На конкурсе беларускіх кампаній за мяжой перамаглі бізнэс братоў Шылаў і крама кветак. Хто яшчэ?
Aсацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) узнагародзіла пераможцаў конкурсу Free Belarus Business Award.
11 мая адбылося ўрачыстае аб'яўленне вынікаў конкурсу беларускага бізнэсу ў зале каціровак Варшаўскай фондавай біржы. Free Belarus Business Award быў арганізаваны АВВА пры фінансаванні Еўрапейскага саюза.
Гэта было першае мерапрыемства з запланаванага цыкла — у 2023 і 2024 адбудзецца яшчэ тры такія конкурсы, а ўвогуле праект імкнецца стаць вялікім нацыянальным.
Арганізатары атрымалі заяўкі ад больш чым 70 прадстаўнікоў бізнэсу з беларускімі каранямі з 12 краін, з розных сфер і розных маштабаў. Агульны прызавы фонд першага конкурсу склаў 25 тысяч еўра — пяць пераможцаў атрымала сертыфікаты на 5000 еўра кожны. Яшчэ адзін пераможца — у партнёрскай намінацыі — атрымаў узнагароду ад Паўла Лібера.
Перамаглі наступныя кампаніі:
- у катэгорыі «Малады бізнэс» — платформа тэлемедыцыны для дзяцей з ADHD PigPug Health;
- у намінацыі «Індывідуальны бізнэс» — студыя анімацыі KAPI animation GbR;
- у намінацыі «Патэнцыял маштабаванасці» пераможцам стала крама кветак ROSES.EE;
- «Міжнародныя амбіцыі» — клінінгавая платформа Cleanwhale;
- «Рэпрэзентацыя Беларусі» — кавярня і арт-пляцоўка Klubokawiarnia MY;
- спецыяльны прыз ад Паўла Лібера атрымаў касметалагічны сэрвіс Atelier Royal.
Акрамя Еўрапейскага саюза, партнёрам выступіла і Варшаўская фондавая біржа. А сярод чальцоў журы — міжнародныя эксперты ў сферы інвестыцый, эканамічнага развіцця і інавацый.
Падчас конкурсу ўдзельнікі атрымалі магчымасць прайсці курс па асновах публічных выступаў.
АВВА таксама адзначае, што нават той бізнэс, які не перамог, усё роўна можа атрымаць сталую падтрымку, а таксама разлічваць на кансультацыйную, інфармацыйную і іншую падтрымку, далучыўшыся да АВВА.
Каментары