваў там 28 гадоў. Спачатку «Ранак» быў кабэльнай тэлевізіяй, затым дадалася газэта. 

Праца тэлевізіі пачалася з таго, што прадпрыемства «аблытала» сваімі кабэлямі шматпавярховыя дамы ў Светлагорску і зь відэамагнітафону запускала фільмы — баевікі і камэдыі. Затым пачалі ствараць свае навіны.

«Легенда кажа, што першы выпуск навінаў быў прысьвечаны 8 сакавіка і складаўся з пажаданьняў мужчын сваім жанчынам», — узгадвае былы рэдактар.

«Ранак» разьвіваўся. На канале зьявіліся тэматычныя перадачы, вялікія інтэрвію зь вядомымі людзьмі, зь мясцовымі ўладамі. Пачалася праца над стварэньнем газэты. Бо на той момант у раёне было толькі адно выданьне — дзяржаўнае «Огни коммунизма» (цяпер — «Светлагорскія навіны»).

«Пра альтэрнатыву тады казаць не даводзілася. І дзяржаўныя, і недзяржаўныя выданьні працавалі практычна ў роўных умовах. «Ранак» хутка заваяваў папулярнасьць у гледачоў і слухачоў. Бо мы «хадзілі ў народ», і пасьля крытычных сюжэтаў усё хутка выпраўлялася», — узгадвае Ліпскі.

У горадзе з насельніцтвам 63 тысячы тыраж выданьня ў лепшыя «нулявыя» гады складаў 15 тысяч экзэмпляраў. У раёне жылі каля 85 тысяч чалавек. «Што значыць — практычна палова сем’яў раёну, па нашых падліках, чытала нас», — зазначае Ліпскі.

Канструктыўныя адносіны да 2020 году

З словаў былога рэдактара «Ранку», апалітычнасьці выданьне трымалася прынцыпова. Аднак інцыдэнты ўсё ж здараліся. У 2008 годзе журналістка «Ранку» напісала пра «палітычны» суд у Светлагорску, што адразу ж мела наступствы.

«Мне моцна «прыляцела» ад КДБ, і мы вырашылі, скажам так, быць больш асьцярожнымі», — кажа Андрэй Ліпскі.

Суразмоўца кажа, што зь цягам часу папулярнасьць папяровай вэрсіі выданьня пачала падаць — людзі рынуліся чытаць навіны ў інтэрнэт. У 2019 годзе газэта «Ранак-плюс» спыніла існаваньне. Заставалася тэлевізія, сайт, сацыяльныя сеткі. І нерухомасьць прадпрыемства, якую здавалі ў арэнду. Фінансаваліся за кошт рэклямы і іншых паслуг.

Калі ў Светлагорску, як і іншых гарадах, пачаліся пратэсты, выданьне пісала пра іх.

«Да 2020 году ў нас былі канструктыўныя адносіны з выканкамам. Мы хадзілі на іх паседжаньні, мелі кантакты з чыноўнікамі, міліцыяй, пракуратурай. Раз на тыдзень я разам з калегамі зь «Светлагорскіх навінаў» бываў у намесьніцы старшыні райвыканкаму ў ідэалёгіі. Яна нам даводзіла «парадак дня» — пра што мы мусім напісаць, на што зьвярнуць увагу», — узгадвае Ліпскі.

Але пасьля восені 2020 году чыноўнікі «пакрыўдзіліся» і перасталі адказваць на запыты выданьня. Андрэй Ліпскі ўзгадвае, што чыноўнікі ці ня бралі слухаўку, ці адказвалі: «Ты мне больш не тэлефануй». Журналіст лічыць, што гэта адбылося на асабісты загад тагачаснага старшыні выканкаму Дзьмітрыя Алейнікава. Шмат з кім з кіраўніцтва раёну і гораду ён меў добрыя асабістыя кантакты.

«Алейнікаў заўсёды хацеў «падмяць» «Ранак» пад сябе ці зрабіць так, каб мы пісалі толькі тое, што ён хоча. Як такога не было, то ён меў на нас зуб», — лічыць журналіст.

