Меркаванні1111

Пра «ілюзію Бабарыкі» і «непрадказальнае, якое нас чакае». Гісторык Фрыдман параўноўвае лукашызм з іншымі дыктатурамі і ўпэўнены, што моладзь спытае: «Як так атрымалася, што ўсё навокал расійскае?» 

«Калі б рэжым Лукашэнкі быў не беларускім, не адпаведным менталітэту, гісторыі, то ён ніколі б столькі не пратрымаўся. Чаму грамадства гэта дазволіла і цярпела?» У размове з «Нашай Нівай» гісторык Аляксандр Фрыдман ставіць балючыя пытанні, але дае шмат аптымістычных адказаў.

«Дыктатарскія рэжымы абрынаюцца ў момант»

Адметнасць дыктатарскіх рэжымаў у тым, што яны могуць спыніць сваё існаванне ў любы момант, нават калі выглядаюць трывалымі і паспяховымі. Такіх прыкладаў у гісторыі хапае, адзначае Аляксандр Фрыдман.

Адзін з іх — дыктатура Чаўшэску ў Румыніі, якая неспадзеўкі абрынулася ў 1989 годзе.

«Гэта была вельмі жорсткая дыктатура з цяжкім эканамічным становішчам, рэпрэсіямі, досыць прафесійнай дзяржбяспекай Секурытатэ, але большасць экспертаў, якая назірала за станам румынскага грамадства, не магла ўявіць, што ў Румыніі можа адбыцца нейкая рэвалюцыя ды яшчэ паспяховая, што дыктатара арыштуюць і разам з жонкай расстраляюць. Вядома ж, там было ўсё не проста: часткова гэта быў путч часткі румынскай эліты, якую падтрымаў Савецкі Саюз», — гаворыць Аляксандр Фрыдман.

Нікалае Чаўшэску незадоўга да арышту, 1989 год. Фота: AP Photo / Dieter Endlicher

Іншым прыкладам гісторык прыводзіць Сталіна. Калі ў таго 1 сакавіка 1953 года здарыўся інсульт, паплечнікі проста далі яму памерці.

«Сталінізм выглядаў моцным, трывалым, з распаўсюджаным культам асобы. А што выйшла? 5 сакавіка Сталін памёр, і адначасова пачалося змаганне за ўладу. Хрушчоў перамог, і пачалася дэсталінізацыя, рэфармаванне сталінскай сістэмы. З таталітарнай сістэмы Савецкі Саюз ператварыўся ў аўтарытарную дыктатуру. Хрушчоўская адліга была ў параўнанні са сталінскім перыядам даволі вольным і адносна спакойным часам», — даводзіць Аляксандр Фрыдман.

Па смерці Сталіна яго цела паклалі ў маўзалей на Краснай плошчы. Пасля развянчання культу Сталіна яго адтуль прыбралі, знік надпіс. Фота: AP Photo / Reinhold Ensz

Прадказаць стан дыктатарскага рэжыму цяжка, але маленькая падзея можа выклікаць імпульсы, якія пройдуць па ўсім грамадстве.

«Ніхто не чакаў паўстання супраць Асада ў Сірыі і ў Лівіі супраць Кадафі, — прыводзіць прыклады гісторык. —

Не чакалі паўстання супраць дыктатара Бэн Алі ў Тунісе, з якога пачалася «арабская вясна». Там таксама дыктатура падавалася абсалютна стабільнай. Звычайны і нават сучасны аўтарытарны рэжым. А потым самазабойства гандляра ў роспачы на знак пратэсту супраць гэтай сістэмы прайшло праз сацыяльныя сеткі і ўзнялася ўся краіна. Праз колькі дзён рэжыму не было. За месяц да гэтага такога павароту ніхто не мог прадказаць».

