«Жыць будзеш, але бабы не захочаш». Як у 1939 Беларусь аб'ядналася
85 гадоў таму, 17 верасня 1939 года, савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. СССР падзяліў Усходнюю Еўропу з гітлераўскай Германіяй. Але для беларусаў і ўкраінцаў гэтая змова монстраў парадаксальна азначала ўз’яднанне, гістарычны шанец. Шляхі гісторыі часта няпростыя, піша Мікола Бугай.
Фальсіфікацыя гісторыі пачынаецца з датаў: у нас днём пачатку вайны традыцыйна называюць 22 чэрвеня 1941, калі Германія напала на СССР. Аднак для беларусаў, як і для палякаў ды ўкраінцаў, Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года.
Калі 70 тысяч беларусаў ваявала ў польскім войску. Сярод іх — Янка Брыль, марпех з-пад Карэліч, а пазней — народны пісьменнік Беларусі, які напісаў пра перажытае тады сваю значную кнігу «Птушкі і гнёзды».
Гінулі не толькі жаўнеры. Люфтвафэ бамбардзіравала аэрадромы, чыгуначныя вузлы і нават звычайныя станцыі, масты і проста гарады і вёскі. У выніку пацярпелі Гродна, Ліда, Кобрын, Баранавічы, Ганцавічы, вёска Страдзічы Брэсцкага раёна. Лік ахвяр, у тым ліку сярод мірных жыхароў, ішоў на сотні.
Прычым бамбардзіроўкам заходнебеларускіх населеных пунктаў і мірных жыхароў спрыяў Савецкі Саюз: па просьбе германскага боку ад 4 верасня з Мінска падаваліся спецыяльныя радыёсігналы ў якасці дапамогі для арыентацыі налётаў нямецкай авіяцыі.
Інфармацыю пра першую абарону Брэсцкай крэпасці ў савецкі час таксама замоўчвалі. З 14 па 17 верасня палкі са значнай колькасцю беларусаў пад камандаваннем генерала Канстанціна Плісоўскага абаранялі крэпасць ад 19-га танкавага корпуса Гудэрыяна. Пасля таго, як супраціў стаў бесперспектыўным у сувязі з уступленнем на тэрыторыю Польскай Рэспублікі Чырвонай Арміі, абаронцы Брэсцкай крэпасці пакінулі яе і адступілі ў кірунку Валыні, каб праз Карпаты дабрацца да Румыніі.
20 верасня 1939 года салдаты наступаючых армій СССР і Германіі ўпершыню сустрэліся. Не ўсюды тыя сустрэчы праходзілі цёпла. Ля Львова нават адбылася савецка-нямецкая сутычка з ахвярамі з абодвух бакоў (фактычна першы бой паміж бальшавікамі і нацыстамі, калі не лічыць грамадзянскую вайну ў Іспаніі, дзе так ці інакш былі прадстаўленыя абодва бакі).
Мела месца нямецка-савецкая сутычка і на тэрыторыі Беларусі: 23 верасня ля Відамлі (цяпер Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) часці 10-й танкавай дывізіі вермахта абстралялі конны раз’езд разведбатальёна 8-й стралковай дывізіі. У выніку абстрэлу два чалавекі загінулі і яшчэ дваіх паранілі. У адказ з бронемашын разведбатальёна быў адкрыты агонь па нямецкіх танках, адзін з якіх быў знішчаны разам з экіпажам.
Гэтыя інцыдэнты, аднак, мелі прычынай толькі збоі ў камунікацыі.
28 верасня 1939 года, калі яшчэ не астылі папялішчы Варшавы, паміж СССР і Германіяй была падпісаная чарговая дамова аб дружбе і мяжы, якая прадугледжвала новую лінію размежавання на польскай тэрыторыі і сферы ўплыву адносна пакуль суверэннай літоўскай дзяржавы.
29 кастрычніка Народны сход Заходняй Беларусі прыняў дэкларацыю пра прыняцце яе ў склад БССР. 2 лістапада 1939 года афіцыйна Крэмль задаволіў тую «просьбу», што толькі потым, 14 лістапада, прадубляваў Вярхоўны Савет БССР — усё вырашыла Масква, мясцовыя «органы ўлады» і сходы былі бутафорыяй.
А пабытовае аб’яднанне Беларусі адбылося яшчэ пазней, толькі пасля вайны. Рэч у тым, што ў 1939 годзе нядаўнюю савецка-польскую мяжу па-ранейшаму нельга было перасякаць. Яна пільна ахоўвалася вялікімі сіламі памежнікаў. З 17 верасня 1939 года да канца чэрвеня 1941-га гэта была фактычна мяжа беларуска-беларуская.
Многія беларусы і яўрэі віталі Чырвоную Армію і савецкую ўладу. Штампам стала паведамленне пра ўзвядзенне вітальных брамаў у гарадах, мястэчках і нават сёлах — на ўзор тых, якія ставілі на вітанне асаблівых гасцей.
Але і савецкая армія, і савецкая ўлада хутка расчаравалі. Чырвонаармейскія коні былі худымі — руплівыя беларускія сяляне гэта ўспрымалі як зладзейства або прыкмету крайняй бесталковасці; вайскоўцы, нават афіцэры — беднымі, многія з іх самі савецкую ўладу і камісараў ненавідзелі.
«Ну што, жыць будзем?» — спытаўся мой дзед, закурыўшы з першым сустрэтым чырвонаармейцам. Той ад махоркі не адмовіўся, але адказаў, аглядзеўшыся: «Жыць будзеш, але бабы не захочаш».
Неўзабаве папулярнасць набылі новыя, ужо антысавецкія прыказкі: «За царом пілі чай з пірагом. Як прыйшлі палякі, елі хлеб траякі — то белы, то чорны, а то ніякі. А калі прыйшоў савет — пабачыла с*ака свет». Гэта значыць, згалелі так, што ў драных штанах ходзім.
Вусная, сямейная гісторыя, якую расказвалі дзецям і ўнукам, была і застаецца прышчэпкай ад савецкіх і сённяшніх фальсіфікацый.
А пасля пачаліся яшчэ і арышты, дэпартацыі — заможных, палітычна актыўных, былых службоўцаў. Пачалася канфіскацыя ўласнасці і разбурэнне рынкавай эканомікі.
Але нягледзячы на гэтыя страты, пакуты, а для многіх — і жахі, для беларусаў 1939 год парадаксальна азначаў уз’яднанне, хоць не ўсёй этнічнай тэрыторыі, але большасці яе. Што яшчэ раз даказвае — шляхі гісторыі часта няпростыя.
Да 2020 года дзень 17 верасня не адзначалі, а толькі сціпла ўспаміналі. Але калі народ паказаў, што хоча змены сістэмы, было вырашана яго загнаць назад у стойла. Для гэтага інтэнсіфікавалі прапаганду. 17 верасня назвалі Днём народнага адзінства — з празрыстай мэтай распальвання варожасці да Польшчы, якая стала для людзей прыкладам паспяховай дэмакратычнай дзяржавы — жывым кантрастам з дыктатурай Лукашэнкі. У той жа год, калі быў прыдуманы дзень «адзінства», разгарнуліся масавыя рэпрэсіі, а расійская армія пачала падрыхтоўку да нападу на Украіну. Аднак 1939 год паўтарыць не ўдалося: новыя молатавы не знайшлі новага рыбентропа.
Каментары