Верасень зноў стаў рэкордным па спёцы. Паглядзелі, наколькі пацяплела ў Беларусі за апошнія 25 гадоў
Сярэдняя тэмпература паветра па Беларусі за верасень склала +17,5°C — гэта на 4,8°C вышэй за кліматычную норму. Паглядзелі, як змяняецца клімат у свеце і Беларусі.
З такімі паказчыкамі верасень 2024 года стаў самым цёплым вераснем за гісторыю метэаназіранняў. Папярэдні рэкорд +16,2°С быў зарэгістраваны ў мінулым годзе.
Як змяняецца клімат на планеце?
Глабальная тэмпература за апошнія сто гадоў вырасла прыблізна на 1,3 градуса. Калі браць перыяд з 1970 па 2019 гады, то на 0,98 градуса.
Згодна з даўнімі разлікамі ўраджэнца Гомеля навукоўца Міхаіла Будыкі, сярэдняя глабальная тэмпература Зямлі павысіцца прыкладна на 2,25°C да 2070 года. Такія лічбы ён агучыў у сваім прагнозе на бліжэйшыя 100 гадоў у брашуры «Уплыў чалавека на клімат» (1972).
Нягледзячы на тое, што Будыка зрабіў свой прагноз больш за 50 гадоў таму, ён дагэтуль застаецца адным з самых дакладных.
Але сярэдняя тэмпература ў Беларусі расце хутчэй за сусветны ўзровень.
Так, напрыклад, толькі за апошнія 25 гадоў сярэдняя гадавая тэмпература ў Брэсце вырасла з 8,6 градуса ў 1997-2001 гадах да 10 градусаў у 2018-2023 гадах.
У Віцебску за аналагічны перыяд таксама стала на 1,4 градуса цяплей. Плюс 6,5 было ў 1997-2001 гадах і 7,9 — у 2018-2023.
У Гомелі за гэты ж перыяд сярэдняя тэмпература вырасла на 1,2 градуса — з 8 да 9,2.
На паўтара градуса цяплей у сярэднім стала ў Гродне. Калі ў 1997-2001 гадах сярэднегадавая тэмпература складала 7,5°C, то ў перыяд з 2018 па 2023 — роўна 9.
У Мінску за гэты перыяд стала цяплей у сярэднім на 0,9 градуса. Калі ў 1997-2001 гадах у сталіцы ў сярэднім было +7°C, то ў 2018-2023 — 7,9 градуса.
Архіўныя даныя па Магілёве на сэрвісе Weatheronline, на жаль, адсутнічаюць. На іншых сэрвісах ёсць толькі больш свежыя даныя, чым на Weatheronline, што не дазваляе зрабіць аналагічныя падлікі, як па іншых буйных гарадах.
Чаму ў Беларусі цяплее хутчэй, чым у цэлым у свеце?
Сярэдняя тэмпература на тэрыторыі Беларусі расце ў тры разы хутчэй, чым у сярэднім па планеце.
Гэта звязана з нашым фізіка-геаграфічным становішчам.
«Паўночнае паўшар'е награваецца мацней, як і суша, аддаленая ад акіянаў. Найбольшымі тэмпамі сярэдняя тэмпература расце ў халодны перыяд года і крыху павольней — у цёплы перыяд», — так тлумачыў гэтую з'яву вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах Акадэміі навук Анатоль Кулак.
Каментары