Пратэст у Тунісе, 2011 год. Фота: AP Photo / Reinhold Ensz Christophe Ena

«Калі эпоха Лукашэнкі скончыцца, то гісторыкі будучыні скажуць: «Ну так, усё ж было відавочна». Гэта такі рэтраспектыўны погляд, калі ты ўжо ведаеш, што адбылося, і разглядаеш падзеі як ланцужок», — заўважае гісторык.

«Вонкава рэжым Лукашэнкі стабільны»

На думку Аляксандра Фрыдмана, цяпер мала хто возьмецца ацэньваць трываласць рэжыму Лукашэнкі.

Вонкава ён стабільны. Палітычнай апазіцыі ў краіне няма і быць не можа. Карны апарат працуе, а рэпрэсіі працягваюцца. Іншадумства калі і існуе, то яго няма на паверхні. Імпульсы, якія ідуць звонку, не выглядаюць небяспечнымі для рэжыму.

Аляксандр Лукашэнка. Скрыншот відэа

Фрыдман дапускае, што рэжым Лукашэнкі — «трывалая дыктатура, якая можа праіснаваць пяць, дзесяць гадоў і нават існаваць да фізічнай смерці Лукашэнкі».

Але і яго рэжым уразлівы, бо фактар вайны, уплыў Расіі ды непрыметныя працэсы, які адбываюцца ўнутры дыктатуры, набліжаюць яго канец. Напрыклад, магчымая змова, пра якую звычайна даведваюцца тады, калі яна адбылася

«Лукашэнка — чалавек у сталым узросце. А які яго фізічны стан, мы не ведаем. Ёсць розныя спекуляцыі, а фактаў няма», — адзначае суразмоўца.

Яшчэ адзін фактар — стан грамадства

Калі ў краіне пануе атмасфера страху, людзі баяцца казаць, што думаюць, праз рэпрэсіі, ацаніць стан грамадства і яго настрой таксама цяжка. 

Гісторык заўважае: як можна было ацаніць стран грамадскай думкі ў сталінскім СССР? Пра антыдыктатарскія настроі мы сёння ведаем са справаздач НКВД, да якіх трэба ставіцца крытычна. А ў сённяшняй Беларусі, дзе дыктатура працягвае існаваць, такія ацэнкі могуць быць скажоныя. 

На погляд Аляксандра Фрыдмана, падзеі 2020 года большасць экспертаў не прадказвала, і адбыўся «эфект недаацэнкі беларускага грамадства».

«Ад беларускага грамадства ніхто не чакаў, што будзе такі жнівень, верасень і такія буйныя акцыі пратэсту, і яны будуць працягвацца так доўга. Беларускае грамадства паказала, што яно паводзіць сябе досыць непрадказальна. Таму нешта непрадказальнае можа нас чакаць у будучыні», — дапускае Аляксандр Фрыдман.

Ці канаюць дыктатарскія рэжымы па смерці сваіх лідараў

Гэта залежыць ад таго, наколькі персаналісцкі рэжым, напрыклад, як сталінскі ці гітлераўскі. Уявіць гітлераўскі рэжым без Гітлера немагчыма, як і сталінскі без такой фігуры, як Сталін, адказвае гісторык Фрыдман.

Але ёсць Паўночная Карэя, дзе пануе трэцяя генерацыя дыктатараў. Ёсць Азербайджан, дзе бацька Аліеў перадаў уладу сыну.

«Таму фактар асобы дыктатара важны, але калі мы вернемся да беларускай сістэмы, то вельмі цяжка ўявіць лукашызм без Лукашэнкі. Беларуская дыктатура моцна звязаная з Лукашэнкам і ён ключавая фігура, якая паўсюдна прысутнічае», — лічыць Аляксандр Фрыдман.

Папраўкі ў Канстытуцыю, змяненне статусу Усенароднага беларускага сходу — спробы стварыць у будучыні лукашызм без Лукашэнкі.

«Шчыра кажучы, не ведаю, як можна яго стварыць. Пэўны час такая сістэма можа працаваць без яго, сыход Лукашэнкі ж не азначае, што адразу ўсё абрынецца. Але я не веру, каб гэтая сістэма была настолькі гнуткая, што магла б выстаяць без Лукашэнкі».

Што такое лукашызм

На думку Аляксандра Фрыдмана, мае рацыю ідэолаг «рускага свету» і еўразійства Аляксандр Дугін, які сказаў, што ідэалогія лукашэнкаўскай Беларусі — гэта сам Лукашэнка. Ён кіруе і пануе над створанай ім жа сістэмай, у якой сабраныя яго ўласныя ўяўленні.

Суразмоўца заўважае: Лукашэнка пастаянна кажа пра патрыярхальныя каштоўнасці, неасавецкі дух, савецкія традыцыі. Гэта і ёсць яго бачанне Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, 16 жніўня 2020 года. Фота: ТАСС

Паводле гісторыка, небяспека лукашызму ў тым, што беларусы з ім могуць мірыцца і паводзіць сябе гнутка.

«Мы гэта бачым, напрыклад, у стаўленні Лукашэнкі да сваёй наменклатуры. Ён яе прыніжае. Але гэтыя людзі знаходзяцца ва ўладзе, няхай у іх няма такога статусу, як у Лукашэнкі, але яны гэта цярпяць, бо да гэтага прызвычаіліся. Гэта момант адаптацыі да рэжыму Лукашэнкі, прыстасавання да дыктатуры».

Ці адпавядае беларускаму менталітэту дыктатура

Аляксандр Фрыдман нагадвае: калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады і стаў выбудоўваць сваю сістэму кіравання дзяржавай, вялася дыскусія, што дыктатура нібыта навязаная. Маўляў, яна не адпавядае беларускім гістарычным традыцыям, менталітэту і досведу.

«Але мы бачым, што створанае Лукашэнкам працуе, а ён знаходзіцца пры ўладзе амаль трыццаць гадоў. У яго былі розныя часы, але пераважна гэта быў час трывалага рэжыму. Тут ёсць над чым задумацца. Погляд, што гэты рэжым — іншароднае цела, прынесенае звонку, мае няшмат довадаў на сваю карысць», — лічыць гісторык.

Беларуская гісторыя XX стагоддзя — трагічны перыяд, для якога характэрна панаванне дыктатарскіх рэжымаў.

«Гэта сталінскі рэжым, нацысцкая акупацыя, а потым зноў сталінскі рэжым. Таму кіраванне Лукашэнкам Беларуссю, як макрасаўгасам, пэўны час працавала, а ў 2020 годзе стала прабуксоўваць», — тлумачыць Аляксандр Фрыдман.

«Пара спытацца ў сябе, як атрымалася, што Беларусь ужо амаль 30 гадоў знаходзіцца пад уладай Лукашэнкі. У 1994 годзе ён перамог на выбарах. Добра, у яго перамозе нічога надзвычайнага няма, але яму ўдалося захавацца як рэліктавая, архаічная сістэма, абсалютна не сучасная, дарэчы, як і Пуцін (яны абодва засталіся ў XX стагоддзі).

У чым прычына? Што не так з беларускім грамадствам? Чаму яно дазволіла сфармавацца такому рэжыму і чаму цярпела яго? Чаму ўвесь свет крочыць наперад, а ў Беларусі існуе такі архаічны рэжым?» — падказвае напрамкі разважанняў гісторык.

«Большасць беларусаў не зважала на рэпрэсіўную сутнасць рэжыму Лукашэнкі»

Аляксандр Фрыдман кажа, што назірае за беларускім палітычным жыццём з юнацкіх гадоў і за гэты час рэжым Лукашэнкі развіваўся, у залежнасці ад сітуацыі змяняўся, але рэпрэсіўная дыктатарская сутнасць заставалася нязменнай.

