Свет4545

Кіраваць Аўстрыяй найхутчэй стане ўльтраправая і пракрамлёўская партыя, заснаваная нацыстамі

Упершыню з Другой сусветнай еўрапейскую краіну можа ўзначаліць партыя з нацысцкімі каранямі. Ультраправая «Аўстрыйская партыя свабоды» (FPÖ), заснаваная ў 1950-ыя групай ветэранаў войск СС, сенсацыйна перамагла на нядаўніх парламенцкіх выбарах у Аўстрыі і сімпатызуе Крамлю. Лідар партыі Герберт Кікль, які па прыкладзе Адольфа Гітлера называе сябе «народным канцлерам», быў запрошаны ў прэзідэнцкі палац у Вене, дзе атрымаў мандат на фармаванне ўрада, бо астатнія партыі не здолелі супраць яго аб'яднацца. Расказваем, што можна чакаць ад урада Кікля.

Старшыня ўльтраправай папулісцкай і пракрамлёўскай «Аўстрыйскай партыі свабоды» Герберт Кікль (справа) прыехаў у прэзідэнцкі палац у Вене для перамоваў з федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам (злева) па фармаванні будучага ўрада краіны. Фота: Thomas Kronsteiner / Getty Images

Федэральны прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен абвясціў, што даручае лідару ўльтраправай і пракрамлёўскай «Аўстрыйскай партыі свабоды» (FPÖ) Герберту Кіклю сфармаваць урад, паведамляе выданне Der Spiegel. Гэтае рашэнне «стала паваротным момантам у аўстрыйскай гісторыі», адзначае выданне.

Ліберальная, Сацыял-дэмакратычная і Кансерватыўная партыі Аўстрыі не здолелі дамовіцца аб фармаванні кааліцыйнага ўраду ў абыход «Аўстрыйскай партыі свабоды», якая ўпершыню перамагла на нядаўніх парламенцкіх выбарах у краіне. Гэтая няўдача і стала адной з галоўных прычын перадачы мандата на фармаванне аўстрыйскага ўраду лідару FPÖ Герберту Кіклю, прызнаецца Ван дэр Белен, назваўшы гэта «цяжкім крокам».

На парламенцкіх выбарах у верасні мінулага года ўльтраправая FPÖ заняла першае месца з вынікам у 29,2%, але атрыманых ёй месцаў у парламенце не хапіла для самастойнага фармавання ўрада. Іншыя партыі тады адмовіліся ўступаць з FPÖ у кааліцыю з-за «яе радыкальнай антыліберальнай і антыімігранцкай рыторыкі, прарасійскіх настрояў і нацысцкіх каранёў».

Але цяпер найбольш верагодным кандыдатам на ролю малодшага партнёра ў кааліцыі пад кіраўніцтвам «Аўстрыйскай партыі свабоды», як даведалася аўстрыйскае выданне Die Press, можа стаць цяперашняя кіруючая кансерватыўная «Аўстрыйская народная партыя», чый лідар Карл Нехамер учора абвясціў аб адстаўцы. На фоне гэтага аўстрыйскія студэнцкія аб'яднанні і няўрадавыя арганізацыі рыхтуюцца да масавых пратэстаў, каб «не дапусціць вяртання да ўлады нацыстаў».

Ультраправая «Аўстрыйская партыя свабоды» (FPÖ) была заснавана ў 1955 годзе групай перакананых аўстрыйскіх нацыянал-сацыялістаў і ветэранаў войск СС на чале з Антонам Райнталерам, які да паражэння гітлераўскай Германіі ў Другой сусветнай уваходзіў у Рэйхстаг ад нямецкай нацысцкай партыі НСДАП, займаў пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі Трэцяга Рэйха, а таксама быў ганаровым членам войск СС у званні брыгадэнфюрара (генерал-маёра). На працягу гісторыі існавання FPÖ у склад яе кіравання рэгулярна ўваходзілі былыя нацысцкія функцыянеры і вайскоўцы.

