«Шаноўныя пасажыры, калі вы пабачыце ў вагонах або на плятформе дзіўную валасатую тварыну або малпу, не спрабуйце карміць яе з рук або прыручыць», ‑‑ прагундосіў голас дыктара ў вагоне менскага сабвэю. Фэльетон Лёліка Ушкіна.
— Нам cыходзіць, — Скалі кіўнула Малдэру.
Агенты выйшлі з мэтро і рушылі да будынку Міністэрства жывых шчытоў (МЖШ). Іх адразу правялі ў прыёмную дырэктара ўстановы. Галоўны МЖШнік у той час ладзіў лятучку. З‑за дзьвярэй было чуваць, як ён па самыя памідоры ўстаўляе пістон сваім падапечным.
— Казлы, блін. Я вас пытаю — дзе вынікі? Вы разумееце, што справа з прыматам на кантролі ў прэзыдэнта?!
— Працуем, таварыш міністар. Арыштавалі ўсіх актывістаў апазыцыі, якія вучыліся на факультэтах заалёгіі і генэтыкі. Бярэм пробы на наяўнасьць хвасту і павялічанай валасяной расьліннасьці на целе, аналіз ДНК, спэрмы, крыві, мачы, калу, сьліны. І нічога. Давялося выпускаць.
— Значыцца так. Правесьці татальнае апытаньне жыхароў Ліды — хто з вашых знаёмых апошнім часам казаў пра заапарк або мае запісы мультыплікацыйнага сэрыялу пра прыгоды мартышкі Анфіскі. А цяпер прэч адсюль! Паклічце, калі ласка, містэра Малдэра і міс Скалі.
Супрацоўнікі зайшлі ў кабінэт. Ён быў завалены фатаробатамі прымата і энцыкляпэдыямі Брэма «Жыцьцё жывёлаў».
Пасьля абмену фармальнасьцямі госьці перайшлі да справы.
— Такім чынам, вы хацелі, каб мы заняліся гэтай малпай. Вы лічыце, што існуе нейкая містычная складовая ў паводзінах прымата, — агучыў сваю здагадку Фокс Малдэр.
Сілавік нечакана ўстаў і прайшоўся па кабінэце.
— Не. Рэч ня ў тым. Шчыра кажучы, я баюся, што малпу зловяць і грамадзтва вернецца да тэмы выбухаў. Зь іншага боку, тэма малпы трохі абрыдла. Нам заўсёды патрэбная нейкая новая сэнсацыя, каб краіна ня думала пра тое, што стабільнасьці — капец, тэрарыст на волі. Ці не маглі б вы, як прафэсіяналы, дамовіцца зь нейкімі інфэрнальнымі істотамі, каб яны часьцей наведваліся да нас? Вы ж маеце сувязі ў гэтай вобласьці. Я добра заплачу. Валютай.
Дана Скалі і Фокс Малдэр пераглянуліся.
Праз тыдзень «Саўбелка» разрадзілася ананімнай рэдактарскай калёнкай, лейтматывам якой быў наступны абзац:
«З году ў год агалцелыя палітыкі і журналісты‑лакеі травяць нашае талерантнае беларускае грамадзтва. Бяз стомы, энэргічна натраўліваюць адных беларусаў на другіх. Асабліва прадстаўнікоў моладзі, якую дзень і ноч цягнуць на вуліцу, разбэшчваюць грантамі і стыпэндыямі. Уся гэтая мутная хваля прыводзіць да зьяўленьня зялёных чалавечкаў, якіх учора бачылі на Мядзельшчыне».
Каментары