«У 2020 годзе мяне здзівіла беларускае грамадства, якое наважылася паўстаць і супраціўляцца, — прызнаецца ён. — Мяне не здзівілі рэпрэсіўныя паводзіны рэжыму. У пэўным сэнсе здзівіла жорсткасць, але гэта закладзена ў яго сістэму кіравання. Лукашэнка не пайшоў бы ні на якія перамовы, не шукаў бы паразумення з грамадствам. Ён імкнуўся праціснуць свае падобныя жаданні. Ён мог прайграць і мог перамагчы. Кампрамісны варыянт — гэта не пра Лукашэнку».

Суразмоўца таксама дзівіцца адкрыццям, якія зрабілі беларусы, што перажылі 2020 год.

«Размаўляючы з людзьмі, якія жылі ў Беларусі ўсю лукашэнкаўскую эпоху, мяне дзівіла, што для іх 2020 год стаў пачаткам палітычнага адліку, што паводзіны гэтага рэжыму, рэпрэсіі сталі для іх нечым незвычайным, да чаго яны не былі падрыхтаваныя», — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Фрыдман.

«Хаця гісторыя Лукашэнкі — гэта гісторыя рэпрэсій, — працягвае ён. — Зразумела, што яны выйшлі на якасна іншы ўзровень, але рэпрэсіўная сутнасць рэжыму была відавочная і да 2020 года. Былі і палітычныя зняволеныя, было жорсткае абыходжанне з дэманстрантамі. Уціск прэсы. Гэта ўсё было».

На яго погляд, многія да другой паловы 2010-х гадоў канчаткова прызвычаіліся да рэжыму і немагчымасці перамен і паспяхова суіснавалі з ім.

«Пытанні суіснавання з рэжымам, які стаў рэчаіснасцю, — гэта тыя пытанні, над якімі трэба разважаць і шукаць адказы.

Калі б рэжым быў не беларускім, не адпаведным менталітэту, гісторыі, то ён ніколі б столькі не пратрымаўся».

Расійскі фактар моцна ўплывае на сітуацыю ў Беларусі. Гістарычныя сувязі, супольнае мінулае, працяглая русіфікацыя застаюцца актуальнымі для беларускай рэчаіснасці, адзначае Аляксандр Фрыдман.

«Беларускае грамадства ў 1991 годзе было зрусіфікаваным, асабліва гарадское насельніцтва, — нагадвае ён. — Таму ў нейкім сэнсе неасавецкі рэнесанс з выразна расійскім тварам у часы Лукашэнкі, змена сімволікі, руская мова як дзяржаўная і тое, што Лукашэнка на ёй прынцыпова гаворыць, падкрэсліваючы ў 1990-х гадах, што руская мова для яго, як выхадца з сельскай мясцовасці, прыкмета цывілізаванасці, сталі магчымымі».

Быў час, калі ўлады спрабавалі папулярызаваць беларускую мову. У сярэдзіне 2010-х з'явіліся такія білборды. Фота: «Моцныя навіны»

Аляксандр Фрыдман мяркуе: Лукашэнка быў прадстаўніком русіфікатарскай плыні, але не ён зрусіфікаваў беларускае грамадства ў 1994 годзе, хоць пры ім русіфікатарскія тэндэнцыі і ўзмацніліся.

«Яго падтрымлівалі людзі, якія аддавалі перавагу рускай мове і не хацелі вывучаць беларускую, — працягвае ён. — Такія людзі з задавальненнем падтрымалі тое, што руская мова стала дзяржаўнай. Яны аддавалі перавагу расійскаму тэлебачанню, чыталі рускія кнігі і жылі ў рэчышчы рускай культуры».

Для беларусаў, якія прыхільна ставіліся да Расіі, вайна ва Украіне стала шокам

З пачаткам вайны зрусіфікаваныя і ў той жа час дэмакратычна настроеныя беларусы аказаліся на раздарожжы.

«Складана падтрымліваць Украіну і захапляцца творчасцю такіх расійскіх акцёраў, як Бязрукаў, Машкоў, насамрэч таленавітых, але з адыёзнай палітычнай пазіцыяй.

