Іспанія выдала ЗША Кураня. Гэта былы шэф контрразведкі Венесуэлы, які даставіў пяць тон какаіну ў Мексіку
Іспанія ў сераду выдала ЗША Уга Карвахаля — былога кіраўніка вайсковай контрразведкі Венесуэлы і паплечніка Уга Чавэса. Ён ужо дастаўлены ў Амерыку і сёння паўстане перад судом, піша Бі-бі-сі.
Амерыканскія пракуроры абвінавачваюць 63-гадовага Карвахаля ў тым, што ён быў сябрам наркакартэля і, у прыватнасці, 17 гадоў таму, будучы кіраўніком ваеннай разведкі, каардынаваў дастаўку пяці з паловай тон какаіну з Венесуэлы ў Мексіку. Далей наркотык павінен быць пайсці ў ЗША.
Акрамя таго, амерыканцы падазраюць Карвахаля ў забеспячэнні зброяй калумбійскай левай групоўкі FARC («Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі»), якая шмат гадоў ваявала з законнымі ўладамі краіны і якую ЗША абвясцілі тэрарыстычнай арганізацыяй.
Уга Карвахаль гэтыя абвінавачванні адхіляе і доўга супраціўляўся экстрадыцыі ў ЗША, то падаючы апеляцыі, то папросту хаваючыся.
Карвахаль узначальваў венесуэльскую ваенную контрразведку ў 2004—2011 гг. Ён быў адным з самых уплывовых людзей у краіне і адным з набліжаных прэзідэнта Уга Чавеса.
У 2011 годзе суд у ЗША абвінаваціў яго ў саўдзеле ў наркагандлі.
У 2014 годзе ён на запыт Дзярждэпартамента быў арыштаваны на востраве Аруба, які належыць Нідэрландам, дзе ён служыў кіраўніком Генеральнага консульства Венесуэлы. Аднак суд прызнаў арышт уладальніка дыпламатычнага пашпарта незаконным, і Карвахаль вярнуўся на радзіму, дзе яго як героя сустракаў новы прэзідэнт Нікалас Мадура, які змяніў памерлага Чавеса.
Але праз пяць гадоў Карвахаль пайшоў супраць Мадуры і падтрымаў лідара апазіцыі Хуана Гуайдо — і яму давялося бегчы спачатку ў Дамініканскую Рэспубліку, а потым у Іспанію.
У Іспаніі яго на запыт ЗША арыштавалі, але затым адпусцілі, бо іспанскі суд першай інстанцыі адхіліў запыт амерыканцаў.
Калі суд наступнай інстанцыі скасаваў гэтае рашэнне і паліцыя прыйшла зноў арыштоўваць венесуэльскага контрразведчыка, выявілася, што ён схаваўся.
Яго знайшлі толькі праз два гады. Высветлілася, што ён хаваўся ў адной кватэры ў Мадрыдзе, прычым ніколі з яе не выходзіў, і нават каб выйсці папаліць на балкон, адзяваў парык і фальшывыя вусы.
Судовыя спрэчкі працягваліся два гады і скончыліся не на карысць Карвахаля: 13 ліпеня Еўрапейскі суд па правах чалавека адхіліў яго апеляцыю на рашэнне іспанскіх судоў усё ж выдаць яго ЗША.
Улады ЗША разлічваюць, што Карвахаль шмат ведае пра дзейнасць венесуэльскага кіраўніцтва і пры Чавесе, і пры Мадуры, і падзеліцца гэтымі ведамі з імі. Іншыя высокапастаўленыя венесуэльскія чыноўнікі, такія як былы міністр фінансаў Алехандра Андрадэ, згаджаліся прызнаць віну і распавесці амерыканцам усё, што ведаюць, у абмен на скарачэнне тэрміну.
Каментары