Эканоміка55

Па што цяпер ездзяць на закупы ў Польшчу і Літву і колькі трэба патраціць, каб дарога акупілася

Што купіць на рынках і ў крамах Польшчы і Літвы і ці можа Вільня замяніць Беласток? Беларусы, які працягваюць ездзіць на закупы, падзяліліся досведам.

Вільня замест Беластока

Для Кацярыны паездкі на закупы ў Польшчу былі звычайнай справай пачынаючы ад пачатку «дзясятых», калі яна атрымала «карту паляка», якая дазваляе без праблем адкрываць візу.

«Да з'яўлення кавідных абмежаванняў мы разам з сяброўкай не радзей чым раз на 1—2 месяцы ездзілі ў Беласток. Куплялі там літаральна ўсё: ад адзення і бытавой хіміі да прадуктаў харчавання і электратэхнікі. У залежнасці ад патрэб дабіраліся туды маршруткай або на аўто», — згадвае жанчына. 

Пасля зняцця кавідных абмежаванняў гродзенка аднавіла паездкі ў Польшчу. Праўда, за гэты час закрылі прапускны пункт «Брузгі», таму дабірацца да Беластока стала крыху складаней. 

«Першыя разы ездзілі праз «Баброўнікі», але там пачалі збірацца вялікія чэргі, таму паспрабавалі ездзіць праз «Прывалку». Чэргі там звычайна меншыя, але адлегласць да Беластока павялічвалася. Аднойчы, каб не марнаваць час на дарогу, сяброўка прапанавала наступным разам паехаць на закупы не ў звыклы нам Беласток, а ў Вільню. Паспрабавалі і нам спадабалася, хоць першыя два-тры разы было крыху нязручна, бо ў Беластоку я ўжо дакладна ведала, дзе што шукаць, а тут усё новае і невядомае», — кажа Кацярына.

Па назіраннях жанчыны, збольшага цэны ў Польшчы і Літве аднолькавыя, хоць па некаторых пазіцыях Польшча выйграе.

«Па маіх назіраннях, у Літве крыху даражэйшыя прадукты харчавання і бытавая хімія польскай вытворчасці. Таксама для выгадных закупаў у Літве абавязкова трэба мець дысконтныя карткі такіх крам, як «Максіма» і «Сенукай». У літоўскіх крамах па акцыйных цэнах амаль заўжды можна знайсці каву, бытавую хімію, туалетную паперу, аліву». 

«У Вільні, у адрозненне ад Беластока, ёсць велізарная IKEA»

З часам жанчына знайшла ў Вільні аналаг рынку «Фасты» ў Беластоку, дзе прадаюць тавары дробным оптам па прывабных цэнах. Ён знаходзіцца па вуліцы Кіртыму (Kirtimu).

«Асартымент і цэны там плюс-мінус такія самыя, як і на «Фастах», а вось з беларускімі іх лепей нават не параўноваць. Асабліва калі казаць пра бытавую хімію. Напрыклад, патрэбныя мне таблеткі для пасудамыкі ў нас каштуюць роўна ўдвая больш».

Па словах суразмоўцы, у Вільні ёй таксама спадабалася, што там, у адрозненне ад Беластока, ёсць велізарная крама IKEA.

«Там я купляла коўдры, пасцелі, розныя дробязі для кухні і невялікія прадметы мэблі. Ікееўскія тавары ў Беларусі прадаюць толькі дробныя прадпрымальнікі, але выбар у іх не параўнаць, ды і цэны ў два разы вышэйшыя, чым у Літве».

«Выбар брэндаў не параўнаць»

Сярод іншага Кацярына купляе ў Літве шмат адзення. 

«Натуральна, што цэны значна ніжэйшыя, чым у Беларусі, ды і выбар брэндаў не параўнаць, асабліва пасля таго, як ад нас сышлі H&M і іншыя брэнды». 

