«Як тут гараваць, калі цябе не пасадзілі?»: гераіні «стылёвага» фота з Маршу жанчын далі 810 рублёў штрафу
23-гадовай Аляксандры Вараб'ёвай, стылістцы і гераіні «моднага» фота з жаночай акцыі пратэсту, трэба выплаціць 810 рублёў штрафу, піша Tut.by.
Дзяўчыну затрымалі 19 верасня недалёка ад забаўляльнага цэнтра «Айсберг», даставілі ў Маскоўскае РУУС, пасля складання пратаколу адпусцілі. Суд разгледзеў справу па ч. 1. артыкулы 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусі сёння.
— Як тут гараваць, калі цябе не пасадзілі? Рада, што атрымала толькі штраф, а не суткі, — кажа Аляксандра. — Я спадзявалася на такі вынік і нават не брала цёплых рэчаў у суд.
Дзяўчына распавядае, што ў пастанове сказана, што яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, размахвала сцягам і крычала «Жыве Беларусь!».
— У рэальнасці гэтага не было. На жаночай акцыі ніхто не крычаў «Жыве Беларусь!». У дзень затрымання ў РУУС я распавяла следчаму, што гуляла з сяброўкай, і на судзе казала пра тое ж і не прызнавала сваю віну.
Каментары