Спорт1818

Былы ўкраінец, які можа стаць чэмпіёнам свету за Расію — пяць фактаў пра шахматыста Сяргея Каракіна

Аматары шахмат сочаць за падзеямі ў Нью-Ёрку, дзе праходзіць матч за званне чэмпіёна свету. У фінале гуляюць дзейны чэмпіён нарвежац Магнус Карлсен і грамадзянін Расіі ўкраінскага паходжання Сяргей Каракін.

Пакуль што прайшло шэсць партый, і ўсе яны сканчваліся нічыёй.

Хто такі Сяргей Каракін, які спрабуе кінуць выклік найлепшаму шахматысту сучаснасці Магнусу Карлсену? «Наша Ніва» сабрала пяць фактаў пра яго.

Нарадзіўся ў Крыме

Каракін нарадзіўся ў 1990 годзе ў Сімферопалі. Адкуль яго карані, з Украіны ці Расіі?

Па матчынай лініі дзядуля быў з Феадосіі, а бабуля — з Запарожжа.

А вось з боку бацькі род ішоў з Тамбоўскай і Белгарадскай вобласці Расіі.

Разам з мамай.

Паводле сямейнай легенды, у 1995 годзе Сяргей пабачыў па тэлевізары ролік, у якім прагучала фраза пра «кожную пешку, якая можа стаць ферзем». Яго зацікавіла гісторыя пераўтварэння, і тады бацькі навучылі сына шахматам.

Бацькі Каракіна з цягам часу развяліся. Тата займаецца фермерствам, а маці пакінула працу выкладчыка інфарматыкі, каб дапамагаць сыну.

Самы малады грайсмайстар у свеце

Сяргей Каракін занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы малады грайсмайстар. Гэтага шахматнага статуса вундэркінд дабіўся ў 12 гадоў 211 дзён.

Разам з Гары Каспаравым.

Праўда, гісторыя атрымалася скандальнай.

«У адным з турніраў, дзе павінен быў выканаць норму гросмайстра Сяргей Каракін, у апошнім туры ён гуляў з дзяўчынкай, якая мела ўсяго паўбалы (адна нічыя і ўсе астатнія паразы — НН»). Яму патрэбна была перамога, але ён адыграў з ёй унічыю. Яго бацька і трэнер тэрмінова шукаюць каго-небудзь, у каго можна было б купіць паўбалы. Ніхто не згаджаецца ні за якія грошы (гэта да пытання аб магчымасці купіць балы). Тады яны звяртаюцца да мяне. Я да апошняга туру перавыканаў норму гросмайстра, дык згаджаюся аддаць гэтыя паўбалы (зусім не за грошы) для таго, каб Каракін стаў самым маладым гросмайстрам. І пакуль было закрыццё турніру, мы згулялі другую партыю (першая скончылася ўнічыю) практычна ў бліц», — расказваў расійскі шахматыст Васіль Малінін. Ці праўда гэта, невядома.

Пераможца шахматнай Алімпіяды за Украіну

Шахматная Алімпіяда — каманднае спаборніцтва сярод зборных, якое праводзіцца кожныя два гады. Ад пачатку 1980-ых больш за дваццаць гадоў запар Алімпіяду выйгравала зборная СССР, а пасля Расія.

Пакуль у 2004 не грымнула сенсацыя — перамога Украіны. Малады Каракін таксама быў у складзе каманды, хоць, зразумела, і на першых ролях. Аднак перамога была толькі іміджавай, фінансавага прыбытку шахматыст амаль не атрымаў.

«Я не мог знайсці трэнера. Не меў ніякай падтрымкі. За перамогу на шахматнай Алімпіядзе-2004 ўкраінская федэрацыя заплаціла мне дзве тысячы долараў, з якіх яшчэ аднялі падаткі. Пра што тут гаварыць?» — абураўся ён.

Праз некалькі гадоў Каракін змяніў грамадзянства на расійскае.

«Я заўсёды лічыў сябе рускім чалавекам, нават калі пражываў у Крыме. Усе мае сябры гавораць па-руску, і большасць крымчан таксама гавораць на гэтай мове. Больш за тое, выступаючы за зборную Украіны, я з усімі хлопцамі меў зносіны выключна па-руску. І такіх, як я, у Крыме большасць. Усе без выключэння сябры, з кім я падтрымліваю зараз сувязь, таксама імкнуцца апынуцца ў складзе Расіі. У нас адзін менталітэт, адна мова, адна рэлігія, дык чаму не стаць адзіным цэлым? Я вельмі рады, што, у адрозненне ад таго беззаконня, які быў на майдане, у крымчан будзе магчымасць мірнага выбару. Па выніках галасавання, амаль упэўнены, тых, хто хоча далучэння да Расіі, будзе большасць», — выказваў ён свае погляды падчас анэксіі Крыма.