З аднаго боку, ад расійскага, якое сёння звязана з Пуціным і вайной, трэба неяк дыстанцыявацца, але ў які бок кіраваць, калі беларуская культура, мова былі тым, з чым яны суіснавалі, але што ніколі не было іх часткай. Ісці ў нешта новае, шукаць — досыць цяжкая рэч», — кажа Аляксандр Фрыдман.

Фота: АР

Гісторык ведае беларусаў, якія ў 2020 годзе былі за пратэсты, хадзілі з бел-чырвона-белымі сцягамі, але не таму, што яны нацыянальныя, а таму, што яны былі сімваламі супраць Лукашэнкі.

«Гэтыя людзі галасавалі за Ціханоўскую, жадалі дэмакратычных пераўтварэнняў, апошнімі словамі называлі Лукашэнку, скандзіравалі «Сыходзь», а цяпер яны стаяць на баку Расіі. Таму быць супраць Лукашэнкі не азначае аўтаматычна быць супраць Расіі. Ім не падабаецца Лукашэнка, але сваю будучыню яны сёння звязваюць з Расіяй і Пуціным», — падкрэслівае Фрыдман.

«Большасць беларусаў у другой палове 1990-х гадоў была пралукашысцкай»

Падзеі 2020 года — расплата беларусаў за выбар 1994 года?

Аляксандр Фрыдман лічыць, што беларусы, якія прывялі да ўлады Лукашэнку, і тыя, якія ў 2020 годзе выступілі супраць яго, — розныя генерацыі.

Паводле яго, 2020 год і сённяшнія рэпрэсіі — гэта расплата за тое, што беларускае грамадства ў большасці сваёй не стала змагацца з усталяваннем дыктатуры ў другой палове 1990-х.

Уладзімір Меч'яр. Фота: napalete.sk

«Калі адбываюцца выбары, можна памыліцца, і такія выпадкі былі. Напрыклад, паглядзіце на падзеі ў Славаччыне, дзе пры ўладзе ў канцы 1990-х былі такія палітыкі, як прэм’ер-міністр Уладзімір Меч'яр, якія сваім папулізмам у пэўным сэнсе нагадвалі Лукашэнку, але славакі гэта пераадолелі», — адзначае Аляксандр Фрыдман.

У тагачаснай Славаччыне былі аўтарытарныя тэндэнцыі, і гэта каштавала славакам змарнаванага часу.

«У Славаччыне пазней пачаліся рэформы, былі цяжкасці з еўраінтэграцыяй, але дыктатура не ўсталявалася. Зразумела, там быў кантэкст іншы. Пад бокам Чэхія. Славаччына бліжэй да Еўрасаюза. Расія не сусед. Таму ў славакаў шанцы былі больш спрыяльныя», — мяркуе гісторык Фрыдман.

Расія не жадае выпускаць Беларусь са сваёй арбіты.

«Але галоўны момант, які трэба падкрэсліць: выбар на карысць Лукашэнкі ў 1994 годзе — гэта быў выбар большасці беларусаў. Большасць пажадала мець гэтага чалавека прэзідэнтам. Большасць беларусаў у другой палове 1990-х гадоў была пралукашысцкай. І яна пагадзілася, каб у Беларусі ўсталяваўся дыктатарскі рэжым. Лукашэнка скарыстаўся гэтым вельмі эфектыўна», — лічыць Аляксандр Фрыдман.

Зрынуць яго ў 2006, 2010 гадах не ўдалося. А падчас выбараў 2015-га грамадства фактычна прызнала Лукашэнку, у тым сэнсе, што нічога з ім зрабіць яно не можа, мяркуе Аляксандр Фрыдман.

«То няхай ужо сядзіць, бо не горшы варыянт, хоць у 2015 годзе была відавочная фальсіфікацыя з тымі ж амаль 83,5 працэнта. Але беларусы палічылі, што няхай піша сабе гэтыя фантастычныя лічбы, гэта смешна, але такая рэчаіснасць».

