Усяго патроху

Дажынкі на балконах. Беларускі пахваліліся, якія ўраджаі сёлета сабралі на мініяцюрных гародзіках

Летась «Зялёны партал» пісаў, як дзве беларускі з Беластока стварылі гародзікі на сваіх балконах і прыдумалі хэштэг #эміграцыяненагоданесадзіцьбульбу. Цяпер у іх спыталіся, ці памянялася што за год. Аказалася, што бульбу яны сёлета не садзілі. Затое вырасла яна на балконе ў беларускі Наталлі ў Ізраілі.

Агародзік на гаўбцы. Фота - Марыі
Агародзік на балконе. Фота Марыі

«Такая асалода, як з сапраўднага гарода!»

«Летась у мяне бульба была вельмі высокая, здаровая. А ў мяне маленькі балкон, 0,5х1,2 метра. Яна палову месца заняла, — расказвае Вольга з Беластока. — Сёлета памідоры чэры пасадзіла. Вельмі салодкія. Як саспявалі, я іх на балконе і ела. Бывае, лісце патрушчу, а яно пахне, нагадвае пра сапраўдны гарод.

Летась я садзіла нізкарослыя памідоры, і яны хутка адпладаносілі, ужо ў ліпені. А сёлета пасадзіла высокарослыя чэры — і ў верасні яшчэ ёсць плады. Думаю, будуць да маразоў. А галоўнае — пах!

Агуркі пасадзіла дужа рана, яны рана і саспелі. Увесну было прахалодна, то я іх перастаўляла з балкона на падваконне ў кватэры. Яны ўжо былі вялікія, віліся, я ставіла ім падпоркі. Яшчэ не было ў продажы такіх гуркоў, то я ўсе свае пахрумсцела.

Агуркі. Фота - з архіва гераіні
Агуркі. Фота — з архіва гераіні

Першыя два гуркі з’ела, калі яшчэ на падваконні выраслі. Улетку ўжо паставіла на стале на балконе. Мне вельмі падабаецца пах гуркоў. Я іх зрываю і ем не мыючы, толькі абціраю.

Такая асалода, як з сапраўднага гарода! Налета пасаджу больш агуркоў, можа, два разы на сезон. Нават тры разы, я лічу, можна. І тады яны будуць да маразоў.

Я раю садзіць агуркі раней, можна ўжо ў сакавіку, адразу па адным, каб потым не перасаджваць у гаршочкі. Хаця б два-тры гурочкі пасадзіць. А потым можна пазней яшчэ. Яны не будуць доўга расці, бо ў гаршку мала зямлі.

Таматы. Фота -з архіву гераіні
Таматы. Фота — з архіва гераіні

Гэта не так, як у гародзе, на балконе троху карацейшы перыяд вегетацыі. Агуркі любяць цеплыню і ваду. Але нават калі пачынаюцца зазімкі, то не становяцца горкімі. А вось улетку, калі мала вады, могуць гарчыць.

Сёлета ў мяне зеляніна яшчэ была: пятрушка, кроп. Нейкага ўрачыстага моманту дажынак не было. Я зрэзала чабор і сушу на гарбату. Засталіся кветкі, даспяваюць некалькі памідорак. Яшчэ расце пятрушка і размарын. Гуркі ўжо ссохлі».

«Парэчкам не падабаецца жыць у вядры, але іншых умоў я для іх не маю»

«Сёлета ў мяне неймаверныя памідоры. Яны не спыняюцца. Ужо халодна, ужо пачаліся туманы, але гэта іх не спыняе, — кажа беларуска Марыя, якая таксама жыве ў Беластоку. — У мяне было два сарты памідораў: адныя адмыслова для балкона, а другія — чэры.

Першыя трошку пацвілі, далі некалькі памідораў — і адышлі ў лепшы свет. А чэры вырашылі, што восень не для іх. Я не ведаю ўжо, як закрыць гэта пытанне з памідорамі. І выкінуць шкада, бо яны так ужо чапляюцца за жыццё, і надакучылі ўжо мне. Але вось. Тырчаць новыя кветкі.

Яшчэ ў мяне сёлета ўраджай баклажанаў. Яны памерам з палец, але ўсё ж — баклажаны! Добра сябе паказалі гурочкі. Мы з’язджалі, і яны такія: «Ну, што ж, будзем выжываць у цяжкіх умовах».

Базілік. Фота - з архіва гераіні
Базілік. Фота — з архіва гераіні

Класічны мой ураджай — гэта суніцы. Я іх усім раю саджаць у маленькія збаночкі. Выходзіш на балкон, а ў цябе пахне суніцамі. З’ясі пару ягадак — і ўжо дзень здаецца лепшым.

У мяне сёлета расло шмат зёлак. Ужо пазразала-пасушыла. Чабор мяне дужа пацешыў, размарын. Лаўровы ліст я падкарміла, падстрыгла, і ён пачаў расці не туды, куды трэба, але не здаецца, расце, малайчына.

Сёлета ў мяне былі першыя парэчкі. Пяць ягадак я зняла. Парэчкам не падабаецца жыць у вядры, але іншых умоў я для іх не маю.

Ураджай. Фота - з архіва гераіні
Ураджай. Фота — з архіва гераіні

На мінулых выхадных я перабірала свой гародзік. Ужо нешта пажаўцела, нешта адцвіло. Было такое падвядзенне вынікаў. Наводзіла парадак. Нібыта закрываю зямлю на зіму, такое было адчуванне.

Бульбы і перцаў я сёлета не садзіла. Летась перцы стараліся, напэўна, да Новага года. Ужо сонца не было. Ужо яны такія кволыя. Ужо не час для перцаў. Але яны такія: «Не, мы не збіраемся!»

