Казахстан мае намер у пытанні выканання санкцый супраць Расіі ставіць у аснову ўласныя інтарэсы, заявіў у інтэрв'ю агенцтву Bloomberg намеснік прэм'ер-міністра краіны Серык Жумангарын. Але гэта не азначае, што казахі ўвогуле не будуць звяртаць увагі на накладзеныя абмежаванні.
Раней высокапастаўленыя чыноўнікі Казахстана не выступалі супраць абмежаванняў публічна, адзначае выданне, хоць і не падтрымлівалі санкцыі ЗША ў сувязі з уварваннем ва Украіну.
І цяпер Жумангарын даў зразумець, што Казахстан можа рабіць выключэнні, але ў цэлым правілы ўсё ж будуць выконвацца, паколькі краіна «не выстаіць» пад другаснымі абмежаваннямі, накладзенымі заходнімі краінамі.
Аднак паколькі Казахстан не мае выхаду да мора, то вымушаны шукаць баланс паміж выкананнем санкцый супраць суседзяў і ўласнай ізаляцыяй. «Як краіна, мы павінны неяк жыць», — заявіў Жумангарын.
Чыноўнік адзначыў, што некаторыя з захадаў, накіраваных на абмежаванне доступу Расеі да тавараў, непрапарцыйна нашкодзілі Казахстану, а заходнія ўрады мала што зрабілі для кампенсацыі краіне панесеных ёю страт.
У якасці прыкладу палітык прывёў кампанію Eurasian Resources Group, якая на 40% належыць Казахстану і панесла страты ад забароны на пастаўкі жалезнай руды ў Расію. Расійскі кліент пераключыўся на ўнутраных пастаўшчыкоў і прыбытак, які мог бы застацца ў Казахстане, перайшоў Расіі.
Таксама, паводле слоў чыноўніка, Казахстан не далучыўся да забароны на продаж Расіі шарыкападшыпнікаў, якія маюць падвойнае вайсковае і цывільнае прымяненне, паколькі мясцовае прадпрыемства вырабляе іх па спецыфікацыі, якая традыцыйна выкарыстоўваецца толькі ва Усходняй Еўропе і краінах былога СССР.
Таму, як падкрэсліў Серын Жумангарын, ягоная краіна «не будзе слепа прытрымлівацца санкцый», калі яны закрануць мясцовыя кампаніі, якія з'яўляюцца асноўнымі працадаўцамі ў сваіх рэгіёнах.
«Мы не дапусцім, каб нашым вытворцам забаранілі гандаль», — заявіў чыноўнік.
Таксама ён адзначыў жыццёвую неабходнасць паглыблення гандлёвых сувязяў з такімі краінамі, як Іран і Кітай.
Каментары
А караюць за гэта ўсё роўна беларусаў) Просто невероятно! Чаму ж так? Хто ведае?