«Больш нам такіх сяброў — і ворагаў ужо не трэба». Што пра інтэрв'ю Лукашэнкі Салаўёву піша расійская прэса?
Некалькі дзён таму выйшла інтэрв'ю Лукашэнкі масцітаму расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву. Расійскія СМІ адрэагавалі на такую медыйную актыўнасць Лукашэнкі — сабралі для вас самыя цікавыя публікацыі расійскай прэсы на гэтую тэму.
«Прызнанне Крыма — адзін з апошніх козыраў Аляксандра Лукашэнкі»
Аглядальнік выдання «Коммерсант» Дзмітрый Дрызе піша, што Мінску вельмі патрэбныя грошы. У гэтым і прычына апошніх заяў Лукашэнкі пра прызнанне Крыма, Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
Акрамя таго, з'явілася інфармацыя, што Беларусь можа адправіць у Сірыю дзвесце сваіх вайскоўцаў.
«З чым звязаная ўся гэтая актыўнасць, зразумела: 27 лютага ў Беларусі рэферэндум па новай Канстытуцыі, і пасля гэтай важнай падзеі краіне трэба з чымсьці ісці ў новае светлае заўтра.
А ісці няма з чым, таму што рэспубліка пад санкцыямі, і, больш за тое, ёй перакрылі галоўную крыніцу валютных паступленняў — транзіт калійных угнаенняў. І калі нічога не распачаць, то перспектывы бязрадасныя.
Звяртацца няма да каго. Адзінае, што прагучала з Захаду ў дачыненні да Мінска, — гэта папярэджанне прыцішыць вайсковую актыўнасць, інакш новая порцыя абмежаванняў будзе ў хуткім часе. І што рабіць Лукашэнку, акрамя як ісці да старэйшага брата? Але апошні, як мы бачым, не можа даць усяго, што патрабуецца. А трэба шмат», — піша расійскі журналіст.
Дрызе піша, што атрымаць ад такога Лукашэнка зможа не шмат, таму ён пусціў у ход свой апошні козыр — прызнанне Крыма.
«Пакуль мы бачым, што залаты дождж на Лукашэнку не праліваецца. Прычым здаецца, што ў Маскве не будуць пярэчыць, калі ён у выніку неяк зменіць сваё амплуа. Імаверна, яшчэ і таму буйных сум не прадугледжана. Гэта не дзіўна: вунь якая цяпер абстаноўка, самім спатрэбіцца. Ды і праект, скажам шчыра, вельмі праблематычны. Як бы там ні было, ад Аляксандра Лукашэнкі варта чакаць новых актыўнасцяў», — піша аглядальнік.
«Лукашэнку не засталося выбару»
«Московская газета» звяртае ўвагу на тое, што Лукашэнка нечакана падключыўся да тэмы эскалацыі вакол Украіны. У інтэрв'ю Салаўёву ён заявіў, што ў выпадку абвастрэння вайны на Данбасе беларускае войска будзе дзейнічаць разам з расійскім.
Таксама Лукашэнка дадаў, што ў выпадку перасячэння Украінай нейкіх «чырвоных ліній» ён дапускае нанясенне па ёй ракетнага ўдару і задзейнічанне любых іншых сродкаў, якія ёсць у наяўнасці ў Расіі і Беларусі. А таксама прыгразіў спыніць пастаўкі электрычнасці ва Украіну
«Навошта для супрацьстаяння, пакуль толькі інфармацыйнага, спатрэбілася прыцягваць Аляксандра Лукашэнку? Мэты, якія ў гэтай «вайне нерваў» ставіць Масква, неаднаразова агучваліся, — піша журналіст газеты. — Гэта, па-першае, адмова калі-небудзь прымаць Украіну ў НАТА і адвядзенне сіл альянсу на пазіцыі 1997 года, а па-другое — выкананне Кіевам мінскіх пагадненняў, падпісаных ва ўжо далёкім 2015-м, калі сепаратысты на Данбасе поўным ходам вялі наступальныя баі.
На рашэнні НАТА заявы з Мінску, натуральна, не паўплываюць. У Беларусі не той геапалітычны маштаб, каб стаць важкім аргументам для НАТА ў пытаннях пашырэння або месца дыслакацыі войскаў арганізацыі. А вось на дзеянні ўкраінскіх уладаў беларускі фактар мог бы аказаць уздзеянне. На гэта, магчыма, спадзяюцца ў Маскве».
У Лукашэнкі выбару ўжо не засталося, лічыць «Московская газета».
«Пасля разрыву усялякіх адносінаў з Еўрасаюзам і ЗША яму даводзіцца ісці на многае дзеля падтрымання сяброўства з Масквой. Прыйшлося ўцягнуцца і ў гэтую гульню, якая асабіста яму наўрад ці абяцае нейкую выгаду», — адзначае выданне.
«Пабольш нам такіх сяброў — і ворагаў ужо не трэба»
А вось як пра сустрэчу Салаўёва і Лукашэнкі піша «Московский комсомолец»:
«Цяпер Лукашэнка наш найлепшы сябар. Так, пабольш нам такіх сяброў — і ворагаў не трэба. Толькі вось больш сяброў у нас няма.
Гэты хвост даўно ўжо навучыўся віляць сабакам, як ніхто іншы. З такой сялянскай хітрынкай ён заўсёды зверху. Сам сябе абраў прэзідэнтам, толькі яго і бачылі. Апошні дыктатар Еўропы — ганаровае званне. І не сябар, і не вораг, а як? Разам з Кадыравым ён наш пяхотнік, наша хуткая будучыня», — піша журналіст.
Ён адзначае, што Салаўёў не спытаў у Лукашэнкі ні пра палітычныя забойствы, ні пра ўзурпацыю ўлады.
«Але гэта ладна, чорт бы з ім. А пра 458 грамадзян Расіі, кінутых Лукашэнкам у турмы, можна было спытаць?» — абураецца журналіст.
«Украіна не патрэбная нікому, акрамя Расіі»
Прапагандысцкае выданне Life.ru зачапілася за словы Лукашэнкі пра тое, што ў склад Саюзнай дзяржавы можа ўвайсці і Украіна, гадоў праз 15. Расійскае СМІ адназначна падтрымлівае такія мроі беларускага палітыка.
«Цяпер гэта здаецца вар'яцтвам, але калі разабрацца, то атрымліваецца, што Украіна не патрэбная нікому, акрамя Расіі, — піша выданне. — Трэба быць рэалістамі і разумець, што ні НАТА, ні ЕС не чакаюць Украіну. Яна патрэбная ім толькі як інструмент ціску на Расію. Рана ці позна народ Украіны павінен ўсвядоміць, што для яе росквіту неабходны саюз з Расіяй. Яскравым прыкладам тут з'яўляецца газ. Немагчыма для росту дабрабыту насельніцтва і развіцця прамысловасці, а дакладней яе рэшткаў, купляць расійскі газ не наўпрост, а ў пасярэднікаў у Еўропе»,
Прапанаваць расійскім спажыўцам Украіна цяпер амаль нічога не можа, лічыць выданне.
«Аднак у выпадку аднаўлення нармальных адносін разбураныя эканамічныя сувязі могуць быць адноўленыя, — адзначае Life.ru. — Магутнасці і патэнцыял захаваных прадпрыемстваў паўднёвага ўсходу пойдзе на карысць усім. Расія можа набываць ракетныя рухавікі ва Украіны. Так ужо было да 2014 года.
Просты ж чалавек атрымае магчымасць купляць прадукты харчавання і паўсядзённыя тавары. Статус Украіны як усесаюзнай жытніцы ніхто не адмяняў, і ім трэба правільна карыстацца. Калі паглядзець на вуліцы расійскіх гарадоў, усюды можна ўбачыць крамы з беларускімі таварамі. Па словах Лукашэнкі, праз 15 гадоў расійскія паліцы могуць запоўніць украінскія тавары».
«Словы Лукашэнкі пра Бога-беларуса — паганскія ідэі»
Таксама ў расійскіх СМІ адрэагавалі на словы Лукашэнкі пра тое, што Бог з'яўляецца беларусам.
Сцвярджэнні аб нацыянальнасці Бога звязаныя з паганствам. Пра гэта ў інтэрв'ю Lenta.ru расказаў святар РПЦ і псіхолаг Андрэй Лоргус.
«Большасць хрысціян і Расіі, і Беларусі, і Украіны не ставяць пытанне аб нацыянальнай прыналежнасці Бога, не прынята пра гэта разважаць. У Бога не можа быць ніякай нацыянальнасці, не можа быць нават так пастаўленае пытанне. Калі казаць пра асобу сына Божага Ісуса Хрыста, вядома, ён быў з яўрэйскага народа, у гэтым ніхто не сумняваецца», — сказаў святар.
А вось святар Іванава-Узнясенскай епархіі РПЦ іераманах Макарый сказаў Life.ru:
«Такія выразы трэба ўспрымаць у кантэксце. Гэта было выступленне нашага шаноўнага беларускага лідара, якому вострае слоўца ўласцівае. І такога кшталту выразы мяне як святара ніяк не палохаюць», — адзначыў суразмоўца расійскага выдання.
Іераманах Макарый падкрэсліў, што Бог адзін, але кожнай нацыі ён блізкі, ён «збаўца ўсіх людзей — і нацыянальныя межы не павінны быць гэтай перашкодай».
Каментары