Галоўчанка: У Беларусі няма дэфіцыту гародніны. Чаму тады дзяржава рэгулюе цэны?
На ўнутраным рынку Беларусі досыць гародніны, цэны рэгулююцца, пра гэта заявіў сёння прэм'ер Беларусі Раман Галоўчанка.
«У нас ніколі не было дэфіцыту ў вытворчасці гародніны. Па некаторых пазіцыях вырошчваем у дзясяткі разоў больш, чым трэба ўнутранаму рынку, напрыклад бульбы — у 13 разоў. У нас ёсць стабілізацыйныя фонды.
Кіраўнік краіны летась даручыў аблвыканкамам, якія з'яўляюцца трымальнікамі стабфондаў, закласці прадукцыю пад стоадсоткавую патрэбу ўнутранага рынку. Гэта было зроблена. Астатняе будзе вывозіцца на экспарт», — сказаў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка пасля наведвання УП «Партызанскае», якое забяспечвае захоўванне стабілізацыйных фондаў прадукцыі раслінаводства, піша БелТА.
Галоўчанка таксама патлумачыў, чаму ў такім выпадку рэгулююцца кошты на гародніну, перадае «Спутнік». Па яго словах, у вытворцаў «ёсць спакуса прадаваць гародніну даражэй за мяжу, а беларусы не павінны адчуваць цэнавы ціск».
Каментары