«Сказаць, што мы нешта забаранялі — не». Чыноўнікі выказаліся адносна забароны ў школах песень на замежных мовах
Днямі на падставе сваіх крыніц у сістэме адукацыі выданне BG.Media паведаміла, што ў брэсцкіх школах забараняюць на ўсіх школьных мерапрыемствах выконваць і ўключаць песні на замежных мовах. Выданне «Люстэрка» даведалася некаторыя падрабязнасці.
Каб разабрацца ў сітуацыі і ўдакладніць, ці сапраўды ёсць такая забарона, журналістка «Люстэрка» як мама школьніка патэлефанавала ва ўпраўленне адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста.
Там удакладнілі, што
распараджэнне аб тым, каб «не гучалі песні на замежнай мове», тычыцца толькі лінеек. На мерапрыемствах, дзе падымаюць сцяг і гучыць гімн, «павінны быць і нашы беларускія песні», сказалі ў ведамстве, падкрэсліўшы, што гэта элемент патрыятычнага выхавання.
«Гэта не наша распараджэнне, гэта сказала Галоўнае ўпраўленне адукацыі [Брэсцкага аблвыканкама], — патлумачыла суразмоўца з упраўлення, спаслаўшыся на тое, што ініцыятар усяго — Міністэрства культуры. — Я не ведаю, з чым гэта звязана. Мы ў дзяржаўнай установе адукацыі».
Па словах чыноўніцы, такая навіна закранула лінейкі па ўсёй краіне. Яна таксама распавяла, што
атрымала ў Галоўным упраўленні адукацыі Брэсцкага аблвыканкама «мелодыі», якія «могуць гучаць» на лінейках, і разаслала іх па школах. Гэта кампазіцыі на беларускай і рускай мовах.
На пытанне, а ці могуць кампазіцыі на замежнай мове ўключаць на школьных дыскатэках, яна адказала: «На дыскатэцы можа быць».
— А на ўроках? Падчас заняткаў англійскай настаўніца раздрукоўвала тэксты песень і дзеці падпявалі, каб лепш засвоіць фанетыку.
— Пра гэта не магу вам сказаць. Ёсць метадыст, але наогул міністр нядаўна казаў пра тое, што культуру замежнай дзяржавы на ўроках англійскай мовы вывучаць не павінны. Толькі культуру і традыцыі беларускай дзяржавы на замежнай мове.
Насамрэч пра гэта нядаўна казаў не сам міністр Андрэй Іванец, а ягоны намеснік Аляксандр Кадлубай.
У аддзеле адукацыі Брэсцкага гарвыканкама, куды адносіцца ўпраўленне адукацыі Маскоўскага раёна, пытанню «Люстэрка» аб тым, ці не забароняць на ўроках англійскай мовы ўключаць песні на замежнай мове, здзівіліся.
«Вы ж не будзеце англійскую па-руску вывучаць, праўда?» — задалі рытарычнае пытанне ў аддзеле.
Пра забарону ўключаць на мерапрыемствах песні на замежнай мове там паведамілі, што нічога, маўляў, не ведаюць.
У аддзеле ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры, куды «Люстэрка» таксама патэлефанавала ад імя бацькоў школьніка, некалькі разоў падкрэслілі, што ні пра якія забароны гаворка не ішла.
«У нас быў пратакол, згодна з якім Міністэрства культуры павінна было ў пэўныя тэрміны пераслаць рэкамендаваны пералік аўдыяфайлаў патрыятычнай накіраванасці, у тым ліку гімна Рэспублікі Беларусь, для выкарыстання на ўрачыстых мерапрыемствах. Міністэрствам культуры гэты пералік быў складзены і ў якасці рэкамендацый накіраваны ў Мінадукацыі.
У адпаведнасці з пратаколам далей, напэўна, ён быў разасланы ва ўстановы [адукацыі] альбо ўпраўленні для выкарыстання ў працы, — патлумачылі ў ведамстве і ўдакладнілі: — Гэта была спасылка на пэўнага роду патрыятычныя песні, беларускія ў асноўным, для выкарыстання на мерапрыемствах.
Сказаць, што мы нешта забаранялі — не. Мы проста накіроўваем спісы рэкамендаваных [кампазіцый] для выкарыстання на ўрачыстых мерапрыемствах».
— Ці можа гучаць замежная музыка на дыскатэках?
— Замежная музыка можа гучаць і на [школьных] канцэртах, калі яна, скажам так, годнага зместу. Музыка музыцы не роўная, і словы ў перакладзе таксама могуць быць рознымі.
На думку прадстаўніцы Мінкульта, патрыятычныя мерапрыемствы, да якіх адносіцца і лінейка, — гэта мерапрыемствы ідэалагічнай накіраванасці, таму «хочацца, каб там выкарыстоўваліся» беларускія песні «пра Радзіму, патрыётыка».
«Мы прапануем пэўныя файлы, а далей аддаецца на меркаванне адміністрацыі, дзе, куды і якія [выкарыстоўваць]. Зразумела, што дзеці спяваюць розныя песні, з імі працуюць педагогі розных напрамкаў, у нашых установах мы вывучаем выкананне на розных мовах. Гэта прадугледжана праграмай, — сказалі ў міністэрстве. — Калі гэта ўсё ў перакладзе не мае нейкага негатыву, значыць, усё нармальна».
Каментары