Жанчына кажа, што, нават нягледзячы на тое, што некаторыя пазіцыі ў Польшчы каштуюць крыху танней, чым у Літве, яна не бачыць сэнсу накручваць лішнія кіламетры, каб патрапіць у Беласток.

«З улікам таго, што розніца ў цэнах неістотная, то выдаткі на паліва хутчэй за ўсё змарнуюць усю эканомію. Цяпер самы кароткі шлях да Беластока ўсё адно ляжыць праз Літву.

Ехаць трэба праз «Прывалку», але там цяпер амаль заўжды вялікія чэргі. Калі бачу, што чарга вялікая, то ў Вільню еду праз Ліду. Розніца ў кіламетражы невялікая, але калі такім шляхам ехаць у Польшчу, то атрымаецца пад 1000 кіламетраў у абодва бакі. Гэта дорага і фізічна складана.

На маю думку, як мінімум да адкрыцця «Брузгоў» і «Бераставіцы» пра Беласток можна забыцца. А яшчэ зручна, што ў Літве ўсе крамы працуюць у нядзелю, таму туды неабавязкова ехаць толькі ў суботу. Пры жаданні можна пераначаваць і правесці там цэлыя выхадныя. Мы так ужо аднойчы рабілі, за гасцініцу заплацілі 45 еўра на дваіх».

Жанчына лічыць, што каб паездка мела сэнс з эканамічнага пункту гледжання, то трэба выдаткаваць на закупы не менш за 200 еўра. 

«У мяне звычайна выходзіць каля 200—300 еўра, а калі трэба набываць шмат адзення, то і 500—600 можа атрымацца. Натуральна, што пры павелічэнні сумы выдаткаў расце і эканомія. Выдаткі на страхоўку, падатак за выезд за мяжу і паліва мы з сяброўкай дзелім на дваіх. Атрымліваем прыблізна па 50 еўра на чалавека. Гэта тое самае, што ехаць маршруткай, але на ўласным аўто больш камфортна». 

польский злотый

«Закупіліся на 2000 даляраў»

Сяргей разам з жонкай і двума дзецьмі звычайна выбіраецца на закупы ў Польшчу раз на сезон. Мужчына кажа, што, каб эканомія была сапраўды адчувальнай, яны загадзя прадумваюць, што ім трэба набыць для дома, сабе і дзецям.

«Звычайна ездзім падчас школьных канікул. Апошні раз рабілі такі выезд на асенніх, каб закупіцца зімовым адзеннем. Тады на двух дарослых і двух дзяцей-падлеткаў мы патрацілі больш за 2000 даляраў, але апрануліся ўсе з галавы да ног», — кажа суразмовец.

На ўсе пакупкі, акрамя набытых у прадуктовых крамах, сям'я афармляе TaxFree. Частку тавараў, напрыклад, каву, гарбату, слодыч, бытавую хімію, яны набываюць на аптовым рынку «Фасты», што на ўскраіне Беластока.

«Тэхніка ў 1,5 раза таннейшая, чым у Беларусі»

«Амаль уся бытавая тэхніка ў нашай кватэры куплялася ў Польшчы. У Беларусі набывалі толькі пральную машыну і халадзільнік, бо яны шмат важаць і без сплаты мыта іх не прывезці. Калі разглядаць тэхніку, то пасля звароту ПДВ яна атрымліваецца прыблізна ў 1,5 раза таннейшая, чым калі купляць яе ў Беларусі».

Сяргей адзначае, што паездкі на закупы як працэс яму не падабаюцца, але гэта добрая магчымасць сэканоміць.

«Прадметы бытавой хіміі ў Беларусі таксама купляем рэдка, бо ў прынцыпе можам разлічыць, колькі чаго трэба ўзяць, каб хапіла на тры-чатыры месяцы. З мінулага года таксама стала вельмі выгадна везці з Польшчы аўтамабільныя запчасткі, але гэта рызыкоўна, бо калі купіш нешта не тое, то ўжо не вернеш, таму абмяжоўваюся толькі алівай. Яна ў Польшчы таксама ў 1,5—2 разы таннейшая, чым у нас», — запэўнівае мужчына.

