Грамадства1717

Беларусь — фашысцкая дзяржава? Філосаф Павел Баркоўскі кажа, што так. А што рабіць? «Максімальнае несупрацоўніцтва з сістэмай»

Пагутарылі з ім пра сэнсы, якія сёння навязваюць беларусам. А таксама пра будучыню і як сябе да яе падрыхтаваць.

«У праўладнай версіі гісторыі ёсць толькі адзін «правільны» спосаб яднання беларусаў і канструявання іх будучыні, і ён звязаны з маскоўскім праектам»

«Наша Ніва»: Гутарым з вамі напярэдадні 17 верасня, які лукашэнкаўцы на трэцім дзясятку гадоў свайго кіравання абвясцілі «Днём народнага адзінства». Навошта ўладам гэтае свята?

ПБ: Пасля падзей 2020 года ўлада страціла папулярнасць у народзе, і ёй важна было сцвердзіць, што ўлада і народ нібыта адзіныя. Таму і патрэбныя гэтыя дні адзінства, якія б на сімвалічным узроўні гэта падкрэслівалі. Яшчэ з савецкіх часоў у нас прынята лічыць, што калі нешта святкуецца — напрыклад, народнае адзінства — то так яно і ёсць, хаця гэта і не абавязкова праўда.

Другое пытанне — чаму выбралі менавіта гэтую дату, і тут відавочны закід у бок заходняга суседа, Польшча для беларускай улады цяпер сімвалічны вораг. Таму і ёсць такі ўкол у бок Польшчы, маўляў, глядзіце, мы святкуем дату вашай нацыянальнай паразы, бо гэта ў тым ліку і дзень, калі польскую дзяржаву разарвалі на кавалкі. Гэта яшчэ і пасыл: мы супраць вас і за працяг старога савецкага наратыву.

«НН»: У чым гэты наратыў?

ПБ: Гэта працяг яшчэ больш старога наратыву пра збіранне славянскіх земляў вакол адзінага цэнтра — Масквы — і пра тое, што ўсе астатнія суседзі разглядаюцца альбо як канкурэнты на гэтым шляху, або як ворагі. Адпаведна, адзіны нібыта правільны шлях для Беларусі — гэта быць разам з Расіяй, у якім бы дзяржаўным абліччы яна ні выступала, і адпаведна варагаваць з польскімі панамі, як гэта разглядалася ў савецкіх падручніках гісторыі.

«НН»: Улада спрабуе навязаць беларусам сваю сістэму каардынат?

ПБ: Безумоўна, гэта ідэалагічная накачка. Беларуская ідэалогія — гэта, хутчэй, пра тое, каб змусіць людзей верыць у тую версію гісторыі, якую нам назойліва прапануюць. У праўладнай версіі гісторыі ёсць толькі адзін «правільны» спосаб яднання беларусаў і канструявання іх будучыні, і ён звязаны з маскоўскім праектам, усе ж астатнія шляхі, пачынаючы ад БНР, нібыта няправільныя.

Відавочна, што ўладзе важна праводзіць гэты свой ідэалагічны ўкід у бок грамадства і прапаноўваць тыя даты, якія не ўкладаюцца ў нацыянальны наратыў, які прапануюць праціўнікі гэтай улады.

«НН»: І ім удасца навязаць беларусам гэты наратыў?

ПБ: Людзям, якія выхоўваліся ў незалежнай Беларусі, будзе цяжка навязаць гэтыя сімвалічныя каардынаты. Такія дзеянні, хутчэй, разлічаныя на мабілізацыю прыхільнікаў, якія і без таго падзяляюць гэтыя ўмоўна рускамірныя ідэі і якім гэты наратыў добра кладзецца на душу. Таксама яны хочуць уздзейнічаць на моладзь, перадусім на школьнікаў, каб стварыць для іх такую сістэму каардынат, дзе незалежнасць краіны чамусьці святкуюць у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адпаведна, для іх дзень адзінства — гэта дзень, калі Беларусь, фактычна разарваную да гэтага, з’ядналі праз нейкія агрэсіўныя планы Крамля. У тактычным плане я не вельмі разлічваю на поспехі такіх ініцыятыў, наўрад ці і самі ўлады на гэта разлічваюць. Але калі нам вельмі не пашанцуе і вайна ва Украіне не прывядзе да зламання новай расійскай імперыі, то апусціцца жалезная заслона, і за ёй сфармуецца пакаленне людзей, якія будуць ва ўсё гэта верыць.

