Меркаванні88

Мусаліні і Лукашэнка: падабенстваў больш, чым можна было б падумаць

У 2006 годзе галоўны ідэолаг Адміністрацыі прэзідэнта Алег Праляскоўскі ў перадачы беларускага тэлебачання шакаваў заявай, што ў апараце «ужо ўхвалены план пабудовы ў Беларусі карпаратыўнай дзяржавы». «Карпаратыўнай дзяржавай» называлі сваю сістэму ў фашысцкай Італіі. Мы спыталі гісторыка Аляксандра Фрыдмана: ці сапраўды дзяржаўны лад лукашызму падобны да сістэмы, якая была ў Італіі пры Мусаліні? 

Якую сістэму збудаваў Аляксандр Лукашэнка? Скрыншот з відэа

«У 1995 годзе Лукашэнка ў скандальным інтэрв’ю нямецкаму выданню Handelsblatt пазітыўна выказаўся пра «моцную ўладу» ў гітлераўскай Германіі. Тады ён казаў, што гэта менавіта «тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта». Ці сведчыць гэта пра захапленне Лукашэнкі нацызмам? Не», — упэўнены Аляксандр Фрыдман.

За аснову кіравання дзяржавай Лукашэнка, мяркуе гісторык, узяў сістэму, блізкую яму. З краіны ён зрабіў вялікі саўгас, дзе моцнаму кіраўніку ўсё падпарадкавана. Альтэрнатыўныя погляды выключаныя, публічных дыскусій няма, а нязгодных рэпрэсуюць. Для захавання ўлады Лукашэнка падпарадкаваў сілавікоў ды армію. Ён аднавіў БССР, толькі з большай доляй самастойнасці ад Масквы.

Але ў 2006 годзе галоўны ідэолаг яго рэжыму Алег Праляскоўскі ў перадачы беларускага тэлебачання шакаваў заявай, што ў апараце «ужо ўхвалены план пабудовы ў Беларусі карпаратыўнай дзяржавы».

Праляскоўскі не казаў пра «савецкую сістэму». Ëн казаў пра карпаратыўную дзяржаву. 

«Карпаратыўнай дзяржавай» з 1922 па 1943 гады была Італія, калі ёй кіраваў Беніта Мусаліні. Ён абвясціў парламенцкую дэмакратыю гнілой і слабай. Замест яе ён прапанаваў такі дзяржаўны лад, які ён назваў фашызмам — ад італьянскага слова fascio «пучок, звязка, у якую сабраныя асобныя пруткі». Гэтае слова мела сімвалізаваць адзінства — у процівагу парламенцкай дэмакратыі з яе нязгодай і канфліктамі. Дзяржаву ж Мусаліні называў «карпаратыўнай», бо канкурэнтныя выбары ў ёй мела замяніць прадстаўніцтва ад кожнай з «карпарацый»: свае дэпутаты ад ветэранаў, свае — ад моладзі, свае — ад аграрыяў, свае — ад рабочых. «Усебеларускі народны сход» — ідэя з таго ж шэрагу.

Беніта Мусаліні спачатку быў папулярным дыктатарам. Фота: Wikimedia Commons

Аляксандр Фрыдман адзначае: Італія Мусаліні — самы вядомы прыклад карпаратыўнай дзяржавы. Але існавалі і іншыя: Салазар у Партугаліі, Франка ў Іспаніі, «рэжым чорных палкоўнікаў» у Грэцыі.

Некаторыя даследчыкі лічаць і пуцінскую Расію карпаратыўнай дзяржавай альбо дзяржавай з карпаратыўнымі элементамі.

Лукашэнку родніць з усімі дыктатурамі жаданне заставацца ва ўладзе як мага даўжэй. Але яго рэжым адрозніваецца ад таталітарызмаў ХХ стагоддзя тым, што не мае сфармуляванай ідэалогіі.

