Меркаванні1212

Забаронцы Айчыны

Нават Бацькам ужо амаль ніхто яго не кліча. Піша Сяргей Ваганаў.

23 лютага, як, мусіць, і большая колькасць мужчын, ужо зранку я пачаў атрымліваць віншаванні ад родных і проста знаёмых жанчын. На маю сціплую заўвагу, што з прычыны адсутнасці арлінага зроку ні ў савецкім, ні, тым больш, у беларускім войску ніколі не служыў, жанчыны адказвалі, што гэта не мае ніякага значэння. «Мужчынскі дзень», — гаварылі яны. «Ну, так, — жартаваў я ў адказ. — Як у райцэнтраўскай лазні… Хутка будзе жаночы…»

Але большасцю жарт успрымаўся з насцярогай, як быццам з чагосьці святога… «Мой дзед, — ледзь не пакрыўдзілася адна з віншавальніц, — чвэрць стагоддзя праслужыў у царскай арміі… А бацька — у польскай, загінуў ад немцаў… Нельга цурацца традыцый…»

Так, пагадзіўся я, нельга.

Але адна справа — традыцыі. Іншая — звычкі…

Савецкая ўлада знішчыла спрадвечныя традыцыі, а замест іх нарадзіла процьму святочных, кшталту дня 23 лютага, звычак. Але народная прага традыцый заўсёды была неўміручай. Толькі гэтым можна патлумачыць тую з’яву, што народ сам ператвараў звычкі ў традыцыі, надаючы ім зусім іншы, чалавечы, так бы мовіць, сэнс, і не вельмі абцяжарваючы сябе выпростваннем з блытаніны гістарычных падзей, урачыстых дат і пошукам уласнай Айчыны…

Лукашэнка ўчапіўся ў гэтую блытаніну, бо менавіта з яе нарадзіўся і на ёй трымаецца рэжым яго асабістай ўлады. Вынікам чаго з’явіўся самы вар’яцкі, можа, парадокс сучаснай беларускай гісторыі: вайна дзяржавы супраць Айчыны…

Ці не абвяшчэннем гэтай вайны з’явіўся сумнавядомы майскі рэферэндум-1995?! Вайны супраць такіх спрадвечных духоўных каштоўнасцяў, як родная мова, нацыянальныя сімвалы і святыні. Вайны супраць таго, з чаго складаецца пачуццё Айчыны…

Айчына, безумоўна, шырэйшая за дзяржаву, можа, нават зусім іншае паняцце. Калі дзяржава — палітычнае ўтварэнне, краіна — геаграфічнае, то Айчына альбо Бацькаўшчына — ад Айца… Ад продкаў, дзядоў, прадзедаў і бацькоў…

Спекулюючы на гістарычнай недасведчанасці насельніцтва, застрашваючы яго міфічнымі пагрозамі з боку нейкіх незразумелых «бээнэфаўцаў», дзяржава ў асобе Лукашэнкі доўгі час намагалася начапіць на сябе твар Айчыны. Але нічога, акрамя скажонага саўковай хлуснёй аблічча, не атрымалася. Нават Бацькам ужо амаль ніхто яго не кліча. Нездарма, віншуючы 23 лютага сваіх генералаў з новымі пагонамі, Лукашэнка абвясціў, што «дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць сваіх абаронцаў». Заўважце, абаронцаў дзяржавы, а не Айчыны…

Насамрэч — забаронцаў Айчыны.

Дзе, у якой яшчэ краіне «абаронцы Айчыны» сілкуюцца іншаземнымі грашыма?

Дзе, у якой яшчэ краіне «абаронцы Айчыны» — ці то кіраўнік дзяржавы, ці то вайскоўцы з міліцыянтамі, ці то суддзі з пракурорамі ды іншыя памагатыя — пад рознымі хлуслівымі зачэпкамі цягнуць за краты тых, хто шануе нацыянальныя герб і сцяг?

Суд над Сяргеем Каваленкам, безумоўна, працяг несканчонай ганебнай вайны дзяржавы супраць Айчыны.

Але ні забараніць, ні перамагчы Айчыну немагчыма.

Нават калі яна застанецца жыць у знясіленым целе апошняга яе абаронцы.

…На гэтай трохі пафаснай ноце я, магчыма, паставіў бы кропку, каб не гісторыя з касманаўтам Кавалёнкам, амаль цёзкам Сяргея па прозвішчу і, мабыць, сабратам па кавальскаму радаводу. Колькі бруду вылілі на яго зацятыя змагары толькі за тое, што ён адцураўся ад белчырвонабелага сцяга, маўляў, калабаранцкага, часоў нямецкай акупацыі…

Палукашэнкаўску абразліва ганіць савецкага беларуса, чыё дзяцінства, дарэчы, прайшло праз тую жахлівую акупацыю — не лепшы спосаб пераканаць яго, далучыць да сапраўднай гістарычнай спадчыны. Тым больш што ён сам ужо частка гэтай спадчыны.

Я добра памятаю сонечную раніцу ў вёсцы Белае пад Крупкамі, святочнанасцярожаны натоўп аднавяскоўцаў Кавалёнка і сакратара райкама, які, надрываючыся, цягнуў у беднаватую матчыну хату тэлевізар… Памыляюцца тыя, хто думае, што гэта быў усплёск так званага савецкага патрыятызму. Усе, партыйны сакратар таксама, адчулі гонар за беларуса і Беларусь…

Ёсць нешта глыбока агульнае паміж подзвігам Кавалёнка і патрыятычным учынкам Каваленкі — абодва, самаахвярна рызыкуючы, узнялі Айчыну да нябёс.

Астатняе — непаразуменне, якое, упэўнены, скончыцца, як толькі Айчына стане беларускай Дзяржавай.

Глядзець таксама:

Чорная дзіра

Рукі дзеда

Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда

Вера і праўда

Каментары12

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»26

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі дрон ударыў па аўтобусе ў Херсоне. Загінуў супрацоўнік гарадской рады2

Выйшла відэа, на якім спалоханы кіраўнік нацысцкага атрада «Русіч» дрыжыць у абдымках кадыраўцаў42

Прэс-сакратарка Ціханоўскай: Офіс не меў дачынення да прызначэння кіраўніцтва «Белсата»45

Прэм'ер Канады пакідае пасаду кіраўніка партыі. Пазней ён пакіне і крэсла прэм'ера6

Афрыка можа разламацца на дзве часткі хутчэй, чым чакалі навукоўцы14

Макрон заклікае Украіну да «рэалістычных дыскусій» па пытаннях тэрыторый30

У Саудаўскай Аравіі і Ірака жанчын-паслоў больш, чым у Беларусі13

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў37

Кіраваць Аўстрыяй найхутчэй стане ўльтраправая і пракрамлёўская партыя, заснаваная нацыстамі45

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»26

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Галоўнае
Усе навіны →