Намеснік міністра адукацыі: Вялікая Айчынная вайна будзе ў кожным экзаменацыйным білеце па гісторыі
У працэсе вывучэння гісторыі Беларусі ў школах будзе зроблены яшчэ большы акцэнт на перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Пытанні пра вайну ўвядуць у кожны білет на іспытах, а каб да іх падрыхтавацца, школьнікам прыйдзецца наведваць спецыяльны факультатыў. Пра гэта расказаў у панядзелак увечары намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай у эфіры праграмы «По существу» на СТБ.
«У нас ёсць курс вельмі добры, у 2004 годзе распрацаваны, «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны», ён вельмі падрабязны, і калісьці, на жаль, ад яго адышлі, — сказаў чыноўнік. — Мы цяпер вяртаемся ў рамках факультатыва, але факультатыў — гэта выбраў ці не выбраў.
Таму для падрыхтоўкі да экзаменаў вучням будзе рэкамендавана выбраць гэты курс,
бо пры выкананні экзаменацыйнага білета і падрыхтоўцы там абавязкова будзе пытанне — мы прапрацоўваем гэта — пра Вялікую Айчынную вайну. Гэта значыць, у нас 20 білетаў — другім пытаннем Вялікая Айчынная вайна.
Для таго, каб школьніку падрыхтавацца, а педагогу падрыхтаваць, у 9-м класе гэты курс будзе выбірацца ўсімі школьнікамі», — дадаў намеснік міністра.
Прысутныя ў аўдыторыі адзначылі, што больш увагі Вялікай Айчыннай вайне цяпер, на фоне вайны ва Украіне, трэба надаваць, бо, маўляў, «змяніўся час» і «трэба рыхтаваць патрыётаў».
Каментары