Культура

Старажытнасці з разрабаваных музеяў Судана прадаюцца за бесцань на аўкцыёнах

Дзясяткі тысяч артэфактаў з Нацыянальнага музея ў Хартуме, які славіцца найвялікшым пасля Каірскага музея зборам старажытнасцяў у Афрыцы, былі выстаўлены ў інтэрнэце па 200 даляраў за кожны. Яны сталі здабычай мяцежнікаў, якія пры падтрымцы Расіі вядуць з 2023 года кровапралітную вайну з узброенымі сіламі Судана.

Статуі кушанскага цара Натакамані перад фасадам Нацыянальнага музея ў Хартуме. Фота: AP Photo/Mosa'ab Elshamy

Вайна, пра якую ў Еўропе мала хто чуў, стала прычынай гібелі дзясяткаў тысяч суданцаў, яшчэ блізу 10 мільёнаў вымушаны ўцякаць, больш як 2 мільёны — за мяжу.

У Судане за апошнія гады адбылося некалькі ўзброеных пераваротаў. У выніку апошняга з іх у 2021 годзе да ўлады прыйшла вайсковая хунта. Хунту ўзначаліў камандуючы Узброенымі сіламі Судана Абдэль Фатах аль-Бурхан, які сканцэнтраваў усю ўладу ў сваіх руках, пакінуўшы былых паплечнікаў ні з чым.

Статуя фараона Тахаркі з нубійскай дынастыі з Джебель-Баркал. Фота: Wikimedia Commons 

Адзін з іх, камандзір Сіл аператыўнай падтрымкі Махамед Хамдан Дагала, не пагадзіўся на прапанаваны план уваходжання свайго фарміравання ў склад Узброеных сіл. Дагала падняў паўстанне, хутка захапіўшы большую частку поўдня Судана. З красавіка 2023 года не сканчаюцца баі за сталіцу Хартум і яе ваколіцы, дзе пражывае больш за 6 мільёнаў чалавек. 

У чэрвені 2023 года пад кантроль Сіл аператыўнай падтрымкі, на баку якіх ваюе і расійская ПВК «Вагнер», перайшоў раён горада, дзе размяшчаецца Нацыянальны музей Судана. У яго калекцыі захоўваецца звыш 100 000 прадметаў, сярод якіх адны з найстаражытнейшых мумій у свеце, якія датуюцца 2500 г. да н. э., а таксама статуі, кераміка і старажытныя фрэскі і артэфакты ад каменнага веку да хрысціянскай і ісламскай эпохі.

Гэтыя каштоўнасці прыцягнулі рабаўнікоў, якія вывезлі з музея дзясяткі тысяч артэфактаў. У верасні 2024 года нацыянальная вяшчальная кампанія Судана паведаміла, што музей падвергся «буйнамаштабнай аперацыі па разрабаванні і кантрабандзе». Спадарожнікі зафіксавалі, як грузавікі з каштоўнасцямі пакідаюць музей і накіроўваюцца да межаў Судана, у тым ліку да межаў з Паўднёвым Суданам.

Фрэска з выявай Нараджэння Ісуса Хрыста XI ст. з сабора ў Фарасе, якая захоўваецца ў Нацыянальным музеі Судана. Большая частка фрэсак з сабора, які быў выяўлены ў 1961—1964 гг. польскімі археолагамі, была перададзена ў збор Нацыянальнага музея ў Варшаве, дзе сёння займае асобную залу. Фота: Wikimedia Commons

Аб разрабаванні таксама паведамлялася ў двух іншых буйных суданскіх музеях: доме Халіфа ў горадзе Амдурман і музеі горада Ньяла ў штаце Паўднёвы Дарфур.

Паводле брытанскай газеты The Times, тысячы суданскіх артэфактаў, у тым ліку тыя, якія былі выкрадзеныя з Нацыянальнага музея ў Хартуме, былі пасля выстаўленыя на продаж на eBay за 200 даляраў. Вялікая калекцыя ўключае ў сябе артэфакты перыяду палеаліту і знакамітага гарадзішча Керма ў паўночным Судане, а таксама артэфакты часоў нубійскіх фараонаў.

Прадстаўнік ЮНЕСКА заявіў, што пагроза найвялікшым скарбам Судана дасягнула «беспрэцэдэнтнага ўзроўню», і заклікаў прыватных калекцыянераў і гандляроў не купляць іх. Арганізацыя таксама занепакоена пагрозай для іншых гістарычных аб'ектаў.

Баранагаловы сфінкс на ўваходзе ў музей.

Па словах экспертаў, карціны, залатыя вырабы і кераміка, выстаўленыя на eBay як егіпецкія старажытнасці, хутчэй за ўсё былі менавіта з Судана. Шэраг тавараў былі выдалены з сайта пасля таго, як з eBay звязалася брытанскае выданне.

Цяпер улады Судана звярнуліся да Інтэрпала, каб адшукаць злачынцаў і вярнуць скрадзеныя артэфакты.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Статкевіча намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру2

Статкевіча намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру

Усе навіны →
Усе навіны

«Рэкамендаваць краіну нікому дакладна не буду». Беларуска-палітэмігрантка паехала на адпачынак у Венесуэлу — і была затрыманая паліцыяй5

Малдова афіцыйна заявіла пра непрызнанне выбараў Лукашэнкі2

Адэсіт, які перажыў Халакост, параўнаў у Бундэстагу Гітлера і Пуціна1

Аператарам сотавай сувязі не дазволяць павышаць цэны на паслугі2

Кабінет хоча стварыць Фонд для беларусаў. Расказваем, каму ён будзе дапамагаць20

Стаўкі ўтыльзбору на аўто прыраўняюць да расійскіх. Вось чаму гэта кепская навіна для аўтамабілістаў7

Новыя ўлады Сірыі патрабуюць ад Расіі выдаць Башара Асада3

Горад Часаў Яр захоплены Расіяй пасля года крывавых баёў 1

У Маларыце затрымалі мужчыну, які зняў дзяржаўны сцяг з фасада аптэкі. Кажа, хацеў павесіць на лецішчы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Статкевіча намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру2

Статкевіча намінавалі на Нобелеўскую прэмію міру

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць