Вядомы расійскі рок-спявак Барыс Грабеншчыкоў даслаў Таццяне Кузінай сваё фота са словамі падтрымкі. На ім напісана: «Таццяна! Сіл Вам. Цемра не доўжыцца вечна; заўсёды ўзыходзіць сонца. Б. Г.».
Таццяна Кузіна — экспертка ў галіне дзяржаўнага кіравання, палітолаг, даследчыца, адна з заснавальніц праекта «SYMPA» (Школа маладых менеджараў у сферы публічнага адміністравання). Яна была затрыманая 28 чэрвеня 2021 года ў аэрапорце «Мінск», калі выпраўлялася ў кароткатэрміновую паездку ў Грузію. Ёй выстаўлены абвінавачванні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361).
Раней Барыс Грабеншчыкоў выстаўляў на аўкцыён сваю камізэльку, каб сабраць грошы на падтрымку іншых беларускіх палітвязняў — музыкаў з гурта Irdorath.
Каментары