«Вільня для нас — гэта цёмны лес»

Сям'я ўжо запланавала паездку на закупы на канец сакавіка, каб паспець да завяршэння дзеяння павялічаных нормаў бяспошліннага ўвозу тавараў. 

«Гэтым разам мне яшчэ трэба набыць летнія шыны на машыну. Чатыры шыны па вазе не пройдуць, таму з Польшчы атрымаецца прывезці толькі дзве, але гэта ўсё адно мае сэнс, бо з шынамі еўрапейскай вытворчасці цяпер у Беларусі цяжка.

Выбар пасля пачатку вайны скараціўся, а цэны выраслі. А калі купляеш у Польшчы, то яшчэ і ПДВ вярнуць можна». 

Нягледзячы на закрыццё «Бераставіцы», мужчына ўсё адно паедзе ў Беласток.

«У Літву на закупы ніколі не ездзілі, таму і зараз, хоць і будзем ехаць праз Літву, закупляцца будзем у Беластоку. Неяк прызвычаіліся, там ужо ведаеш, куды ехаць, чаго чакаць, а тая ж Вільня для нас — гэта цёмны лес».

«Чэргі адбіваюць жаданне ехаць праз мяжу»

Многія з тых, хто раней ездзіў па польскія тавары, перасталі гэта рабіць. Большасць тых, з кім нам удалося пагаварыць, кажуць, што цяпер яны не ездзяць на закупы праз немагчымасць адкрыць візу.

«Пры вялікім жаданні адкрыць візу можна, але гэта будзе каштаваць дорага, таму вырашылі, што такая эканомія не будзе мець сэнсу. Бо каб адбіць выдаткі на візу, дарогу і г. д., трэба або ездзіць часта, на што ў мяне няма часу, або адразу закупляцца напоўніцу, на што няма грошай», — кажа былы аматар шопінгу.

польский злотый

Некаторыя беларусы дзеляцца, што адмаўляюцца ад паездак праз велізарныя чэргі на мяжы і выдаткі на транспарт, якія ўзраслі.

«Віза ёсць, але як пагляджу на чэргі і паслухаю гісторыі, як людзі ў адзін бок едуць 10—15 гадзін, то жаданне кудысьці ехаць адразу знікае», — прызнаецца іншы суразмоўца.


Каментары5

  • клоун
    20.03.2023
    в стойле тепло и пахнет молоком
  • SHOS
    20.03.2023
    Не ну а чё вы такие все злые? Ну ездят и ездят. Вы чего-то другого ожидали? Им все нормально, все устраивает. Их выбор
  • Петр
    20.03.2023
    А что они сделали в своей стране чтобы не бегать и не закупаться по заграницам? Чтобы жить как там

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца4

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

Ці абваліцца рубель? Што чакае эканоміку ў наступным годзе3

У Мінску суд прайшоў на сцэне2

Расія ўдарыла па жылым доме ў Харкаве, загінула 11-гадовае дзіця, 30 параненых

Амерыканец падумвае пераязджаць у Беларусь — прычына арыгінальная7

Мінскаму фатографу пагражае да пяці гадоў калоніі за «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання»

У Харкаве КАБ зноў трапіла ў шматпавярховік ВІДЭА1

«Спісаў яшчэ ніхто зверху не спускаў». Дзейны сілавік расказаў пра заробкі, рэпрэсіі і чысткі ў міліцыі напярэдадні выбараў3

Зяленскі расчараваны, што ЗША выдалі канфідэнцыйную інфармацыю пра просьбу Украінай «Тамагаўкаў»

Затрыманых акцёраў РТБД вызвалілі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца4

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →