Ці прыйдзе беларускі Хрушчоў пасля Лукашэнкі? Мікола Бугай адказвае Дракахрусту
Беларускім Хрушчовым можа стаць хто заўгодна — хоць Віктар Лукашэнка, хоць Качанава, мяркуе Юры Дракахруст. Гэта некарэктнае мысленне.
«Хто можа стаць беларускім Хрушчовым? Любы хто заўгодна. Умоўна кажучы, і Віктар Лукашэнка можа стаць, калі бацька перадасць яму ўладу. Ці тая ж Качанава, якая надаўна школьнікам расказвала, якія цудоўныя былі выбары ў савецкі час. Гэта жах, канечне, але сёння яна такое кажа, а потым расклад зменіцца. І таму мой адказ: ніхто і любы. Зараз такія прыкметы зусім не абавязкова павінны быць», — сказаў Юры Дракахруст.
«Той жа Круты, не выключана, працягне курс на рэпрэсіі, а той жа Галоўчанка, чалавек старой школы, можа стаць тым самым Хрушчовым. І не таму, што ён так думае, што ён у душы таемны змагар. А таму што расклад змяніўся. Змянілася тое, што можна і чаго нельга.
А потым, ведаеце, людзі з нашага кола часта не ўлічваюць тую думку, што для таго, каб быць дыктатарам, трэба мець пэўныя якасці характару, душы. Груба кажучы, патрэбная моцная рука.
А калі ў цябе такой рукі няма, то нейкая лібералізацыя, адпусканне лейцаў адбываецца не таму, што ты іх вырашыў адпусціць. А проста таму, што ў цябе няма моцнай рукі, каб іх трымаць», — працягвае Дракахруст.
Прыгожа сфармулявана, але любыя паралелі між цяперашняй беларускай сітуацыяй і савецкай, спробы спрагназаваць развіццё падзей на аснове праекцый з савецкай гісторыі маюць адну хібу.
Фундаментальнае адрозненне беларускай сітуацыі ад савецкай у тым, што Савецкі Саюз быў самастойным целам, планетай, так бы мовіць, а цяперашняя Беларусь — несамастойнае цела, спадарожнік.
Хрушчоў — як і Дэн Сяапін у Кітаі — быў магчымы, таму што СССР і Кітай былі самастойнымі дзяржавамі.
Між тым ні ў адной краіне савецкага лагера, а тым больш рэспубліцы Саюза смерць камуністычнага кіраўніка не прыводзіла да сутнаснай змены сістэмы. Ні змена Георгіу-Дэжа на Чаўшэску, Гамулкі на Герка, ні змены Снечкуса на Грышкявічуса, Мазурава на Машэрава. Так, стылістычныя змены былі і залежалі ад асобы першага сакратара. Але не правілы гульні. Правілы гульні вызначаліся ў Маскве. І як толькі Надзь ці Дубчак парушалі іх ці былі нясхільныя ці няздольныя вярнуць іх у ранейшы стан, іх адхілялі.
У той жа час любая сутнасная перамена ў Маскве даміношна выклікала змены ў залежных краінах. Берута змяняў Гамулка, Чарвенкава — Жыўкаў, а калі пасыпаўся СССР, то вялікія перамены адбыліся і ва ўсіх краінах, якія толькі самі хацелі тых перамен (і нават у тых, якія самі не хацелі).
Таму ад асабістых якасцей наступнага кіраўніка можа залежаць толькі стылістыка, а не сутнасць сістэмы. Больш будзе залежаць ад сілы ці слабасці Расіі, яе здольнасці ці няздольнасці далей фінансаваць тыраназаўра ў Мінску і зменаў у мадэлі эканамічных адносін у свеце.
Таму далёка не факт, што ў нас будзе свой Мікітушка. Я б сказаў, што залежыць не ад таго, хто будзе пасля Лукашэнкі, а ад таго, калі адыдзе Лукашэнка, у які гістарычны момант.
Многія беларусы шмат робяць, каб Беларусь здабыла незалежнасць, менавіта таму гэта непазбежна некалі здарыцца. Але пакуль залежнасць Мінска ад Масквы настолькі моцная, як цяпер, больш імаверна, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца, калі ў Расіі Пуціна зменіць новы Хрушчоў. А там то акурат патэнцыйных Хрушчовых — больш чалавечных і менш фанатычных — не бракуе. А пасля ўкраінскай мясарубкі то хіба што і новыя Жукавы з’явіліся.
Каментары
У гэтых разважаннях поўнасцю адсутнічае народ , змаганне за права людзьмі звацца