«Калі ты ўжо не ведаеш, што рабіць, ты ходзіш і громіш кватэры тых, хто з’ехаў, і пазбаўляеш іх грамадзянства»

«НН»: Навіны пра амністыю і магчымае пазбаўленне грамадзянства — гэта крок у якім кірунку?

ПБ: Сённяшняя амністыя — гэта рэакцыя ўлады на тое, што яна агулам страціла магчымасці весці дыялог з Захадам. Сімвалічна, што беларускую ўладу не запрасілі на пахаванне брытанскай каралевы, куды запрасілі, здаецца, усіх каго можна, пакінулі толькі Беларусь, Расію і М’янму, дзе адбываюцца самыя страшныя дзеянні з пункту гледжання цывілізаванага свету, якія пагражаюць яго будучыні.

У гэтай сітуацыі размовы пра амністыю — гэта слабы званочак на Захад, маўляў, глядзіце, са мной яшчэ можна дамаўляцца.

Але цяпер Беларусь — хаўруснік Расіі ў вайне, і каб Захад у цяперашняй сітуацыі пачаў звяртаць увагу на беларускую ўладу, трэба, каб Мінск зрабіў сапраўды нешта нечаканае: напрыклад, адпусціў кагосьці важнага з палітыкаў, Бабарыку, Калеснікаву або Ціханоўскага. Хутчэй, гэта сімвалічны крок у духу савецкіх часоў, калі на свята вярхоўны лідар амніставаў нейкую катэгорыю людзей, але гэта нічога не змяняла ў жыцці грамадства.

Што да пазбаўлення грамадзянства, то гэта вяртанне да прыкрай практыкі яшчэ савецкіх часоў, калі так маглі зрабіць за палітычныя перакананні і за нязгоду з лініяй партыі. Цяпер, калі вядзецца размова пра састарэласць утварэнняў накшталт нацыянальнай дзяржавы, пра глабалізацыю свету, у якім грамадзянства не з’яўляецца вырашальным фактарам, такія крокі выглядаюць і сімвалічнымі, і архаічнымі.

Калі людзей пачнуць сістэматычна пазбаўляць грамадзянства па палітычных прыкметах, тыя палітыкі, якія падтрымлівалі беларускія дэмакратычныя сілы, прыкладуць намаганні, каб узяць гэтых людзей пад міжнародную абарону і даваць ім іншыя дакументы для падарожжаў і пражывання. Большасць людзей, якіх могуць пазбавіць грамадзянства, і так не маглі свабодна ўехаць у краіну праз пагрозу зняволення.

Таму ў фактычным сэнсе гэты крок нічога не зменіць. Пагражаюць пазбаўляць маёмасці, але гэта проста будзе сведчыць пра поўную злачыннасць беларускай сістэмы, якая цалкам ігнаруе міжнародныя і ўласныя заканадаўчыя нормы.

«НН»: Чаму беларуская ўлада звяртаецца да гэтых савецкіх інструментаў уздзеяння?

ПБ: Яны не ведаюць лепшых. Гэтая ўлада наогул малаздатная на новыя крэатыўныя крокі, і таму ўсё, што яна можа рабіць, гэта вось такі рымейк, часам фарсавы, савецкіх практык. Натуральна, што ўсе гэтыя крокі робяцца для тэрору грамадства і праціўнікаў рэжыму, каб паказаць — маўляў, мы можам вас сімвалічна знішчыць. Усім, хто застаецца ў краіне, так паказваюць, што з імі могуць рабіць усё, што заўгодна.

Такая тактыка не вядзе да росту прыхільнікаў улады — на мой погляд, яна вядзе да адваротнага выніку. Дапусцім, што нешта зменіцца і рускія войскі не змогуць падтрымаць беларускага дыктатара, нешта падобнае мы бачым цяпер у Арменіі і тым, як бяззуба АДКБ рэагуе на яе канфлікт з Азербайджанам. З улікам такой магчымасці ў гэтай улады не надта моцная пазіцыя, яна трымаецца на страху і на магчымасці ўсходняй пагрозы, якая можа для беларусаў вельмі драматычна спраўдзіцца.

«НН»: Ці не звязаныя такія крокі з тым, каб сімвалічна вывесці праціўнікаў рэжыму з беларускага дыскурсу?

ПБ: Магчыма, мэта такая. Хаця ўсё гэта ніяк не зробіць дэмакратычных палітыкаў небеларускімі, яны ўсё роўна будуць мець шмат прыхільнікаў у грамадстве, гатовых нешта рабіць дзеля набліжэння свабоднай будучыні. Крок з грамадзянствам хутчэй важны для самой улады, каб паказаць, што яна нешта яшчэ можа, каб хоць нешта зрабіць тым палітыкам, да якіх у яе ўжо не дацягваюцца рукі.

Гэта, хутчэй, бездапаможны крок. Калі ты ўжо не ведаеш, што рабіць, ты ходзіш і громіш кватэры тых, хто з’ехаў, і пазбаўляеш іх грамадзянства. Ніякага практычнага сэнсу гэта не мае, толькі яшчэ больш дражніць і заводзіць апанентаў на яшчэ больш агрэсіўныя дзеянні.

Для чаго патрэбнае грамадзянства, для таго, каб апаненты маглі выстаўляцца на выбары? А нібыта яны цяпер могуць прыехаць у Беларусь, каб у іх удзельнічаць? Усё астатняе — гэта проста лірыка і сентыментальнасць. Улады выказваюць тым самым не сваю сілу, а слабасць.

«Мы здабылі самае галоўнае: веру ў сваю нацыю»

«НН»: Вы шмат казалі пра фашызацыю цяперашняй беларускай дзяржавы. Гэты тэрмін апраўданы?

ПБ: Трэба спакойна ставіцца да выкарыстання некаторых тэрмінаў, калі яны хутчэй нясуць функцыю дыягностыкі, а не з’яўляюцца навешваннем ярлыкоў. Калі паглядзець на фашысцкае грамадства 30-х гадоў, там жылі такія ж простыя людзі, абывацелі.

Частка з іх мела радыкальныя погляды і падтрымлівала агрэсіўную палітыку Гітлера, але большая частка грамадства жыла так, як жывуць цяпер простыя беларусы, займалася сваімі побытавымі справамі, тым, як накарміць сям’ю і куды паехаць у адпачынак.

Пры гэтым нямецкае грамадства [часоў нацызму], як і сённяшнюю Беларусь, вылучала атмасфера страху і агрэсіі.

Раю перагледзець спектакль «Купалаўцаў» «Страх» па Бертальту Брэхту, дзе паказана, як грамадства знаходзілася пад прэсам штодзённага страху здзекаў, рэпрэсій, страху, што на цябе нехта настучыць і закладзе цябе гэтай сістэме.

У гэтым сэнсе

звычайны фашызм — гэта не абавязкова пра тое, каб хадзіць шыхтом і крычаць «Хайль Гітлер». Гэта пра тое, што ў грамадстве ёсць пачуцце тэрору і што людзі вымушаныя жыць у абставінах штодзённага стрэсу, што яны мусяць жыць двайным жыццём і выказваць поўную лаяльнасць дзяржаве пад пагрозай страты працы і крымінальнай справы.