«Лукашэнку цікавіць улада дзеля ўлады. У гэтым ён вельмі гнуткі. Лукашэнка такі радыкальны макіявеліст. У яго ўсё выглядае сціпла. Ён умела падладжваецца пад зменлівыя рэаліі, каб заставацца пры ўладзе», — даводзіць гісторык.

«Ён не мае ідэалагічнай зашоранасці. Часы яго кіравання заўсёды былі рэпрэсіўнымі, але з рознай ступенню жорсткасці. Напрыклад, ён часам цярпеў малы бізнес, а затым імкнуўся яго задушыць. Не перашкаджаў развівацца айці-галіне. А потым абвясціў айцішнікаў, якіх, нібы, выкарміў, у спробе ўчыніць дзяржаўны пераварот», — даводзіць Аляксандр Фрыдман.

Лукашэнка дазваляў чагосьці дасягаць, але пакуль гэта не перашкаджала яго ўладзе. Калі нешта выходзіла з-пад яго кантрольных механізмаў, то адразу знішчалася.

Аляксандр Фрыдман кажа, што ў Еўропе ў 1920—30 гады прыклад дзяржаўнага ўладкавання Італіі быў папулярным, прывабным для аўтарытарных дыктатур.

Рэжым Мусаліні ўспрымаўся ўніверсальным, бо паказваў, як пабудаваць стабільную аўтарытарную дзяржаву. Яго можна было адаптаваць да іншых грамадстваў. Фашысцкія рухі ў той час стварыліся ў розных краінах — ад Балгарыі да Скандынавіі і Брытаніі.

Захапляліся фашызмам і расійскія эмігранты кшталту філосафа Івана Ільіна, якому сімпатызуе Пуцін.

На думку Фрыдмана, інтэлектуалам з атачэння Лукашэнкі дыктатарская сістэма Мусаліні магла падабацца.

У рэжыме Беніта Мусаліні адметнае месца займала «Вялікая фашысцкая рада». У ёй засядала эліта дзяржавы: прадстаўнікі ўрада, карпарацый, партый, іншых арганізацый, які знаходзіліся пад яе кантролем.

«Ніякай дэмакратыі там, зразумела, не было. Туды дзеячы траплялі адпаведна сваім пасадам у дзяржаве. Мусаліні сам прызначаў членаў у раду, якую ўзначальваў», — адзначае гісторык.

«Усебеларускі народны сход». Люты 2021 года

З наданнем «Усебеларускаму народнаму сходу» вялікіх паўнамоцтваў, зафіксаваных у змененай Канстытуцыі, а таксама з пераўтварэннем «Белай Русі» у партыю, якая будзе пранізваць усё беларускае грамадства, узнікае пытанне: ці ёсць у гэтым уплыў фашызму Мусаліні?

«Ва УНС псеўдадэмакратычныя прынцыпы прысутнічаюць і членаў туды фармальна абіраюць, а ў Мусаліні гэтага не было», — кажа Фрыдман. Але падабенства лукашэнкаўскай рады з «Вялікай фашысцкай радай» ёсць. Разам з «Белай Руссю» у ім бачыцца вобраз карпаратыўнай дзяржавы.

На ўстаноўчым сходзе партыі «Белая Русь». Яе з'яўленне, на думку Фрыдмана, — яшчэ адна прыкмета пераўтварэння аўтарытарнага лукашызму ў карпаратыўную дзяржаву. Фота: minsknews.by

«Склад УНС у рэальнасці зацвярджаецца Лукашэнкам», — акцэнтуе ўвагу гісторык.

Што да асобы Праляскоўскага, то Аляксандр Фрыдман сумняваецца, што агучваючы намеры будаваць у Беларусі карпаратыўную дзяржаву, той казаў пра італьянскі варыянт.

«Праляскоўскі казаў, хутчэй за ўсё, пра расійскі прыклад, бо на пачатку нулявых, асабліва па вяртанні Пуціна да прэзідэнцтва, пачаліся дыскусіі, ці можна казаць пра Расію з дамінаваннем у ёй сілавікоў, як пра дзяржаву, якая ідзе шляхам стварэння карпаратыўнай дзяржавы. А паколькі Праляскоўскі знаходзіўся пад моцнымі расійскімі ўплывамі, сачыў за тымі дыскусіямі, то запазычваў адтуль ідэі», — лічыць Аляксандр Фрыдман.

Праляскоўскі пайшоў у адстаўку ў 2014 годзе — яе звязвалі з карупцыйным расследаваннем — і больш пра яго не чуваць.

Чаму ж Лукашэнка тады станоўча выказваўся пра Гітлера ў 1995-м?

«Вельмі трапна патлумачыў гэта Аляксандр Фядута. Лукашэнка ў 1980-х быў савецкім агітатарам шклоўскага аддзялення таварыства «Веды». Ён бачыў перад сабою журналіста з Германіі і як агітатар ведаў: калі чалавек паходзіць адтуль, то там усе павінны сімпатызаваць нацыстам і таму трэба сказаць немцу, што яму спадабаецца. Сказаў пра Гітлера, бо лічыў, што немцу будзе прыемна тое пачуць. Вось такі ўзровень Лукашэнкавых ведаў», — мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Іосіф Сталін. Кіраваў Савецкім Саюзам з 1922 па 1953 год. Яго праўленне адзначылася масавымі рэпрэсіямі. Найбольш вядомае месца расстрэлу людзей у Беларусі — Курапаты. Праз сістэму лагераў ГУЛАГ прайшлі мільёны людзей. Фота: Wikimedia Commons

Калі ж браць інтуітыўна, то найбліжэйшая Лукашэнку сталінская дыктатура, бо савецкі рэжым — адзіны яму добра знаёмы.

«Гэта не азначае, што Лукашэнка шмат ведае пра сталінізм. Але ў яго ўяўленні, тады быў кіраўнік вялікай моцнай дзяржавы, якога ўсе баяліся, які вырашаў усе пытанні, у тым ліку лёс людзей. Гэта Лукашэнку падабаецца. Ён галоўны, нікога роўнага яму няма. Яго тыканне паказвае абсалютнае сталінскае — адкрыта зняважлівае — стаўленне да свайго атачэння», — лічыць Аляксандр Фрыдман.

Беніта Мусаліні прыйшоў у Італіі да ўлады на пачатку 1920-х гадоў, раней за Гітлера ў Германіі. Усталяванне ім фашысцкага ладу ў краіне было расцягнутае ў часе. Ён сутыкаўся з рознымі крызісамі.

Фашызм Мусаліні — гэта імперыялістычная дыктатура, якая вяла войны і імкнулася здабыць калоніі. Але ўнутрана італьянскі фашызм быў больш умераны, у параўнанні з гітлераўскай Германіяй не такі крывавы.

Мусаліні да канца 1930-х гадоў праводзіў самастойную палітыку. У адносінах між ім і Гітлерам былі крызісы і спрэчкі. Мусаліні, напрыклад, імкнуўся захаваць незалежную Аўстрыйскую дзяржаву як буфер між Італіяй і Германіяй. Гітлер жа хацеў Аўстрыю далучыць да свайго рэйху.

2014 год. Аляксандр Лукашэнка прыляцеў на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі ў Кіеў. У той жа час Масква лічыла ўкраінскую ўладу захопленай у выніку дзяржаўнага перавароту. Справа ў першым шэрагу апладзіруе Джо Байдэн. Кадр з відэа

У гітлераўскай дыктатуры было больш фанатызму. Вялася татальная перабудова грамадства. Вынішчаліся цэлыя групы насельніцтва: яўрэі, цыганы, людзі з парушэннямі псіхікі. І гэта ўжо Мусаліні стаў пераймаць досвед Гітлера. Напрыклад, пасля 1938 года ў Італіі таксама зʼяўляюцца антысеміцкія законы. Да гэтага антысемітызм не адыгрываў значную ролю ў італьянскім фашызме, кажа Аляксандр Фрыдман.