Чыноўнікі прапанавалі «Ранку» як форму працы пісьмовыя запыты. Але і гэта не дало выніку — журналісты атрымлівалі ці адпіскі, ці «футбол», калі іх адпраўлялі з адной інстанцыі ў другую.

Ліпскі згадвае, як у 2020 годзе тэлефанаваў у прэсавую службу УУС Гомельскага выканкаму і яму спакойна давалі статыстыку аб затрыманых у Светлагорску на пратэстах. У 2022 годзе ў той жа прэсавай службе яму адказвалі зусім іначай:

«Мы вам, «Ранку», ніякай інфармацыі даваць ня будзем, бо вы ўзгадайце 2020 год і якую вы тады занялі пазыцыю. Вось пасядзіце і падумайце», — цытуе былы рэдактар.

Выбух на заводзе

7 чэрвеня на Светлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце здарылася аварыя, жыхары гораду чулі выбух. У рэдакцыю пачалі пісаць людзі, адну з журналістак накіравалі на месца здарэньня. Яна сфатаграфавала, як з заводу выцякае «нейкая вадкасьць». Пазьней вызначылі, што гэта небясьпечны чорны шчолак.

«Журналістка была на прахадной і спыталася, ці можна зайсьці на тэрыторыю, на што атрымала адказ: «Можна толькі на вас нарад міліцыі выклікаць». Мы апісалі тое, што бачылі, чулі ад відавочцаў і сваіх крыніц. Што ляцелі «хуткія», ратавальнікі, што загінулі людзі. Мы выпусьцілі навіну на некалькі хвілін раней за афіцыйнае паведамленьне МНС», — кажа Андрэй Ліпскі.

У кастрычніку 2023 году, спасылаючыся на рашэньне суду, недзяржаўныя СМІ паведамілі, што Светлагорскі ЦКК аштрафавалі на 3,34 мільёна рублёў за парушэньне прыродаахоўнага заканадаўства. Улады тут жа зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю, заявіўшы, што парушэньня не было, а штраф быў за нясвоечасовую падачу дакумэнтаў.

«Ніхто б не даваў такога вялізнага штрафу за тое, што ня ў час падалі дакумэнты. Я лічу, што штраф быў менавіта за тую атруту, якая падчас аварыі выцекла з заводу», — кажа Ліпскі.

Тагачасную дырэктарку «Ранку» выклікалі ў выканкам празь дзень пасьля здарэньня на заводзе. З словаў Андрэя ЛІпскага, размова была вельмі кароткай.

«Задалі простае пытаньне: «Вы з намі ці супраць нас?» Яна (дырэктарка. — РС) мела «нахабства» ці пажартаваць, ці проста вырвалася ў яе, і яна сказала: «Мы наперадзе вас», — узгадвае журналіст.

9 чэрвеня па супрацоўнікаў «Ранку» прыйшлі міліцыянты. Усіх іх абвінавацілі ў падпісцы на «экстрэмісцкія матэрыялы».

«У «Аднаклясьніках» была група, прысьвечаная змаганьню супраць кітайскага заводу ў Светлагорску. Я быў падпісаўся на яе восем гадоў таму і забыўся нават. Бо зь цягам часу яна перастала быць папулярнай, там ніхто нічога не пісаў. У той групе было 14 тысяч падпісантаў. Але прыйшлі менавіта па тых, хто працаваў у «Ранку», — тлумачыць Ліпскі.

Супрацоўнікі выданьня апынуліся ў ізалятары, затым быў суд. Некаторыя атрымалі «суткі» — ад 3 да 7, іншыя — штрафы. Андрэя Ліпскага асудзілі на 7 дзён арышту.

Новы арышт і ўцёкі з краіны

Пасьля выхаду з ізалятару Андрэй Ліпскі пабачыў, што сайт «Ранку» заблякаваны. Прычынай блякаваньня Міністэрства інфармацыі назвала спасылку на «экстрэмісцкі» сайт «Трыбуна» ў адным з архіўных матэрыялаў.

«Журналісты ўвесь час чысьцілі наш сайт, шукалі там «экстрэмізм», выдалялі. Але ж сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» расьце гіганцкімі тэмпамі штодзень! Там жа тысячы назваў, як за ўсім прасачыць?», — кажа Ліпскі.

Пасьля прызнаньня сацыяльных сетак «экстрэмісцкімі» і блякаваньня сайту журналісты «Ранку» мусілі звольніцца з працы. Ліпскі сышоў 14 ліпеня, уладкаваўся ў краму. Кажа, што «пашанцавала», бо хто б хацеў у невялікім горадзе браць на працу «экстрэмістаў». 2 жніўня па журналіста прыйшлі зноў. На гэты раз — ГУБАЗіК і АМАП.

«Прычынай назвалі тое, што нехта там у інтэрнэце абразіў супрацоўніка СК і пагражаў яму сьмерцю. Але пры чым тут я? Міліцыянты сказалі, што гэта магло ісьці з майго профілю. Нейкае трызьненьне. Яны забралі два тэлефоны, абяцалі «разабрацца», — узгадвае Ліпскі. Калі яго прывезьлі ў аддзел, там ужо былі ягоныя былыя калегі з «Ранку».

«Допыт тычыўся адміністраваньня сацыяльных сетак «Ранку». Я тлумачыў, што ня быў адміністратарам, а быў мадэратарам. І гэта было абавязковае дзяжурства як для мяне, так і калег, раз на месяц. Пытаньняў пра «пагрозы забойствам супрацоўніка СК» там не было», — кажа Ліпскі.

У выніку ён зноў апынуўся ў ізалятары за падпіскі на «экстрэмісцкія рэсурсы». Пасьля ночы ў ізалятары быў суд, на якім Андрэй Ліпскі атрымаў штраф. Назаўтра ён сабраў рэчы і выехаў зь Беларусі.

У сьнежні міліцыя зноў прыйшла да былых журналістак «Ранку». Іх затрымалі ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле артыкула «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-1 КК). Журналісткі былі ў ізалятары, пазьней іх адпусьцілі з падпіскай аб нявыезьдзе і «маўчаньні». Міліцыя спрабавала трапіць у кватэру Ліпскага, прасілі ў ягонай маці ключы ад кватэры і пагражалі самастойна ўзламаць дзьверы.

«Што там было далей — я, праўда, ня ведаю. Можа быць, яны і ўзламалі маю кватэру. Цяпер я ня надта перажываю ад гэтага, шчыра кажучы», — кажа былы рэдактар.

«Я думаю, здымкі таго чорнага шчолаку, які выцякаў з заводу — гэта быў «удар пад дых» мясцовай уладзе. Дзьмітры Алейнікаў, тагачасны кіраўнік выканкаму, як я казаў, меў на нас зуб. У 2022 годзе яго адправілі на павышэньне ў Гомель. Ён стаў намесьнікам старшыні аблвыканкаму па ідэалёгіі, то бок куратарам СМІ. Ну вось ён так і «пакіраваў» лёсам «Ранку». Думаю, ня толькі наш матэрыял пра завод прывёў да зьнішчэньня выданьня. Былі розныя фактары, якія паўплывалі на такое разьвіцьцё падзеяў», — лічыць Ліпскі.

Цяпер ён папрасіў палітычны прытулак у адной з эўрапейскіх краінаў. Калегі Андрэя Ліпскага маюць статус падазраваных у крымінальнай справе.

Каментары

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?57

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Усе навіны →
Усе навіны

Збіраць жоўтае лісце, адчуць таямніцы прыроды, паглыбіцца ў гісторыю. Куды паехаць у Беларусі восенню?3

У Беларусі назіраюцца праблемы з інтэрнэтам. Вось што пішуць пра гэта людзі5

У Брэсце заўважылі рэдкі спорткар — такіх было выпушчана ўсяго 4192

У Польшчы хочуць абмежаваць колькасць замежных студэнтаў у ВНУ1

Хто тая жанчына, якая прымае дакументы ў кандыдатаў у прэзідэнты і дзяжурна дакладвае пра сумленнасць выбараў?9

Зіма ўжо блізка! У Мінску заўважылі першых снегіроў1

ЦВК назваў асаблівасць дэкларацый аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты на гэтых выбарах1

Пуцін у снежні прыедзе ў Мінск3

Памёр журналіст Вадзім Доўнар4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?57

Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?

Галоўнае
Усе навіны →