Культура1111

Розныя фунты, дзіўная, але смачная ежа і хайвэй для вожыкаў. Чытач дзеліцца ўражаннямі ад паездкі ў Вялікабрытанію ФОТЫ

«London is the capital of Great Britain» — гэтую фразу і яе працяг на памяць ведае амаль кожны беларус. Дзякуючы ўрокам англійскай мовы мы добра знаёмыя са славутасцямі і асаблівасцямі гэтай няблізкай дзяржавы. А якая яна знутры? Чытач «Нашай Нівы» пабываў у Брытаніі і дзеліцца сваімі назіраннямі.

Сабор Святога Паўла ў Лондане. Фота: «Наша Ніва»

Арганізацыйныя пытанні

Атрымаць брытанскую візу можна ў Мінску праз візавы цэнтр (аналагічныя ёсць у шматлікіх краінах). Каштуе яна 100 фунтаў, дадаткова трэба будзе заплаціць за паслугі цэнтра. Першая віза выдаецца стандартна на паўгода, паўплываць на гэта немагчыма. Чакаць разгляду дакументаў трэба каля сямі тыдняў.

Варта ўлічваць, што толькі з брытанскай налепкай у пашпарце трапіць туды з Беларусі праз Еўропу не атрымаецца — патрэбны і шэнген. Таму ўладальнікам еўрапейскіх віз і дазволаў на жыхарства падарожжы ў Брытанію больш даступныя, бо існуе шмат танных пералётаў як у Лондан, так і ў іншыя гарады.

Спачатку глядзі направа, потым — налева

Аўтобусы і таксі на левым баку праезнай часткі. Фота: «Наша Ніва»

Першая асаблівасць, якая кідаецца ў вочы амаль адразу пасля выхаду з аэрапорта, — левабаковы рух транспарту. У кантынентальнай частцы Еўропы такой з'явы няма, яна засталася толькі ў Вялікабрытаніі, а таксама на Мальце і ў Ірландыі — былых брытанскіх калоніях.

Гэта значыць, што пры пераходзе дарогі трэба спачатку паглядзець направа, а потым — налева. У Лондане, дзе сотні тысяч замежных турыстаў, парады, куды круціць галавой, напісаныя проста на асфальце ля пешаходных пераходаў.

Яшчэ адна асаблівасць — як брытанцы пераходзяць дарогу. На вузкіх вуліцах яны не чакаюць зялёнага сігналу святлафора. Яны прапускаюць паток машын і ідуць. Для беларусаў гэта нязвыкла, але праз некаторы час пачынаеш рабіць гэтаксама.

На гэтым фота можна заўважыць парады на асфальце, а таксама мужчыну, які перайшоў дарогу на чырвонае святло. Фота: «Наша Ніва»

Іншыя разеткі і асобныя краны для гарачай і халоднай вады 

Транспартам асаблівасці, якія могуць падацца дзіўнымі, не абмяжоўваюцца. Калі вы захочаце падзарадзіць тэлефон, вам гэта не ўдасца. Бо ў Брытаніі і шматлікіх брытанскіх калоніях свой стандарт разетак.

Разетка і вілка стандарту BS 1363. Фота: Reddit

У хостэлах і гасцініцах звычайна можна папрасіць перахаднік на рэцэпцыі. Таксама яны прадаюцца ў турыстычных крамах, але варта быць пільнымі, каб не купіць перахаднік з брытанскага тыпу на еўрапейскі.

У ванных пакоях большасці брытанскіх дамоў вы знойдзеце два краны — асобна для гарачай і халоднай вады. Гэта абумоўлена традыцыямі: халодная вада ў дамы падавалася цэнтралізавана, а гарачая — з уласных бойлераў, якія звычайна размяшчаліся на гарышчы. 

Два краны ў брытанскім доме. Фота: «Наша Ніва»

Гарачая вада ў баках праз некаторы час станавілася непрыдатнай для піцця, таму па нормах яе трэба падаваць асобна ад халоднай. Праз гэта і ўсе нязручнасці.

Таксама ў ванных пакоях вы не знойдзеце разетак, а святло ўключаецца толькі шнурком, а не выключальнікам. Такія правілы бяспекі.

Яшчэ адзін цікавы момант — гэта мноства смеццевых бакаў перад дамамі. Брытанцы сарціруюць смецце, але перад кожным домам не стаіць па адным кантэйнеры для кожнага тыпу (як бывае ў нас) — па тры бакі мае кожны дом. Таму ўваходы часта застаўленыя сметніцамі. Праз шчыльнасць архітэктуры іх схаваць бывае проста няма дзе. 