Асноўную ролю ў такім грамадстве пачынаюць граць штурмавікі — тыя самыя, якія могуць уламіцца ў любы дом, схапіць цябе, зламаць тваю мэблю і жыццё.

У гэтым звычайны фашызм, а не ў тым, хто якія свастыкі носіць на руках. Сімвалы могуць быць любымі: як паказала сённяшняя Расія, гэта могуць быць і нейкія літары, і лозунгі ў падтрымку «народнага адзінства».

«НН»: Як грамадства можа выйсці з такога стану?

ПБ: Асноўны шлях для нас сёння — гэта супраціў дзейнай сістэме, перадусім маральны, бо да фізічнага супраціву мы яшчэ не маем дастатковай сілы. Але маральны супраціў мусіць быць, і ён павінен быць звязаны з максімальным несупрацоўніцтвам з гэтай сістэмай, з максімальнай дыстанцыяй ад таго апарата насілля, які яна стварае, і з псіхалагічнай падрыхтоўкай сябе да перамен і будучыні,

дзе мы павінны будзем выкараніць усе тыя фактары, якія сілкуюць цяперашнюю сістэму.

Гэта значыць, што нам давядзецца моцна пераглядаць многія свае сацыяльныя і дзяржаўныя практыкі, праводзіць люстрацыю ў шэрагу органаў, якія сёння ажыццяўляюць увесь гэты гвалт.

Нельга будзе, як у 1991 годзе, кінуць гэта на самацёк і сказаць, што мы перамаглі і проста пачынаем усё з чыстага аркушу. Насамрэч каб пачаць штосьці новае, часам трэба моцна змяніць старое і вельмі адказна паставіцца да таго, каб яно сапраўды ніколі зноў не паўтарылася.

Калісьці пры гутарках пра Другую сусветную вайну казалі «ніколі зноў», але потым гэтыя словы чамусьці змяніліся ў нашым рэгіёне на «можам паўтарыць», вось што страшна. Каб не паўтарыліся Курапаты і каб Акрэсціна не стала актуальным рымейкам гэтых Курапатаў, трэба рабіць працу над памылкамі, пераглядаць сваю гісторыю і сваіх сучаснікаў, даваць рэалістычную ацэнку дзеянням кожнага чалавека.

А цяпер трэба захоўваць маральныя сілы, рыхтавацца да перамен і думаць пра тое, як ты зможаш іх наблізіць, калі сітуацыя зменіцца. Яна абавязкова зменіцца, мы бачым, што яна ўжо змяняецца — прынамсі, на палях паўднёвай вайны.

«НН»: Як захоўваць дыстанцыю ад сістэмы тым, хто не можа пакінуць краіну і вымушаны так ці інакш узаемадзейнічаць з прадстаўнікамі ўлады?

ПБ: Перадусім трэба як найменей камунікаваць з прадстаўнікамі рэпрэсіўных ці ідэалагічных органаў, менш карыстацца беларускімі афіцыйнымі медыя, найменш узаемадзейнічаць з сілавымі структурамі, начальствам і ідэалагічнымі аддзеламі на працы. З іншага боку, трэба па максімуме ўзаемадзейнічаць з тымі, хто падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці, і выбудоўваць гарызантальную камунікацыю паміж сабой, а не з тымі, хто падтрымлівае ўладу і з’яўляецца фактычнымі калабарантамі.

То-бок варта ствараць інфармацыйны вакуум у дачыненні да той часткі людзей, якая, па вялікім рахунку, працягвае працаваць на знішчэнне беларускай культуры і нацыі: ствараць з імі сапраўдную зону адчужэння, каб яны адчувалі сваю далёкасць ад людзей.

