У Новай Зеландыі пасажыраў будуць узважваць перад пасадкай на самалёт
Упраўленне грамадзянскай авіяцыі Новай Зеландыі абавязала нацыянальную авіякампанію Air New Zealand узважваць пасажыраў, якія вылятаюць міжнароднымі рэйсамі з аэрапорта Окленда да 2 ліпеня 2023 года.
Так авіякампанія будзе збіраць звесткі аб вагавай нагрузцы і размеркаванні вагі ў самалётах, паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на CNN.
«Мы ўзважваем усё, што знаходзіцца на борце самалёта, — ад грузу да ежы і рэчаў у багажным адсеку. Для пасажыраў, экіпажа і ручной паклажы мы выкарыстоўваем сярэднія паказчыкі вагі, якія атрымліваем у выніку гэтага даследавання», — сказаў прадстаўнік авіякампаніі Аластэр Джэймс.
Так як вага — гэта асабістая інфармацыя, якую не ўсе хочуць раскрываць, авіякампанія абяцае ананімнасць даных.
Пры рэгістрацыі на рэйс падарожнікаў папросяць стаць на лічбавыя вагі. Інфармацыя аб іх вазе будзе ў сістэме, але не будзе адлюстроўвацца на экране, таму яе не ўбачаць нават работнікі аэрапорта.
Пасажыры таксама будуць размяшчаць на іншых вагах свой багаж.
«Мы ведаем, што рашыцца бывае складана. Мы хочам запэўніць нашых кліентаў, што нідзе няма дысплея. Ніхто не бачыць вашу вагу, нават мы», — кажа Джэймс.
Раней авіякампанія ўжо вывучала вагу ўнутраных падарожнікаў у 2021 годзе, але збор даных аб замежніках быў адкладзены з-за пандэміі.
Каментары
а ў нас некалі былі прыгожыя Эмбраеры ад WoT
эхх, няма таго, што раньш было...