Генерал-маёр войск СС і член нямецкай нацысцкай партыі НСДАП Антон Райнталер, які пасля Другой сусветнай заснаваў і ўзначаліў «Аўстрыйскую партыю свабоды». Фота: архіў Аўстрыйскай Нацыянальнай бібліятэкі
Герберт Кікль, старшыня «Аўстрыйскай партыі свабоды». Фота: Andreea Alexandru / AP

Герберт Кікль, які ўзначальвае FPÖ, з'яўляецца заўзятым ворагам левых лібералаў, нелегальнай і звычайнай іміграцыі, кіраўніцтва Еўрасаюза, ісламу і антырасійскіх санкцый. Калі ён быў міністрам унутраных спраў Аўстрыі (2017-2019), ён прасоўваў механізм хуткай дэпартацыі на радзіму ўцекачоў, якія здзейснілі злачынства дома ці ў Аўстрыі (не канкрэтызуючы, ці падпадаюць пад механізм яшчэ і палітычныя ўцекачы), а таксама прапаноўваў аўстрыйскаму ўраду выйсці з міжнародных пагадненняў аб правах чалавека, каб яны «не перашкаджалі яму рабіць тое, што неабходна па законе».

У сваёй перадвыбарчай піяр-кампаніі палітык актыўна тыражуе лозунг «Крэпасць Аўстрыя — закрытыя межы — гарантыя бяспекі» і выступае за стварэнне «больш аднароднай» аўстрыйскай нацыі шляхам строгага кантролю межаў і «рэіміграцыі» (дэпартацыі з краіны) усіх імігрантаў, якія легалізаваліся ў Аўстрыі, «але не здолелі цалкам асімілявацца».

Кікль адкрыта называе сябе «народным канцлерам» («Volkskanzler») — тэрмін, які нацысты звычайна адносілі да Адольфа Гітлера. Як і Гітлер, Кікль верыць у тэорыі змовы і выкарыстоўвае іх для прапаганды сваіх палітычных поглядаў.

Старшыня FPÖ, апроч іншага, лічыць антырасійскія санкцыі і дапамогу Украіне вялікай памылкай, адзначаючы, што «паставіць крыж на любых спробах Кіева ўвайсці ў ЕС і перастане выдаткоўваць грошы на падтрымку ўкраінцаў».

Сама FPÖ яшчэ ў 2016 годзе падпісала дамову аб супрацоўніцтве з расійскай партыяй «Адзіная Расія», а Кікль, займаючы пасаду кіраўніка МУС Аўстрыі, спрабаваў знішчыць галоўную контрразведвальную службу краіны BVT і ігнараваў наяўнасць у краіне расійскіх шпіёнаў. 

Адным з галоўных нацыянальных інтарэсаў Аўстрыі, па словах Кікля, з'яўляецца расійскі газ, а сяброўства з Расіяй лідар FPÖ ставіць у прыярытэт аўстрыйскай знешняй палітыкі. Прыкладам для ўласнага натхнення Герберт Кікль называе Венгрыю і яе прэм'ера Віктара Орбана — аднаго з самых пракрамлёўскіх палітыкаў Еўрасаюза.

Па інфармацыі агенцтва Reuters, Аўстрыя застаецца самай залежнай ад расійскага газу краінай ЕС нягледзячы на паспяховую агульную тэндэнцыю Еўрасаюза па адмове ад расійскіх рэсурсаў. Так, 83% ад усяго імпартаванага Аўстрыяй газу ў ліпені прыйшло менавіта з Расіі.
Аўстрыя таксама была адным з найбуйнейшых інвестараў будаўніцтва расійскага газаправода «Паўночны паток — 2».

Старшыня правапапулісцкай чэшскай партыі ANO («Так») Андрэй Бабіш, старшыня «Аўстрыйскай партыі свабоды» Герберт Кікль і старшыня венгерскай кіруючай партыі «Фідэс» («Саюз маладых дэмакратаў») Віктар Орбан. Фота: Anadolu / Contributor Getty Images

Аналітыкі і чыноўнікі ЕС яшчэ перад парламенцкімі выбарамі ў Аўстрыі папярэджвалі, што Герберт Кікль у выпадку перамогі стане «яшчэ адным Орбанам» і паспрабуе стаць федэральным канцлерам Аўстрыі. У перспектыве кааліцыя Аўстрыі Герберта Кікля, Венгрыі Віктара Орбана, Славакіі Роберта Фіца і Чэхіі Андрэя Бабіша (паводле апытанняў, правапапулісцкая і прарасійская чэшская партыя ANO («Так») мае ўсе шанцы перамагчы на будучых парламенцкіх выбарах у Чэхіі) яшчэ мацней будзе скоўваць астатні Еўрасаюз у яго палітыцы дапамогі Украіне, ціску на Маскву і працягу еўраінтэграцыі. 