Ад некаторых практык цяжка адмовіцца: напрыклад, нельга не вадзіць дзяцей у школу, бо ў цябе праз гэта могуць быць наступствы. Але можна размаўляць са сваімі дзецьмі пра нейкія чуллівыя пытанні з беларускай гісторыі, падтрымліваць іх жаданне больш гутарыць па-беларуску і даваць ім больш інфармацыі на беларускай мове. Усё гэта па сілах кожнаму чалавеку. Гэтыя рэчы дазваляюць максімальна захоўваць дыстанцыю ад улады і яе парадку дня, а таксама ствараць уласны парадак дня і уласныя сувязі.

«НН»: Той нацыянальны шлях, пра які мы размаўляем, абавязкова павінен быць такі доўгі? Ці на нейкім этапе мы зрабілі нешта не так?

ПБ: Гісторыя не мае ўмоўнага ладу, і нам цяжка сказаць, што мы маглі зрабіць, каб перамога адбылася раней. Сёння часам кажуць: маўляў, добра, што мы не перамаглі ў 2020 годзе, бо інакш у нас было б ледзьве не горш, чым ва Украіне. Усходні сусед не задаволіўся б знікненнем стратэгічнага саюзніка на заходнім кірунку і дапамог бы сваімі войскамі дыктатару захаваць уладу хаця б на штыках.

У гэтым сэнсе незразумела: з аднаго боку, мірны шлях мог быць падманлівым і, магчыма, варта было дзейнічаць больш імпэтна, але ці не атрымалі б мы сёння нейкую горшую сітуацыю? Беларусь аказалася стаўкай у больш глабальнай гульні, і сёння яна знаходзіцца ў драматычнай сітуацыі выпрабавання.

Не сказаў бы, што нешта было зроблены зусім няправільна, мы рабілі так, як разумелі на той час. І мы здабылі самае галоўнае: веру ў сябе, сваю нацыю, нашы агульныя здольнасці быць беларусамі і падтрымліваць адно аднаго. Гэта ўжо вельмі важна. Тое, што не атрымалася здабыць перамогу ў апошнія два гады, дэманструе, што ў нас не атрымалася так лёгка вырвацца з той пасткі, у якую мы сябе заганялі гадамі, гуляючыся ў саюзныя дзяржавы.

Але зараз Расія перажывае досыць ганебнае паражэнне на ўкраінскім кірунку і пачынае сумнявацца ва ўласных сілах і здольнасці ўтрымаць рэгіён. І калі Расія на нейкі час выпадзе з поля стратэгічных гульцоў, калі яна нейкім чынам перафарматуецца як дзяржава, для Беларусі зноў адчыніцца вялікае акно магчымасцяў. Тут трэба будзе не чакаць, а вельмі хутка пачынаць займацца ўласнай краінай і яе будучыняй.

Хачу звярнуцца да беларусаў, асабліва да тых, хто зараз знаходзіцца ў краіне і вельмі дэпрэсіўна ўспрымае сённяшні стан рэчаў. Зараз час для надзеі, а не для дэпрэсіі. Сітуацыя вельмі змяняецца, і стратэгічна, і глабальна. Таму нам трэба перанакіраваць свой настрой з таго, што мы нічога не можам зрабіць, на тое, што зрабіць мы можам вельмі шмат. Трэба проста не ўпусціць свой шанс і рыхтаваць сябе да перамен, якія настануць досыць хутка.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Перамены адбудуцца лягчэй, чым вы думаеце, як толькі Лукашэнка памрэ ці сыдзе»