Агулам у Беластоку вырошчваюць кветкі. Складана знайсці дом, дзе не было б ніводнага балкона з кветкамі. Звычайна хаця б парачка. Недалёка ад мяне ёсць балкон з памідорамі вышэй за чалавечы рост. Я ім натхняюся».

«Мой муж марыць, каб у нас было столькі гуркоў, каб яшчэ і маласольныя рабіць»

«Калі я была маленькая, у нас было лецішча, і мяне прымушалі там працаваць. І я казала, што калі вырасту, нічым такім займацца не буду, — прызнаецца беларуска Наталля (у мэтах бяспекі імя змененае), якая жыве ў Ізраілі. — Таму гарод на балконе нават для мяне самой — дзіўная гісторыя.

Раней я жыла на самым поўдні Ізраіля і там было немагчыма нічога вырошчваць, бо тэмпература падымалася да 50 градусаў. Цяпер жыву на ўзгорках каля Іерусаліма, і тут даволі лагодны клімат, падобны да еўрапейскага: улетку рэдка бывае больш за 35 градусаў, вялікая розніца паміж дзённай і начной тэмпературай, дзьме вецер.

Ізраільскі агародзік на гаўбцы. Фота - з архіва гераіні
Ізраільскі агародзік на балконе. Фота — з архіва гераіні

Раслінам тут добра. Балкон у нас вялікі і прыгожы, і ён нібы напрошваўся, каб яго чым-небудзь засадзілі. Кветкі я ўжо даўно саджала, жывучы ў розных краінах. Яны давалі адчуванне дому і ўтульнасці. А на цяперашнім балконе муж зрабіў мне градку з дрэнажом, прыкладна 3х1,5 м. І я саджаю не толькі кветкі, а і розную гародніну.

Ідэя пасадзіць агуркі была даўно. Я не люблю ізраільскія агуркі. Яны абсалютна не падобныя да тых, да якіх мы прызвычаіліся — вялікія, з грубай скуркай. Каб з’есці, іх трэба чысціць, і ўсё адно гэта зусім не тое.

Калі мы пераехалі ў цяперашнюю кватэру, я пасадзіла гуркі ў пачатку верасня. Ураджай пачаўся ў канцы кастрычніка і апошні гурок я зняла 25 лістапада. У лютым я пасадзіла новыя гуркі і ад вясны да лета, да пачатку вялікай спёкі, у нас быў другі ўраджай.

Ураджай. Калаж - гераіні
Ураджай. Калаж — гераіні

Іх не было столькі, каб марынаваць, але хапала, каб паесці самім і пачаставаць сяброў. Мой муж марыць, каб у нас было столькі гуркоў, каб яшчэ і маласольныя рабіць.

Я саджала таксама памідоры і кусцік бульбы. Жартавала, што саджу бульбу не дзеля пладоў, а на кветкі. Звычайна ў мяне расце таксама нейкая зеляніна. Яшчэ купілі і пасадзілі два кусты дурніцаў. Яны ў мяне адзін сезон ужо пладаносілі.

З мясцовых ізраільскіх раслін у нас ёсць пасіфлора альбо маракуя. Яна вельмі прыгожа віецца, і плады смачныя. Яшчэ ў нас расце дрэва кумквату. Гэта маленькія цытрусавыя, якія ядуць са скуркай. Такі стымулятар ранкам, як цукеркі.

Для мяне гародзік на балконе — гэта форма настальгіі, сувязі з Радзімай. Бывае, я стэлефаноўваюся з мамай і абмяркоўваю, што трэба зрабіць у гародзе. Мама дае мне парады.

Шмат маіх сяброў з тых, што засталіся ў Беларусі, набылі дамы і таксама нешта вырошчваюць. Такім чынам у нас з імі агульны працэс. Ён вельмі стваральны, займае рукі.

Ізраільскі агародзік на гаўбцы. Фота - з архіва гераіні
Ізраільскі агародзік на балконе. Фота — з архіва гераіні

У Ізраілі такім не займаюцца. Вырошчваюць ці кветкі, ці пладовыя дрэвы. Лецішчаў проста няма. Тут амаль не прадаецца ні насенне, ні расада. Кола аматараў агародніцтва маленькае, людзі абменьваюцца расадай. Але агулам гэта нетыпова для Ізраіля. Для рускамоўных тут агародніцтва — гэта форма настальгіі.

Калі б у мяне быў дом на зямлі, я ва ўсю разгарнулася б. З другога боку, на гаўбцы абмежаваная плошча і не трэба сыходзіць у агародніцтва з галавой».

Каментары

«У СІЗА мы з мамай прыдумалі умоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў

«У СІЗА мы з мамай прыдумалі умоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў

Усе навіны →
Усе навіны

Дроны УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Адыгеі

Гродзенцы пра тое, як страцілі магчымасць зарабляць на прыгранічным бізнэсе6

У цэнтры Вільні ўчора ўпаў метэазонд з кантрабандай3

Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска1

Пісьменніца Лілі Эберт, якая выжыла ў Асвенціме, памерла ва ўзросце 100 гадоў

Смяротны ўраган «Мілтан» ударыў па Фларыдзе1

Краўцоў разважае, чаму Лукашэнка не ідзе на перамовы з Захадам4

У Краснадарскім краі УСУ пацэлілі ў склад з боепрыпасамі

Мазырскі НПЗ пакуль так і не аднавіў аб'ёмы вытворчасці, якія былі да летняга ўрагану. Магчыма, робіць гэта свядома4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У СІЗА мы з мамай прыдумалі умоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў

«У СІЗА мы з мамай прыдумалі умоўны знак». Сын вядомай актывісткі Таццяны Канеўскай расказаў, што перажыў

Галоўнае
Усе навіны →