У Расіі мабілізаваны пяць разоў збягаў з вайсковай часткі — хаваўся ў дзяўчыны, у мамы і ў вёсцы ў гурках
Мужчыну штораз знаходзілі і вярталі, але ён не здаваўся.
У Расіі мабілізаваны пяць разоў збягаў з вайсковай часткі. У выніку яму далі рэальны тэрмін.
30-гадовы масквіч Алег (імя зменена) да абвяшчэння так званай частковай мабілізацыі восенню 2022 года працаваў зваршчыкам. Да гэтага ён адслужыў тэрміновую службу ў часцях СПА і нядоўга служыў па кантракце. Атрымаўшы позву па мабілізацыі, Алег пайшоў у ваенкамат без роздумаў, паведамляе Baza.
З вайсковай часткі яго спачатку забралі на вучэнні ў Пецярбург, потым вярнулі ненадоўга ў частку і адправілі эшалонам у прыфрантавую Белгарадскую вобласць.
У ваенкамаце Алега запэўнівалі, што мабілізаваных адпусцяць дадому пасля трох месяцаў вучэнняў. Гэтага, аднак, не адбылося, і Алег вырашыў збегчы. Ён пакінуў частку, узяў таксі і паехаў дадому. Хаваўся хлопец на здымнай кватэры з дзяўчынай, але неўзабаве па яго прыйшлі вайскоўцы і забралі яго назад у частку. Як распавядаюць бацькі, Алега здала яго дзяўчына.
У кастрычніку мабілізаваны зноў змог збегчы з часткі і схаваўся дома, дзе яго пазней знайшла вайсковая паліцыя. У канцы студзеня Алег арганізаваў новы ўцёкі. У гэты раз ён вярнуўся ў частку сам пасля ўгавораў маці. У частцы хлопец прабыў усяго месяц, яго трымалі ў асобным пакоі. Але Алег нейкім чынам прыкаваў днявальнага да батарэі і зноў уцёк.
Злавілі Алега праз некалькі месяцаў у адной з вёсак, калі хлопец саджаў агуркі. Да яго падышлі супрацоўнікі вайсковай паліцыі, спыталі: «Вы Алег Паўлаў?» (прозвішча і імя змененыя). Той адказаў: «Ніяк не», — паказаў на суседні дом і ўцёк. Паліцыянты зверылі яго асобу з фота, пераканаліся, што гэта ўсё ж ён, і схаваліся ў кустах каля дома. Да ночы Алег вярнуўся — там яго і затрымалі.
У жніўні хлопцу зноў удалося збегчы з вайсковай часткі ў Маскве: ён папрасіўся выйсці ў прыбіральню і, скарыстаўшыся тым, што каравульны не прасачыў за ім, уцёк праз акно. Калі сталі шукаць, знайшлі толькі след ад яго абутку на падаконніку.
У гэты раз Алег знайшоўся хутка па збегу абставінаў. Ён паехаў на таксі, але воляй выпадку менавіта гэты аўтамабіль вырашылі праверыць інспектары ДАІ на выездзе з Масквы. У мабілізаванага з сабой не было дакументаў, але па прозвішчы, імя яго знайшлі ў базе вышуку, а затым вярнулі ў частку.
17 верасня вайсковы суд прысудзіў мужчыну да 7,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Алег плануе аспрэчваць пастанову, а пакуль утрымліваецца ў адным з СІЗА Масквы.
Каментары
Памагай Бог!