Новы таннейшы і прасцейшы тэст дае вынікі менш чым за гадзіну і можа замяніць сучасныя метады, якія займаюць да сутак і больш.
Бактэрыі сальманелы — адна з найбольш распаўсюджаных крыніц харчовых захворванняў. Хоць большасць выпадкаў праходзяць самі (хоць і з вельмі непрыемнымі сімптомамі) і не патрабуюць лячэння антыбіётыкамі, аднак сустракаюцца і смяротныя выпадкі. Да таго ж, у апошнія гады становіцца сур'ёзнай праблемай супербактэрыя Salmonella, пры заражэнні якой лячыць або прадухіляць цяжкія выпадкі становіцца яшчэ складаней.
Штамы сальманелы, якія выклікаюць хваробы ў людзей, у вялікай колькасці сустракаюцца як у дзікіх, так і ў свойскіх жывёл, асабліва ў курэй. І хоць вытворцы харчовых прадуктаў рэгулярна правяраюць сваю прадукцыю на наяўнасць сальманелы і іншых харчовых мікробаў, бягучыя лабараторныя тэсты звычайна займаюць дзень ці больш.
Даследчыкі з McMaster University ў канадскім Антарыё кажуць, што іх тэст наступнага пакалення можа аказацца значна больш хуткім і простым у выкарыстанні. Навукоўцы сцвярджаюць, што іх танны і прасцейшы метад можа выявіць бактэрыі цягам усяго адной гадзіны і з меншай колькасцю неабходных прылад, чым нават звычайны хатні тэст на кавід. Метад можа быць выкарыстаны як перапрацоўшчыкамі птушкі, так і вытворцамі ежы.
Канадскія даследчыкі стварылі сінтэтычную малекулу, якая ўзаемадзейнічае з бактэрыямі. Малекула гэтая запакаваная паміж мікраскапічнымі часціцамі з такіх матэрыялаў, як золата, тлумачыць Gizmodo. Калі заражаны звадкаваны ўзор ежы ўступае ў кантакт з тэстам, адзін з бактэрыяльных ферментаў сальманелы рэагуе на яго і разразае ўпакоўку, разліваючы малекулу ў вадкасць.
Затым вадкі ўзор змяшчаецца на спецыяльна падрыхтаваную папяровую палоску, і, дзякуючы спецыяльнаму біядатчыку (таксама створанаму даследчыкамі), малекула прымусіць любую забруджаную вадкасць афарбоўваць паперу ў чырвоны колер менш чым за гадзіну. Чым чырванейшы колер, тым больш забруджаная ежа. Высновы каманды з падрабязным апісаннем іх тэсту былі апублікаваныя ў часопісе Angewandte Chemie.
Хоць куры, бадай, самая вядомая крыніца заражэння сальманелай, новы тэст павінен быць у стане выявіць бактэрыі і ў ялавічыне, малочных ды іншых уразлівых харчовых прадуктах, кажуць навукоўцы. Натуральна, камандзе спатрэбяцца дадатковыя даследаванні і распрацоўкі для пацвярджэння эфектыўнасці тэсту і яго маштабавання. Так, каманда ўжо атрымала фінансаванне ад некамерцыйнай даследчай арганізацыі Mitacs, а таксама Toyota Tsusho Canada Inc. з перспектывай далейшай камерцыялізацыі вынаходніцтва.
Каментары