У другім шлюбе

Першай жонкай Каракіна стала ўкраінская шахматыстка Кацярына Должыкава.

«Мы былі знаёмыя досыць даўно, бо абодва з Украіны. Пазнаёміліся бліжэй менавіта ў Дрэздэне на святочнай дыскатэцы, — узгадваў Сяргей. — Я запрасіў Кацю на танец, а на наступны дзень мы разам пайшлі ў Дрэздэнскую галерэю, паглядзелі на Сіксцінскую Мадону. Пасля гэтага пачалі сустракацца».

Шлюб быў дзіўным. Пара пабралася 24 ліпеня 2009 года, а літаральна на наступны дзень Каракін стаў грамадзянінам Расіі. Падрабязнасці разводу шахматыст у прэсе не агучваў.

«Не сышліся характарамі. Мы абсалютна розныя. Я больш спакойны. Яна ўзрыўная. І ўвогуле — іншая», — падсумаваў ён.

Цікава, што будучая другая жонка, Галія Камалава, якраз займалася афармленнем дакументаў для атрымання Каракіным грамадзянства Расіі. Яна была памочніцай рэктара Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта.

«Праз некалькі дзён ён патэлефанаваў мне і прапанаваў разам павячэраць, — узгадвае Галія. — Адказала, што працую дапазна і ніяк не магу сустрэцца. Сказала і працягнула працаваць, а ён усё адно прыехаў і чакае. Тэлефануе з машыны і настойвае: давай хутчэй, пакуль нас ніхто не ўбачыў. Прыйшлося згаджацца — павячэралі ў рэстаранчыку на Старым Арбаце, потым сталі сустракацца».

У сям’і гадуецца малы сын Аляксей.

Жывуць Каракіны ў Падмаскоўі. «Адной з умоў пераезду ў Маскву было тое, што Расійская шахматная федэрацыя забяспечыць мяне кватэрай. Я абмяняў яе на невялікі загарадны дом. Свежае паветра, цішыня, спакой — лепш месца для шахматыста не прыдумаць», — расказваў гросмайстар.

У рэйтынгу пакуль дзявяты

У рэйтынгу шахматыстаў Сяргей Каракін пакуль што займае 9-е месца. Але гэта не перашкодзіла яму перамагчы ў сёлетнім турніры прэтэндэнтаў, які праходзіў у Расіі.

У тройку прызёраў увайшлі былы чэмпіён свету з Індыі, 46-гадовы Вішы Ананд, а таксама Фабіяна Каруана — амерыканец італьянскага паходжання.

Тэндэнцыя сучасных шахмат у тым, што чэмпіёны ўсё маладзеюць. Каруана зараз 24 гады, Карлсену — 25 гадоў, Каракіну — 26 гадоў.

Сёлетні фінал будзе складацца мінімум з 12 партый. Калі ён скончыцца ўнічыю, чэмпіён будзе вызначаны ў дадатковых матчах з абмежаваннем часу.

Каментары18

Бясплатная арэнда: беларускі набываюць адзенне ў краме, а пасля мерапрыемства вяртаюць

Бясплатная арэнда: беларускі набываюць адзенне ў краме, а пасля мерапрыемства вяртаюць

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі забаранілі гандаль піратэхнікай14

Беларус з ДНЖ ехаў у Літву з вымпелам ПДВ СССР і георгіеўскай стужкай. Вынік прадказальны16

Паліклінікам дазволілі аказваць платныя паслугі ў выхадныя — у якасці альтэрнатывы прыватным медцэнтрам

Раптоўна памёр Алесь Сілкоў1

Беларус пабіў рэкорд Тома Круза: ён скокнуў з парашутам з неверагоднай вышыні3

Прыватны самалёт, які мог належаць Пабла Эскабару, ператварылі ў раскошнае жытло на Airbnb2

Навагодні зварот Ціханоўскай абагнаў прагляды Лукашэнкі. З чым гэта звязана?31

Запазычанасць Кітая рэзка перавысіла запазычанасць ЗША17

Закрываецца знакамітае кафэ «Залаты грабеньчык» у цэнтры Мінска, якое належала Чыжу

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бясплатная арэнда: беларускі набываюць адзенне ў краме, а пасля мерапрыемства вяртаюць

Бясплатная арэнда: беларускі набываюць адзенне ў краме, а пасля мерапрыемства вяртаюць

Галоўнае
Усе навіны →