Грамадства33

«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар

«Я хачу расказаць гісторыю, якая адбылася сёння на службе. Мне за яе сорамна і балюча. Можа вы што-небудзь параіце. Ці проста пачытайце», — напісаў учора ў фэйсбуку Аляксандр Кухта, адзін са святароў беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні, які належыць да Канстанцінопальскага патрыярхату. 

Аляксандр Кухта. Фота: belarus2020.churchby.info

Сёння ўвечары мы служылі літургію. Мы так робім часам, таму што людзям зручна пасля працы. І вось у момант, калі трэба было прычашчаць людзей, я паварочваюся і бачу новы твар у храме.

Чалавек няпэўнага ўзросту, апрануты лёгка. Трохі брудны. Пахне. Магчыма, выпіў. Я ледзь напружыўся, таму што часам такія чудзяць. Але гэты проста стаяў. Глядзеў на мяне і ўсміхаўся.

Я ўзяў чашу, набраў паветра, каб заклікаць «Са страхам Божым і вераю прыступіце», калі мужчына гучна спытаў:

— А можна я тут у вас крыху пастаю?

— Вядома, можна! — адказваю я і зноў набіраю паветра, каб заклікаць «Са страхам Божым…».

— Мужчына, тут ляжалі грошы! — чуецца голас з храма. — Вы іх скралі! Неадкладна вярніце!

— Я нічога не краў! Як вы маглі падумаць?

— Не, скралі. Я сама бачыла, тут былі грошы!

— Вось, праверце кішэні!

Мужчына здымае пінжак і суне ўладальніцы голасу. Тая няёмка абмацвае тканіну.

Я ў ступары гляджу на гэтую карціну, і ў мяне ў галаве праносіцца мільярд думак, але ўсе пра адно: як рэагаваць? У мяне ў руках чаша (святары зразумеюць), з якой нікуды асабліва не тузанешся. Служба на самым піку, перарываць нельга! А на другім канцы храма пачынаецца сварка і нагода сур'ёзная: чалавека абвінавачваюць у крадзяжы.

«Аддайце пінжак чалавеку і адстаньце ад яго!» — уладна кажу я. Я прыняў рашэнне, як дзейнічаць. Трэба пакінуць усё як ёсць. Таму што цяпер не час. Потым будзем разбірацца.

Жанчына вяртае пінжак, але кажа: «Вось тут ляжалі грошы. Я іх бачыла. А ён скраў!» І ўпэўнена так кажа. Цвёрда. Так што я пачынаю сумнявацца ад гэтай цвёрдасці.

Таму што калі там ляжалі грошы, то гэта грошы вернікаў, якія яны ахвяравалі на храм, каб мы аплацілі арэнду і камуналку. Няправільна будзе, калі я дазволю вось так іх забраць. Людзі ж гэтыя грошы зараблялі. А я аддаю іх першаму-лепшаму. Хіба я маю права распараджацца чужымі грашыма?

Разварочваюся да прастола, каб паставіць чашу. У галаве бардак. Паварочваюся назад.

— Я вернік! — заяўляе мужчына. — Я не мог і падумаць, каб узяць грошы ў святым месцы!

— Не, тут былі грошы. Я бачыла! А цяпер іх няма. Вы іх узялі!

Я кажу:

— А можна мы ўсе гэтыя разборкі адкладзем на потым? Цяпер служба! Зараз жа супакойцеся і давайце працягваць!

Кажу нібыта ўладна, але ўнутры сумняюся. Скраў, не скраў? А калі скраў, што рабіць? А калі не? Як суцішыць прыхаджанку? Як не падставіцца перад астатнімі, што я разбазарваю іх маёмасць? Як не пакрыўдзіць чалавека, таму што… а што калі не краў?

Унутры мяне паніка. Я губляю кантроль над сітуацыяй.

«Добра, пайду я адсюль», — кажа мужчына і махае мне рукой. Адыходзіць. Мяне трохі адпускае, таму што вось проста цяпер вырашаць нічога не трэба. Можна працягнуць службу.

***

Праз 10 хвілін, калі скончылася служба, мы высветлілі, што мужчына не вінаваты. Грошы ад граху падалей забрала іншая прыхаджанка, а ў момант сваркі яна не сцяміла ўмяшацца (усё адбылося вельмі хутка на самай справе). А яшчэ 2 тыдні таму ў нас свіснулі скарбонку з храма (але гэта іншая гісторыя), так што ўсе былі трохі на ўзводзе.

Жанчына, якая падняла шум, вельмі расперажывалася. Таму што яна не нейкая злосная храмавая бабка, а проста яна ведае, як цяжка нам утрымліваць храм. І кладзе шмат сваіх сіл, каб мы існавалі. Таму давялося яе супакойваць.

Атрымалася не вельмі (ну а што тут скажаш), але калі яна чытае гэты тэкст, то вось мой меседж: «Усё нармальна. Вы абаранялі сваю царкву. Трохі захапіліся. Але гэта не таму, што вы нейкая паганая, а таму што вам баліць душа за нашу грамаду. Усе гэта разумеюць, і ніхто вас не вінаваціць».

Насамрэч у мяне іншае пытанне. Да сябе. Чаму я рэагаваў як доўбень? Чаму я стаяў і тупіў, бо трэба было паставіць чашу, падысці да іх і сказаць, што мы ні ў чым не вінавацім мужчыну?

Таму што, я нагадаю, усё пачалося з таго, што ён хацеў пабыць у храме (пра што паведаміў з самага пачатку). І я павінен быў абараняць яго права быць сярод нас. Прынамсі да таго моманту, пакуль мы б дакладна не былі ўпэўненыя, што ён узяў грошы (а ён іх не ўзяў).

Але я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна. Таму што чалавек пайшоў і наўрад ці вернецца. На яго месцы я б не вярнуўся.

Калі ўсе разышліся, я пералічыў суму, праз якую ўсё здарылася. 10 еўра. Я паклаў іх у кішэню і пайшоў намотваць кругі вакол храма, молячыся, каб Госпад паслаў мне сустрэчу з гэтым чалавекам. Я хацеў папрасіць прабачэння і аддаць яму грошы. Таму што мне падалося, што так будзе сумленна.

Але я нікога не сустрэў. Зараз сяджу дома і пішу гэты тэкст, згараючы ад сораму і крыўды на сваю тупасць.

Калі ёсць хто з Вільні, і калі вы (ну, а раптам) даведаецеся, пра якога мужчыну ідзе гаворка, перадайце яму мае прабачэнні. І я хацеў бы яго ўбачыць, каб аддаць грошы.

Ён не хацеў іх браць, але яны ягоныя. Таму што праз гэтыя грошы яго падазравалі ў крадзяжы.

Каментары3

  • хмык
    03.10.2024
    якія "мукі" душы... нам бы яго праблемы)
  • Acab
    03.10.2024
    Я бачыў некалькі дыскусыяў з ўдзелам сьвятара Кухты, ён глуздоўны і файны.
    Няхай няёмкая сытуацыя знойдзе найхутчэйшае разьвязаньне.
    Памагай Бог!
  • жэўжык
    04.10.2024
    Я нешта не зразумеў з тэксту артыкула, навошта святар збіраўся аддаць чалавеку грошы? Ці тыя грошы дбайныя вернікі паспелі выцягнуць з кішэняў пінжака, калі яго абшуквалі? Калі не, дык навошта поркацца далей з гэтай грашовай тэмай? Тут справа даверу і годнасці, але ніяк не грошай. Прасіць прабачэння трэба за паклёп і знявагу, а не спрабаваць "купляць" гэтае прабачэнне.

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа20

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы14

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы1

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле13

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

Ваеннае становішча ў Паўднёвай Карэі адмяняецца2

Суперсучасныя нарвежскія F-35 прыляцелі ўзмацніць абарону хаба НАТА на мяжы з Украінай1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа20

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →