На Альманскіх балотах буйны пажар: гараць 50 гектараў лесу і балот, задзейнічалі авіяцыю
На ліквідацыю пажару мабілізавалі сілы адразу пяці лясгасаў, а таксама МНС.
У Палескім лясгасе, які сярод іншага ахоплівае славутыя Альманскія балоты, узнік буйны пажар. Паводле папярэдніх звестак, гарыць на 50 гектарах у асноўным балоцістай мясцовасці.
На ліквідацыю ачага пажару сцягнутыя сілы пяці лясгасаў: Палескага, Столінскага, Жыткавіцкага, Мілашавіцкага, Мазырскага вопытнага, паведамляе Мінлясгас.
У барацьбе з пажарам удзельнічаюць дзясяткі работнікаў лясной гаспадаркі, шэсць усюдыходаў, больш за дзясятак адзінак іншай тэхнікі. Прыцягнутыя сілы авіяцыі МНС.
Прычына пажару не ўстаноўленая. З вялікай верагоднасцю прычынай узгарання стала неасцярожнае абыходжанне з агнём — цяпер у гэтым раёне ідзе сезон збору журавін.
Пажар на Альманскіх балотах бачны нават з космасу, яго можна пабачыць на свежым спадарожнікавым здымку NASA, згодна з якім гарыць тэрыторыя ў паўночна-заходняй частцы заказніка.
Каментары
знак качэства не выратуе