На 94-м годзе жыцця памёр вядомы ўкраінскі паэт, грамадска-палітычны дзеяч, Герой Украіны Дмытро Паўлычка, паведаміла «Украінская праўда». Яго песня «Два кольори» стала народнай.
Перад тым старшыня Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны Міхаіл Сідаржэўскі напісаў у фэйсбуку:
«Сёння ўвечары памёр Дмытро Паўлычка. Мне толькі што пра гэта паведаміў Багдан Горынь са спасылкай на дачку пісьменніка».
Дмытро Паўлычка быў адным з самых значных украінскіх паэтаў. З ім былі добра знаёмыя і нават сябравалі і беларускія творцы.
Нарадзіўся ён у 1929 годзе на тэрыторыі цяперашняй Івана-Франкоўскай вобласці, якая ў той час уваходзіла ў склад Польшчы. У 1945 годзе ваяваў у складзе Украінскай паўстанцкай арміі, за што пасля быў на 8 месяцаў зняволены савецкай уладай.
Першыя крокі ў літаратуры рабіў у Львове, у 1964 годзе пераехаў у Кіеў. У 1971—1978 гадах быў галоўным рэдактарам часопіса «Всесвіт», які друкаваў па-ўкраінску творы сусветнай літаратуры. Сам быў вядомы як плённы перакладчык з розных моў.
З часоў перабудовы актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, заўсёды падтрымліваў нацыянальныя сілы. Неаднаразова быў дэпутатам Вярхоўнай Рады, у 1990-я — паслом Украіны ў Славакіі і Польшчы.
Многія ведаюць украінскую песню «Два кольори», аўтар слоў да яе акурат Дмытро Паўлычка.
Каментары