ЦВК назваў асаблівасць дэкларацый аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты на гэтых выбарах
Прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду павінны будуць падаць дэкларацыю аб даходах. Гэта адно з патрабаванняў пры падачы дакументаў на рэгістрацыю кандыдатам, але ў гэтым годзе ёсць нюанс, паведаміў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка.
Дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, Цэнтрвыбаркам будзе прымаць з 7 да 21 снежня.
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, падача дэкларацыі аб даходах тых, хто заявіў аб сваім удзеле ў прэзідэнцкай гонцы, з'яўляецца абавязковым патрабаваннем, як і не менш за 100 тысяч подпісаў у падпісных лістах.
Дэкларацыю аб даходах прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду падаюць заўсёды, але гэтым разам ёсць нюанс. Карпенка растлумачыў, што паколькі чарговыя прэзідэнцкія выбары прызначаны на пачатак 2025 года, а менавіта на 26 студзеня, дэкларацыі аб даходах за папярэдні, 2024 год, яшчэ не будуць гатовы, і падатковыя органы не змогуць іх праверыць і пацвердзіць дакладнасць інфармацыі аб даходах.
«Таму ЦВК прыняла рашэнне, што дэкларацыя будзе падавацца за 2023 год», — сказаў Карпенка.
ЦВК завяршыла рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта – іх сем, уключаючы ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнку. Шасцёра з іх — спойлеры, падкантрольныя Лукашэнку.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года.
Каментары