Італьянскі фашызм і нямецкі нацызм былі рэжымамі расісцкімі. У Германіі расісцкі складнік быў больш распрацаваны і выразны. У «расавай іерархіі» нацыстаў італьянцы знаходзіліся невысока. Але іншага моцнага саюзніка ў Гітлера, акрамя Мусаліні, не было, таму ён мусіў супрацоўнічаць з ім. Але пасля таго, як у 1938—1939 гадах Італія ўцягнулася ў Другую сусветную вайну, у Мусаліні поля для манеўру не засталося.

Адольф Гітлер і Беніта Мусаліні ў Мюнхене, Германія, чэрвень 1941 года. Яны яшчэ вераць, што заваююць усю Еўропу і раздзеляць між сабою. Wikimedia Commons

Аляксандр Фрыдман заўважае, што, калі да італьянцаў Гітлер ставіўся як да «непаўнавартасных», то аўстрыйцаў лічыў часткай «германскай расы». Для Пуціна беларусы і ўкраінцы нібы такія аўстрыйцы — яны не маюць гістарычнага права на сваю дзяржаву. 

Калі Гітлер пачаў ажыццяўляць свае ваяўнічыя планы, то роля Мусаліні была дапаможнай. Такая ж роля адводзіцца Пуціным Лукашэнку. 

«Што тычыцца сённяшняй лукашэнкаўскай Беларусі, то тут пытанне, у якой ступені рэжым самастойны і наогул, ці мае сэнс параўноўваць яго з фашысцкім рэжымам Мусаліні на пачатку вайны (пры канцы яе ён быў цалкам залежны ад немцаў, якія вярнулі яго да ўлады). Альбо варта параўноўваць рэжым Лукашэнкі з рэжымамі марыянеткавых дзяржаваў, якія гітлераўцы насаджалі ў Еўропе і кантралявалі іх. Напрыклад, рэжым Квіслінга ў Нарвегіі», — разважае Аляксандр Фрыдман.

Але і тут ёсць свае «але». «Лукашэнка дагэтуль марыць пра сусветную палітыку, ён упэўнены, што перарос Беларусь. Дыскусіі пра ядзерную зброю ён разглядае як новы шанец для сябе. У 1990 гады Лукашэнка мроіў кіраваць Крамлём, што будзе ядзернай зброяй пагражаць свету, але Пуцін усё перакрэсліў. Цяпер зноў ён бачыць магчымасць далучыцца да расійскага праекта», — мяркуе Фрыдман. 

З амбіцыяў Лукашэнкі захапіць уладу ў Расіі пасмейваліся, але такі варыянт не выглядаў ужо зусім фантастычным, дадае ён.

Вядома, што расійскі алігарх Барыс Беразоўскі разглядаў беларускага палітыка, як магчымага прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду ў Расіі і разлічваў, што «калгаснікам» Лукашэнкам здолее маніпуляваць.

«Калі б Лукашэнка дарваўся да ўлады ў Расіі, то для тых, хто яму дапамагаў, гэта стала б самагубствам», — перакананы Аляксандр Фрыдман.

Віктар Ганчар і Аляксандр Лукашэнка. Віктар Ганчар, дэпутат Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў. Быў у выбарчым штабе кандыдата ў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі. Адмовіўся прызнаваць вынікі рэферэндуму 1996 года. Быў зняты Лукашэнкам і перайшоў у апазіцыю да яго. Віктар Ганчар знік у Мінску 16 верасня 1999 года разам са сваім сябрам — бізнэсменам Анатолем Красоўскім. Паводле неафіцыйных звестак, абодва забітыя. Фота: Уладзімір Кармілкін

Палітыкі, якія прывялі Лукашэнку да ўлады, бачылі ў ім таран, каб прыйсці да ўлады самім. Але недаацанілі яго, як у свой час бальшавіцкае кіраўніцтва недаацаніла Сталіна, і як розныя часткі нямецкіх элітаў у 1933 годзе не разгледзелі, што сабою ўяўляе Гітлер.

