У Беларусі будзе дзейнічаць спецыяльны парадак устанаўлення цэн на імпартныя гародніну і садавіну, а таксама беларускія сыры (але не ўсе). Такое рашэнне прынятае Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Саўміне.
Асаблівы парадак устанаўлення цэн распаўсюджваецца на свежую капусту белакачанную, цыбулю, буракі, моркву, бульбу і яблыкі, якія да 1 студзеня 2022 года не ўвозіліся ў Беларусь, а таксама на беларускія сыры — цвёрдыя і паўцвёрдыя.
Гэта значыць, што будуць рэгулявацца цэны на некаторыя гародніну і яблыкі, якія ўвозяцца на замену забароненым з 1 студзеня.
«Адпускныя цэны імпарцёраў на гародніну і садавіну, адпускныя кошты вытворцаў на сыры цвёрдыя і паўцвёрдыя, а таксама кошты рэалізацыі на названыя тавары суб'ектамі гаспадарання, якія ажыццяўляюць аптовы і (або) раздробны гандаль, фармуюцца з улікам абмежаванняў, устаноўленых у адпаведнасці з пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 21 снежня 2021 года №79», — паведамляе МАРГ.
Названыя пазіцыі будуць рэгулявацца, як і сацыяльна значныя тавары. Гэтая мера накіраваная ў тым ліку на тое, каб не дапусціць неабгрунтаванага росту цэнаў.
Каментары