Шабас працягваецца: у Гродне дацэнта звольнілі за кнігу
Андрэй Чарнякевіч быў адным з аўтараў «апальнага» падручніка «Гродназнаўства».
Сёння гісторыку з Гродзенскага ўніверсітэта паведамілі аб звальненні: папрасілі зайсці азнаёміцца з загадам рэктара ды забраць працоўную кніжку.
Афіцыйная фармулёўка — нібыта «неаднаразовыя спазненні на працу», за якія ў Чарнякевіча нядаўна запатрабавалі тлумачэнні. Парадокс у тым, што як мінімум адно са спазненняў было абумоўлена… доўгай гутаркай з прадстаўніком КДБ акурат наконт падручніка «Гродназнаўства».
Яшчэ на мінулым тыдні пачала праходзіць інфармацыя, што том па гісторыі Гродна знік з кнігарняў горада, а таксама з бібліятэкі Гродзенскага ўніверсітэта.
Паводле чутак, «чытачы ў цывільным» апошнім часам наведвалі і іншых аўтараў падручніка. Прынцыповымі пытаннямі для сілавікоў былі наступныя.1) Хто канкрэтна пісаў апошнія раздзелы кнігі, прысвечаныя набыццю Беларуссю незалежнасці? 2) Чаму падручнік сканчаецца 1991 г. і не паказаны сучасны момант? 3) Чаму быў абраны такі варыянт «канцэпцыі ілюстрацыяў» (на апошняй старонцы выяўлены
Андрэй Чарнякевіч — кандыдат гістарычных навук і адзін з плеяды выключна таленавітых гісторыкаў новага пакалення, якім цяпер па 30–40 гадоў.
Ён аўтар дзясяткаў працаў: ад артыкулаў да ўкладзеных кніг.
Шыкоўнае і грунтоўнае, ілюстраванае і наватарскае па форме падачы матэрыялу «Гродназнаўства» сёлета было хітом беларускамоўных продажаў у Гродне, аднак, паводле чутак, выклікала шал уладаў праз апошнюю главу або яе адсутнасць: гісторыя Гродна ў кнізе напісаная да 1991 года, а паўстанне грамадзянскай супольнасці апісана падрабязна.
«Наша Ніва» звярнулася ў «Гроднакнігу», дзе пра знікненне «Гродназнаўства» «нічога не чулі», аднак пры гэтым параілі звярнуцца ў мінскую «Белкнігу».«Усе ініцыятывы нам спускаюць адтуль, якую кнігу прадаваць, якую прыбраць з прылаўкаў. Мы толькі пасрэднікі», — патлумачылі «НН» у прыёмнай дырэктара.
Што тычыцца «Белкнігі», то там пра сітуацыю з «Гродназнаўствам» таксама «нічога не чулі».
Па словах нашых чытачоў кніга знікла і з навуковай бібліятэкі Гродзенскага ўніверсітэта. Бібліятэкарка ўніверсітэта імкнулася даведацца, ад каго менавіта прайшла такая інфармацыя, а пасля паведаміла, што кніга знаходзіцца ў чытальнай зале бібліятэкі. На пытанне, ці можна яе ўбачыць у вольным доступе, яна адказала, што «на дадзены момант не валодае сітуацыяй».
Сітуацыя з «Гродназнаўствам» — гэта трывожны сігнал для беларускай культуры і навукі.
Каментары