«Хто застаўся за гэтыя гады з Лукашэнкам? — пытаецца Аляксандр Фрыдман. — Адзіны чалавек, які заўсёды пры ім, — Віктар Шэйман. Ганчар забіты, Фядута сядзіць, Булахаў памёр. Сініцына і яму падобных даўно няма ў палітыцы.

Для Лукашэнкі 1994 год быў шанцам, і ім ён скарыстаўся. Ён пайшоў ва-банк: альбо захопіць і адбудуе сістэму, якую хоча, альбо не атрымаецца нічога. Удалося! З 1994 года ў розных сітуацыях ён ідзе ва-банк, адкідваючы кампрамісы, і пакуль выграе».

Але, на думку Фрыдмана, са знікненнем Лукашэнкі разбурыцца і выбудаваны ім лад. Гістарычныя прыклады гавораць не на карысць палітыка.

Аляксандр Лукашэнка. Кадр з відэа

«Лукашэнка перажыў выклік 2020 года, але што далей? — пытаецца гісторык, падсумоўваючы. — Як выбудаваць сістэму, якая дакладна зможа існаваць без Лукашэнкі? Як пазбегнуць пераследу? Гэта пытанні пра будучыню, а адказаў няма…»

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Пра «ілюзію Бабарыкі» і «непрадказальнае, якое нас чакае». Гісторык Фрыдман параўноўвае лукашызм з іншымі дыктатурамі і ўпэўнены, што моладзь спытае: «Як так атрымалася, што ўсё навокал расійскае?»

Гэты філосаф пісаў пра віну краіны-агрэсара і тое, хто павінен несці адказнасць. Яго развагі маюць значэнне і для нас

«З дапамогай «ядзернай дубінкі» Пуцін хоча паказаць усяму свету, што імперыя вярнулася»

Каментары8

  • Гістарычны ўрок
    01.05.2023
    Лукашэнку варта было б памятаць, чым скончылася «карпаратыўная дзяржава» Мусаліні: італьянцы пакаралі яго сьмерцю за тое, што ён быў нямецкаю марыянеткаю, а ягонае цела і цела каханкі павесілі на плошчы для абразы й ганьбы народу.
  • Яўген
    01.05.2023
    На здымку відаць, што Краўчук і Кучма добра разумеюць, што за персанаж перад імі. А Байдан і Юшчанка пляскаюць у ладкі.
  • Freddy
    01.05.2023
    чушь. Лукашенко продукт комуняцкой идеологии. К Муссолини он не имеет никакого отношения. Маркс Энгельс и Ленин его духовные учителя. 

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным27

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Усе навіны →
Усе навіны

«Тры-пяць разоў перакуліліся»: Аляксандр Саладуха з сынам трапіў у жудаснае ДТЗ — ФОТЫ15

Выйшаў на свабоду доктар-неўролаг Аляксандр Цялега

«Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну8

Беларус-дальнабойшчык знайшоў у сваім рэфрыжаратары двух нелегальных мігрантаў1

Канапацкая падзякавала камуністам за дапамогу, але сама застаецца «нацдэмкай»7

«У нас іншыя прыярытэты цяпер». Расія можа не прыйсці на дапамогу Асаду6

Расійскі віцэ-прэм'ер расказаў, калі ўвядуць агульную валюту з Беларуссю1

Купля трактароў з Беларусі прынесла праблемы польскім фермерам2

Шайгу заявіў пра падрыхтоўку беларускіх экіпажаў комплексаў «Іскандэр»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным27

Стала вядома, што за дамову ўчора падпісалі Лукашэнка з Пуціным

Галоўнае
Усе навіны →