У гэтым выпадку да бакаў хтосьці прывалок і непатрэбную канапу. Фота: «Наша Ніва»

Гэтыя асаблівасці ствараюць уражанне, што ты знаходзішся ў нейкім далёкім месцы, а не ў еўрапейскай краіне.

Як паразумецца з гэтымі ветлівымі людзьмі?

Нават у чалавека з самым дасканалым веданнем англійскай мовы ў Вялікабрытаніі будуць праблемы. У Англіі ў меншай ступені, а вось шатландцаў, валійцаў і ірландцаў зразумець — задача з зорачкай.

З гэтым ёсць праблемы і ўнутры краіны. Класічны прыклад — гэты гумарыстычны ролік, дзе шатландцы не могуць вымавіць слова eleven (адзінаццаць), каб скарыстацца ліфтам.

І яшчэ: брытанцы вельмі ветлівыя. Часам празмерна. З вамі абавязкова павітаюцца ў нялюдным месцы, а таксама папросяць прабачэння, нават калі вы камусьці наступіце на нагу. 

Свае мовы і свае грошы

Акрамя англійскай, у кожнай частцы Вялікабрытаніі ёсць свае мовы: гэльская ды скотс — у Шатландыі, валійская — ва Уэльсе і ірландская ды ольстэрска-шатландская — у Паўночнай Ірландыі.

На гэльскай мове дублююцца надпісы на чыгунцы ў Шатландыі. Фота: thescottishsun.co.uk

Таксама тром шатландскім банкам і чатыром у Паўночнай Ірландыі дазволена выпускаць фунты стэрлінгаў са сваім дызайнам. Праз гэта іх часам называюць шатландскімі і паўночнаірландскімі фунтамі. Гэтай традыцыі сотні гадоў, а брытанцы настолькі вялікія аматары традыцый, што нешта мяняць не бачаць сэнсу.

Шатландскія фунты. Фота: bbc.co.uk

Калі ў вас пасля падарожжа засталіся купюры, трэба быць пільным: далёка не ўсе банкі могуць прыняць фунты з Шатландыі і Паўночнай Ірландыі.

Гастранамічныя асаблівасці

Брытанская кухня не мае рэпутацыі вытанчанай, а на экспарт у асноўным пайшлі піўныя пабы. Жыхары вострава традыцыйна елі тое, што вырошчвалі самі. Ужо пазней уплыў на брытанскую кухню зрабіла каланіяльнае мінулае: у ёй, напрыклад, з'явіліся індыйскія стравы і спецыі.

Ежа, якую гатуюць у брытанскіх кафэ, звычайна маласалёная і нескладаная. У рэгіянальнай кухні, у прыватнасці шатландскай, шмат страў з простай гародніны (кшталту пюрэ з бручкі) ці субпрадуктаў, як хагіс — традыцыйная страва з вантробаў. 

Мяркуючы па асартыменце ў супермаркетах, брытанцы — невялікія аматары гатавання — яны любяць купляць супы ў бляшанках, гатовыя стравы, якія трэба толькі разагрэць, а таксама гіганцкія эканомныя ўпакоўкі. А вось чаю, насуперак стэрэатыпам, у звычайных крамах выбар небагаты — звычайны ў пакеціках.

У брытанскіх крамах шмат кансерваванай прадукцыі Campbell's, якую праславіў Эндзі Уорхал. Фота: «Наша Ніва»

І яшчэ парада: некаторыя назвы ежы маюць іншае значэнне ў Брытаніі. Ролам называюць звычайную булачку, чыпсы (chips) — гэта бульба фры (звыклыя нам снэкі называюцца crisps), а за словамі pudding ці black pudding можа хавацца крывянка. 

What's more?

Набываючы квіткі на транспарт унутры Брытаніі ці, напрыклад, у музей, варта ўлічваць імавернасць трапіць на забастоўку. Звычайна пра яе папярэджваюць загадзя, але адмена цягніка ці абмежаваны ўваход у музей можа застаць знянацку.

Панарама Эдынбурга. Фота: «Наша Ніва»

У брытанцаў сваё асаблівае стаўленне да смерці. Можна сустрэць шмат мемарыяльных таблічак проста на лавачках. Ёсць асобныя сады, дзе людзі садзяць дрэвы як памяць пра сваіх блізкіх.