Як вайна зменіць свядомасць беларусаў? Гутарка з Лявонам Баршчэўскім

Каментары17

  • 300 чухланцев
    17.09.2022
    Сегодня в эту омерзительную дату в Гродно в центре города собираются полностью отмороженные и пригнанные рабы для «празднования». Среди них были замечены многие те, кто имеют карты поляка. Было бы хорошо, если бы польское консульство всех «празднующих» и имеющих карты поляка навсегда лишило права на эту самую карту и въезд в Польшу. Зачем Польше такие отбросы, которые празднуют такие мерзкие даты?
  • Распад стартовал
    17.09.2022
    Всех сторонников лукашенко, когда закончится война в Украине, надо вывозить в украинские Бучу, Гостомель, Мариуполь, Изюм и показывать братские могилы мирных жителей Украины, могилы в фундаментах построек Мариуполя, где оккупационные власти, скрывая масштабы своих преступлении, замуровывают в бетон погибшее население Украины. Провозить по фильтрационным (концлагерям) лагерям для украинцев, которых больше 20 на оккупированных территориях Украины, где детей отбирают у родителей и вывозят насильно в Россию.
     А так, да, система выстроенная лукашенко - калька с фашистских систем Европы 30-40х годов прошлого века.
     В России ещё хуже, кроме фашистской системы насаждается нацистская система превосходства "богом избранного", народа "венценосца", "скрепоносного народа", который имеем право на организацию украинских буч в любой точке мира, который имеет право решать какую нацию уничтожить, объявив её неугодной, а какую оставить, который имеет право решать на каком языке должны говорить другие народы и национальности, а несогласных уничтожать, который имеет право решать какому богу, как, где и сколько должны молиться и в какого бога верить другие народы.
     По сути фашистского устройства смотрите на Лугандонию и Донбабве в Украине, там это выпячено, не скрывается и не маскируется - пыточные, подвалы, террор, грабёж, беззаконие.
     С 2020 года всё имеем в Беларуси - подвалы, пыточные, террор, репресии, убийства и узаконенное беззаконие, построение белорусской, фашистской лугандонии закончено.
     Понимая масштаб преступлении путина и лукашенко, тот, кто следит за этим, тот понимает, что фашизм (в Беларус и России) и нацизм (в России) и свои преступления, путин и лукашенко, пытаются прикрыть советской символикой и советской демагогией, пытаясь ввести в заблуждение россиян и белорусов, это работает на категории 60+ в пределах Беларуси и России и больше на никого.
     Фактический дан старт процесса распада государств Беларуси и России. Никакое государство не выдержит преступных и коррумпированных групировок на вершине власти, не выдержит армии составленных из уголовников, не выдержит силовых структур превращённых в преступные группировки прислуживающих и обслуживающих воров во власти, не выдержит узаконенного беззакония создающегося под вороватые семьи и их интересы.
  • Старое в новом
    17.09.2022
    Все становится элементарным для понимания, если разобраться с переводом слова фашизм. Фашио - по-итальянски пучок, это означает сплочение вокруг вождя его сторонников. Что мы видим на белорусском примере? Созданная Лукашенко вертикаль власти - это тот же пучек(фашио). А в вертикаль к нему народ набился получить всевозможные плюшки: социальный лифт( не для всех), возможность "поправить" материальное положение, учение детей за границей, и тд и тп. И все это при условии тотальной лояльности к нынешней власти.

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні4

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні

Усе навіны →
Усе навіны

Вільня стала самым буйным горадам у краінах Балтыі11

«Ствараюцца камфортныя ўмовы». Міністр адукацыі выказаўся пра датэрміновае галасаванне студэнтаў8

Прапагандысты настойваюць, што Шэйман расказаў пра Лукашэнку чыстую праўду — проста ўсё пераблытаў2

Абвясцілі намінантаў на «Залатую маліну». У «Джокера. Вар'яцтва на дваіх» — найбольшая колькасць намінацый

У Белавежскай пушчы з'явіліся незвычайныя «ледзяныя валасы». Што гэта такое?

Трамп даручыў свайму спецпрадстаўніку завяршыць вайну ва Украіне за 100 дзён7

Уладальнік гродзенскага стрып-клуба выпусціў кліп на песню пра саюз Беларусі і Расіі4

Амерыканца, які атрымаў палітычны прытулак у Беларусі, выдалілі са спісу вышуку ФБР1

Польшча дала грамадзянства беларусу, які 12 гадоў даказваў, што не ўяўляе сабой пагрозы5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні4

Для КДБ пабудуюць асобную бальніцу на VIP-узроўні

Галоўнае
Усе навіны →