У Ваўкавыску доктар і санітар морга арганізавалі ценявы бізнэс рытуальных паслуг — але ў калонію не трапілі
Патолагаанатам і санітар зарабілі больш за 20 тысяч рублёў, але іх схему раскрылі.
Загадчык міжраённага патолагаанатамічнага аддзялення ў Ваўкавыску і санітар мясцовага морга арганізавалі ценявы бізнес рытуальных паслуг.
З лютага 2021 года па снежань 2023 года патолагаанатам і санітар аказвалі паслугі па абслугоўванні цел памерлых, але пры гэтым яны не заключалі дамовы са сваякамі, як таго патрабуе закон.
Ганарары доктар і санітар забіралі сабе — за ўвесь час такім чынам яны зарабілі больш за 20 тысяч рублёў, піша БелТА.
На судзе фігуранты поўнасцю прызналі віну і добраахвотна кампенсавалі ўрон. У выніку доктар атрымаў 4 гады калоніі і штраф 100 базавых (4000 рублёў), яму таксама забаранілі займаць кіруючыя пасады на пяць гадоў.
Санітару прызначылі 3 гады са штрафам у 40 базавых (1600 рублёў) і забаранілі займаць кіруючыя пасады на 3 гады.
Пры гэтым доктар і санітар у калонію не адправіліся: першаму прызначылі адтэрміноўку ў тры гады, другому — у два.
Каментары