Грамадства33

«Светлы, Божы чалавек». Чаму ўлады накінуліся на святара Юхневіча з Шуміліна

Анджэй Юхневіч, каталіцкі святар з мястэчка Шуміліна, правёў больш за 50 дзён пад арыштам у віцебскім ІЧУ. А нядаўна яго перавялі ў СІЗА па крымінальнай справе. Чаму да ксяндза такая ўвага?

Айцец Анджэй Юхневіч, пробашч рыма-каталіцкай парафіі ў Шуміліне, трапіў на суткі яшчэ 8 мая. З таго часу ён быў асуджаны ўжо як мінімум чатыры разы запар: верагодна, першыя тры разы — на тэрміны па 15 сутак, а чацвёрты раз — на 10 сутак. Апошні раз тэрмін яго зняволення быў падоўжаны да 2 ліпеня, а нядаўна стала вядома, што святара перавялі ў СІЗА па крымінальным абвінавачванні. Праваабаронцы прызналі Юхневіча палітвязнем.

Нагадаем, у якіх умовах сядзяць на сутках палітычныя арыштанты беларускіх ІЧУ: увесь час без матраца, перадач, прагулак. Сярод ночы — пад’ём. З перадач Юхневічу былі дазволеныя толькі лекавыя сродкі. 

Анджэй Юхневіч нарадзіўся 3 студзеня 1982 года на Гродзеншчыне. Ён стаў святаром у 2008-м, а праз чатыры гады прыехаў служыць у Шуміліна, дзе і заставаўся да арышту.

З чым звязаная такая ўвага да святара з мястэчка?

Вядомы каталіцкі актывіст, з якім мы пагутарылі, мяркуе, што Юхневіч — хутчэй, выпадковая ахвяра:

«Цяжка сказаць, чаму яму дасталася столькі ўвагі. У апошнія гады ён выказваўся і не маўчаў. Але гэтаксама, як і іншыя святары. Гэта наш, беларускі чалавек, людзі яго любілі. Служыў аддана, апошнім часам шмат працаваў для Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў у Беларусі, яшчэ нядаўна прадстаўляў Беларусь у Ватыкане ад гэтай структуры».

На думку актывіста, пераслед айца Анджэя Юхневіча — хутчэй, спроба застрашыць іншых святароў і такім чынам «перавыхаваць» іх.

Мы пагутарылі пра святара Анджэя Юхневіча з ксяндзом, які асабіста знаёмы з вязнем. Паводле нашага суразмоўцы, Юхневіч хаця і сціплы, і далікатны чалавек, але пры гэтым мае свой духоўны стрыжань:

«Ён верыць не «як бы», а па-сапраўднаму, і гэта вельмі важна, ён верны сваім перакананням. Ён не вядзе падвойнага жыцця, гэта не той выпадак, калі святар ідзе прапаведаваць і пры гэтым толькі і думае, як бы сабраць грошы з людзей. Да яго цягнулася моладзь. З Віцебска да Шуміліна 50 кіламетраў, і моладзь цаніла, што побач з імі ёсць такі святар — заўжды адкрыты і гасцінны, ахвочы паразмаўляць. Кажуць, што моладзь немагчыма падмануць, так і ёсць.

Ксёндз Юхневіч — гэта светлы, Божы чалавек. Яго і затрымалі, таму што ён такі. Яшчэ раней, пакуль было можна, ён выказваўся супраць таго беззаконня, якое дзеецца ў краіне з 2020-га. Ён заахвочваў гэта рабіць і іншых святароў, дазваляў сабе казаць у бок іерархаў заўвагі пра тое, што мы не можам маўчаць тады, калі адбываецца беззаконне. Ён матываваў несці слова Божае, заахвочваў людзей жыць у пакаянні і праўдзе».

Суразмоўца лічыць, што такія веруючыя людзі, якія не пойдуць прыстасоўвацца пад рэжым, не могуць упісацца ў сённяшнія абрысы грамадскага жыцця. Рэжым імкнецца выштурхнуць такіх людзей, зламаць.

Святар падкрэслівае, што пераслед Юхневіча — гэта яшчэ і праява ціску на каталіцкі касцёл, які цягнецца дагэтуль:

«З аднаго боку, грамадства бачыць, што шмат хто з каталіцкіх іерархаў пачынае паддакваць таму тону, які задае рэжым. Але гэтага мала, яны хочуць большага — каб касцёл пачаў наўпрост апраўдваць і праслаўляць беззаконне.

Рэжым спрабуе яшчэ больш націснуць на іерархаў, духавенства і Ватыкан і для гэтага саджае за краты святароў».

Звычайна іх выпускаюць, нагадвае суразмоўца, але Юхневіч правёў два месяцы ва ўмовах адміністратыўнага арышту — з 2020-га гэта першы такі выпадак сярод каталіцкіх святароў. І наш суразмоўца мяркуе, што такая «ўвага» да святара звязаная з тым, як ён трымаецца за кратамі.

«Сёння ўжо 2024-ты год, гэта не 2020-ты. У 2020-2021-м яшчэ маглі выпусціць святара незламаным пасля двух, трох, дзесяці сутак, як гэта было з ксяндзом Барком. Але ў 2024-м [для рэжыму] недапушчальна, каб з турмы выходзілі незламанымі, беларускі рэжым ламае людзей, у тым ліку святароў.

Святары, якія выйшлі з-за кратаў, кажуць, што там ім прапанавалі супрацоўнічаць ці запісаць прымусова-пакаяльнае відэа, або вымушалі з’ехаць з краіны. Калі ж чалавек не ламаецца, яны яго не выпускаюць. Пабачылі б, што Юхневіч жадае выехаць, не хоча ці не можа прапаведваць слова Божае на тэрыторыі Беларусі — тады б яны яго выпусцілі. Выглядае, што ён не ламаецца і таму яго там трымаюць», — лічыць святар.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • .
    05.07.2024
    Накiнуліся на божага чалавека таму што гэта служкі д'ябла а не ўлады Беларусі.
  • нерюські
    05.07.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Джуд
    05.07.2024
    Гэта ў лукашыстаў духоўныя скрэпы такія

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»19

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі25

На падтрымку Васіля Верамейчыка меней чым за суткі сабралі палову сумы5

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

У Беларусі забаранілі маркіза дэ Сада і гісторыю Беларусі20

Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась1

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»19

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →