Беларускі палітык, раздаючы загады сваім падначаленым, часта звяртаецца да лексікі, якая ім незразумелая і патрабуе растлумачэння.
4 кастрычніка, наведваючы падчас рабочай паездкі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ў Пінскім раёне, Аляксандр Лукашэнка зноў зладзіў разнос сваім нядбайным чыноўнікам, якія зноў зрабілі не так, як ён хацеў. Яго абурыла, што ў паўночнай Віцебскай вобласці плануюць сеяць пазней, чым у паўднёвай Брэсцкай вобласці. На яго думку, у Віцебскай вобласці пасяўная павінна была скончыцца да канца верасня.
«Добра, будзем разбірацца, і прытым прынцыпова. Мне трэба, як павінна быць! Колькі мы будзем размандыкваць па гэтых пытаннях? — Мы не пасеялі… А што перашкаджала пасеяць да 1 кастрычніка?», — абураўся Лукашэнка.
Гэта не першы раз, калі Лукашэнка дае загад не размандыкваць. Раней гэтае слова ў ягоным лексіконе ўсплывала ў часы падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Як адзначыў Сяргей Чалы, барацьба з размандыкваннем — гэта ідэальны занятак для чыноўнікаў, бо ніхто, каму даручаная гэтая барацьба, не ведае, што гэта такое, а значыць і вынікі па барацьбе з ёй можна назваць любыя.
Што ж значыць слова «размандыкваць»?
Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча фіксуе слова «размандыкваць» у значэнні «пляткарыць» у Навагрудскім раёне. Жыхары вёскі Валеўка казалі: «Сабрала дванаццаць баб, і размандыквае».
Але гэтае значэнне слова не зусім пасуе да тых сэнсаў, што ўкладаў у яго Лукашэнка. Чыноўнікам правільна выконваць ягоныя загады замінаюць яўна не плёткі.
Сустракаецца слова і ў Слоўніку мовы беларускага пісьменніка Лукаша Калюгі, які нарадзіўся на тэрыторыі сённяшняга Дзяржынскага раёна. Адзначу, што і мне вядомае значэнне гэтага слова ад продкаў, якія нарадзіліся ў гэтых мясцінах. У Калюгі гэтае слова азначае «займацца пустою гаворкаю».
З падобным жа значэннем, «многа гаварыць, разважаць над чым-небудзь, рассусольваць», фіксуе слова «размандыківаць» і Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны ў вёсках Ахрэмаўцы Браслаўскага і Янкі Докшыцкага раёна. «Вы лучшы не размандыківайце, а работайце», — кажуць мясцовыя жыхары.
Менавіта менш разважаць і рассусольваць якраз і загадаў сваім чыноўнікам Лукашэнка, калі казаў не размандыкваць. Яму здаецца, што ягоныя падначаленыя многа гавораць пустога, але мала робяць таго, чаго ён ад іх патрабуе.
Не трэба думаць, што гэтае слова сустракаецца толькі ў заходняй частцы Беларусі. Усё ж сам Лукашэнка паходзіць з усходняй часткі краіны.
Ёсць гэтае слова і ў Краёвым слоўніку ўсходняй Магілёўшчыны, складзеным мовазнаўцам Іванам Бялькевічам: «размундыкываць» — значыць «пустасловіць, гаварыць абы-што».
У кнізе пісьменніка і мовазнаўца Георгія Юрчанкі «Сучасная народная лексіка: з гаворкі Мсціслаўшчыны» сабраны цэлы россып аднакаранёвых словаў.
Жыхары Мсціслаўшчыны неадабральна казалі «размундыкаваецца» пра тых, хто балбоча: «Дай ім толька сыйціцца, пашлі рузмундыкывыцца, ізыкі ні сьціхаюць».
Саму гэтую балбатню тут называлі размундыкамі, а балбатуноў і балбатух — раздундыкываннікамі і раздундыкыванніцамі. «Хвёдырыва рузмундыкывынніца пышла, астатнія сідзяць ны бярьвенні».
Ці вось яшчэ — «работа гарыць, а яны рукі злажылі, рузмундыкыюць», якую зафіксаваў Юрчанка ў кнізе ўстойлівых словазлучэнняў з гэтага рэгіёна.
Ад чаго паходзіць слова «размандыкваць»
Ад чаго паходзіць гэтае слова, дагэтуль да канца не вытлумачана мовазнаўцамі. Яны параўноўваюць «размандыкваць» са словам «мандзякаць», якое было зафіксаванае на паўднёвым усходзе краіны і мае блізкае значэнне — «гаварыць абы-што, гаварыць дурасці, гаварыць нязначнае».
У Этымалагічным слоўніку беларускай мовы звяртаюць увагу на тое, што тую ж аснову манд‑ можна пабачыць у лацінскім слове mandibula, якое азначае сківіцу. Яно ўтварылася ад слова mandō са значэннем «жаваць, кусаць».
Існуе і роднаснае лацінскае mentum — «падбародак». А ў старажытнагрэчаскай мове ёсць словы μασάομαι (masáomai) са значэннем «жаваць», μαστιχάω (mastikháō) — «скрыгатаць зубамі», і μάσταξ (mástax) — «рот, сківіцы». На аснове лацінскай і старажытнагрэчаскай моваў навукоўцы прапануюць праіндаеўрапейскае *mendʰ— са значэннем «жаваць».
Яшчэ адзін варыянт рэканструкцыі — *menth₂— прапануюць са значэннем «мяшаць, размешваць», відаць, ад гэтай асновы пасля ўтварыліся літоўскае mę̃sti — «змешваць» і праславянскае *męsti — «мяшаць, перамешваць, варушыць». Гэта аснова дайшла да нас у слове мяцеж, якое азначае ўзброенае хваляванне, вялікае народнае ўзрушэнне.
Тыя ж асновы ўзялі і ў прагерманскай мове для абазначэння рота і сківіцы — *munþaz. Можна здагадацца, што ад яго ўтварыліся сучасныя нямецкае Mund і англійскае mouth.
Магчыма, што і ў славянскіх мовах гэтая аснова прарабіла паралельны шлях, але саступіла іншай лексіцы, застаўшыся толькі ў такіх дыялектных словах, як «размандыкваць» ці «размундыкаваць». Малазразумелае беларускае слоўца з лексікона Лукашэнкі, як выявілася, мае старажытнае, але пакуль не да канца вывучанае паходжанне.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
І вось цяпер высьвятляецца, што Прэзідэнт ведае старажытныя слоўцы, нязнаныя нікому, апроч слоўнікаў.
Фізічны-рэлетывіскі факультэт АН адзначаў незвычайныя ўсплескі энэргіі каляземнага эфіру напрыканцы лета 1954 г, імаверна часапрасторавая кратавіна прынесла нам аднаго з Кейстутавых сыноў, далей радаводам Палямонавіча, і ён валадарыць намі, часам ўжывае старажытныя, пазамшэлыя словы.
Супадае і інфармацыя пра сьмерць (задушаны ў Крэве) прэзідэнтавага таты падчас вайны. Вайна не Вялікая Айчынная, а супраць Ягайлы.