«Аўстрыйская партыя свабоды» абяцала сваім выбаршчыкам «актыўную мірную палітыку», у тым ліку замарожванне шматмільярдных выплат Украіне, блакаванне любой дапамогі Украіне і яе ўступлення ў ЕС, недапушчэнне стварэння агульнай арміі ЕС, а таксама спыненне «вар'яцтва санкцый, якія разбураюць дабрабыт самой Аўстрыі». У адной з перадвыбарчых прамоваў Кікль заявіў, што ўсе санкцыі супраць Расіі трэба адмяніць.

Як раней аналізавала «Наша Ніва», прыход да ўлады ў Аўстрыі Герберта Кікля, улічваючы ўсю ягоную прарасійскую і антыіміграцыйную рыторыку, можа прывесці да больш талерантнага стаўлення краіны да рэжыму Лукашэнкі як да саюзніка Масквы (сёння Аўстрыя ўваходзіць у топ-3 буйных інвестараў у беларускую эканоміку, выступае супраць санкцый і, у адрозненне ад большасці іншых краін ЕС, працягвае супрацоўнічаць з беларускай Генпракуратурай).

Адначасова з гэтым можа адбыцца пагаршэнне становішча беларускіх мігрантаў у краіне, асабліва палітычных. У прыватнасці, можа быць скасаваная дамоўленасць з Офісам Ціханоўскай пра прызнанне аўстрыйскімі ўладамі пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў, цалкам прыбраная магчымасць атрымаць у Аўстрыі палітычны прытулак, можа быць ускладнена ўсялякая легалізацыя ў краіне і пры гэтым можа ўзрасці рызыка дэпартацыі беларускіх уцекачоў з Аўстрыі, а таксама пашырыцца супрацоўніцтва паміж аўстрыйскімі і беларускімі сілавікамі.

Каментары45

  • бабруйчанін
    06.01.2025
    Дзякуючы прысутнасці чырвонай арміі да 1955 камрады захавалісь ачунялі ))
    У" калыске нацызма" дэзэнфекцыі ні адбылось выннік...
  • Пытанне
    06.01.2025
    Калі гэта ўльтраправая дык тады як акрэсліць нацыстаў ці іншыя больш крайнія плыні? Ультраультра? Ультракрайне? Звышультра? Суперультра?
  • Катавасiя
    06.01.2025
    "Ультраправая «Аўстрыйская партыя свабоды» (FPÖ) была заснавана ў 1955 годзе групай перакананых аўстрыйскіх нацыянал-сацыялістаў" - Як сацыялiсты могуць быць ультраправымi?

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»24

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшла відэа, на якім спалоханы кіраўнік нацысцкага атрада «Русіч» дрыжыць у абдымках кадыраўцаў42

Прэс-сакратарка Ціханоўскай: Офіс не меў дачынення да прызначэння кіраўніцтва «Белсата»45

Прэм'ер Канады пакідае пасаду кіраўніка партыі. Пазней ён пакіне і крэсла прэм'ера6

Афрыка можа разламацца на дзве часткі хутчэй, чым чакалі навукоўцы14

Макрон заклікае Украіну да «рэалістычных дыскусій» па пытаннях тэрыторый30

У Саудаўскай Аравіі і Ірака жанчын-паслоў больш, чым у Беларусі13

У сутарэннях віленскай катэдры знайшлі схаваныя ў 1939-м кароны вялікіх князёў37

Кіраваць Аўстрыяй найхутчэй стане ўльтраправая і пракрамлёўская партыя, заснаваная нацыстамі45

Беларус падарыў брытанцы ружы — тая не ведае, як гэта разумець14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»24

Трамп пераймяноўвае Мексіканскі заліў, цвёрда намераны вярнуць Панамскі канал і «разумее пачуцці Расіі»

Галоўнае
Усе навіны →