Многія аўтобусныя прыпынкі павернутыя ў бок тратуара. Гэта ахоўвае пасажыраў ад пырскаў, ветру і магчымага вылету аўто з дарогі.

Прыпынак у Брытаніі. Фота: «Наша Ніва»

На вуліцах брытанскіх гарадоў складана пабачыць электрасамакаты. Гэты папулярны від транспарту дазволены далёка не паўсюль, а агульнай палітыкі наконт скутараў дагэтуль няма. Таму іх проста не спяшаюцца легалізоўваць.

Затое можна пабачыць розную мілую дробязь. Напрыклад, знак «хайвэй для вожыкаў» над дзіркай у плоце.

Хайвэй для вожыкаў. Фота: «Наша Ніва»

Не адным Лонданам

Самае незвачайнае адкрыццё пасля наведвання Брытаніі — Лондан уражвае ўжо значна менш, чым іншыя мясціны. За школьныя гады вывучэння англійскай мовы карцінкі з Букінгемскім палацам, Таўэрам і Трафальгарскай плошчай, напэўна, замыльваюць вочы, таму гэтыя славутасці не пакідаюць моцных уражанняў.

Больш захапляюць мясціны, ад якіх ты шмат не чакаеш. А сапраўдныя жамчужыны можна знайсці нават у правінцыі. Напрыклад, першы ў свеце суднапад'ёмнік у гарадку паміж Эдынбургам і Глазга. А сталіца Шатландыі проста must-see для фанатаў Гары Потэра.

Суднапад'ёмнік. Фота: «Наша Ніва»

Падарожжы пашыраюць светапогляд і ўзбагачаюць нас успамінамі, знаёмствамі і жыццёвым досведам. Калі ў вас ёсць магчымасць, то абавязкова вандруйце, і, магчыма, гэты невялікі гайд вам дапаможа. Cheers!

Каментары11

  • ЯНКА
    06.08.2023
    🔸«У ванных пакоях большасці брытанскіх дамоў вы знойдзеце два краны — асобна для гарачай і халоднай вады. Гэта абумоўлена традыцыямі: халодная вада ў дамы падавалася цэнтралізавана, а гарачая — з уласных бойлераў, якія звычайна размяшчаліся на гарышчы. Гарачая вада ў баках праз некаторы час станавілася непрыдатнай для піцця, таму па нормах яе трэба падаваць асобна ад халоднай. Праз гэта і ўсе нязручнасці.» 🔸 Вось што трэба ўжываць, каб даваць гэткія глупыя тлумачэньні?! 🔸
  • беня
    06.08.2023
    в тадж-махале до сих пор дырки от камней, которые англичане спионерили. Рацион питания обычный - утром пинта пива с маринованным яйцом, днем фиш энд чипс, вечером полбутылки глефендиша с парой колёс. НО. Советских все не любят и боятся. Беларусь для всех их экзотика, ассоциируется с ГУЛАГом...
  • Спадар
    06.08.2023
    беня ,Бязглузды комент ад "сушчаства" якое николи не было и не жыло у Англии!;)))) 

У Мінску затрымалі партнёраў Мазепіна па «Уралкаліі», адных з самых багатых беларусаў Расіі4

У Мінску затрымалі партнёраў Мазепіна па «Уралкаліі», адных з самых багатых беларусаў Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхароў расійскіх рэгіёнаў масава выстройвалі ў надпісы ў гонар 72-годдзя Пуціна12

У жодзінскай паліклініцы абвяргаюць, што ў іх у рэгістратуры памёр мужчына5

Беларус, які галадаў у Клайпедзе з-за немагчымасці вывезці аўтамабіль, цяпер пратэстуе за акіянам19

У Турцыі выкрылі буйное махлярства з замежнымі турыстамі. Іх возяць па славутасцях, якіх не існуе1

МНС папярэдзіла пра магчымыя 12-гадзінныя перабоі з выклікамі экстранных службаў1

За апошні год у Ізраіль рэпатрыяваліся 795 грамадзян Беларусі8

Лукашэнка падпісаў указ, які дазваляе збіваць дроны любым сілавікам16

Жазэп Барэль ведае, як скончыць вайну ва Украіне за два тыдні. Але гэта не ягоны варыянт4

Чаму кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі загаварыў пра беларускую мову?13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску затрымалі партнёраў Мазепіна па «Уралкаліі», адных з самых багатых беларусаў Расіі4

У Мінску затрымалі партнёраў Мазепіна па «Уралкаліі», адных з самых багатых беларусаў Расіі

Галоўнае
Усе навіны →