«Ілюзія Бабарыкі»

«Я, дарэчы, таксама быў сярод тых і ў сярэдзіне 2010-х гадоў думаў, што Лукашэнка «назаўсёды». І немагчыма было сабе ўявіць, што ўлада Лукашэнкі пахіснецца, — прызнаецца Аляксандр Фрыдман. — У 2020 годзе людзі, якія паспрабавалі нешта зрабіць, зразумелі, што так проста гэты рэжым не зрынеш, бо ён гатовы на ўсё».

Віктар Бабарыка

Суразмоўца называе спадзеў на абрынанне Лукашэнкі праз выбары — «ілюзіяй Бабарыкі».

«Віктар Бабарыка падкрэсліваў у 2020 годзе, што мы пераможам, дакажам гэту перамогу, нас будзе відавочная большасць і Лукашэнку нічога не застанецца, як прызнаць паразу. Мы ведаем, які адказ атрымаў Бабарыка і дзе тыя людзі, якія трымаліся гэтага тэзіса», — адзначае Аляксандр Фрыдман.

Ці будзе вайна канцом беларускай гісторыі?

Ці адправіць Лукашэнка сваё войска ва Украіну? На думку Фрыдмана, у яго застрашваннях у бок Украіны схавана пасланне:

«Калі будзем наносіць удар з Беларусі, што ўжо рабілася, то не страляйце ў адказ. Калі вы ўдарыце, то ў мяне не застанецца ніякіх магчымасцяў і прыйдзецца ісці ваяваць».

За такі плакат у Беларусі можна трапіць за краты. Фота: «Радыё Свабода»

Аляксандр Фрыдман заўважае: калі ўварванне беларускага войска адбудзецца, то гэта будзе безумоўным злачынствам перад Украінай, якое ўжо ёсць пасля 2022 года, але яно выйдзе на іншы ўзровень.

Таксама стане злачынствам і перад Беларуссю, бо ва Украіне будуць гінуць беларускія вайскоўцы, а ўдары ўкраінскай арміі па Беларусі таксама прынясуць ахвяры.

Фрыдман мяркуе, што цяперашняя вайна пры пэўных умовах можа стаць сусветнай і нават ядзернай.

Ці будзе гэта вайна канцом беларускай гісторыі, залежыць ад таго, як яна скончыцца.

Аляксандр Фрыдман дапускае, што можа адбыцца інкарпарацыя Беларусі ў склад Расіі. Тады застанецца надзея на тое, што калі-небудзь Беларусі атрымаецца выйсці з-пад расійскага панавання і стаць зноў незалежнай дзяржавай.

«Тэарытычна гэта магчыма, але гэта жахлівыя сцэнары, пра якія разважаць не хочацца», — прызнаецца гісторык. Ён спадзяецца, што будучыня ў Беларусі еўрапейская і дэмакратычная.

«Беларусь сёння свой лёс не вырашае»

«Беларусь сёння свой лёс не вырашае. Ён залежыць ад знешніх фактараў і пераважна ад зыходу вайны.

Калі падзеі будуць разгортвацца спрыяльна і ўлада ў Беларусі зменіцца, установіцца дэмакратычны лад, то неабходна заняцца пераасэнсаваннем таго, што адбывалася цягам апошніх амаль 30 гадоў», — паўтарае Аляксандр Фрыдман.

Калі пераасэнсаванне будзе адкладзена па прынцыпе «перагарнулі старонку і ідзём далей», бо галоўнае эканоміка і іншае, то існуе рызыка, што ў Беларусі дыктатарскі рэжым усталюецца наноў. Пераасэнсаванне павінна стаць прышчэпкай ад дыктатуры.

У пераасэнсаванні мінулага гаворка павінна закранаць ролю беларускай гісторыі, мовы і культуры, якія, як мяркуе суразмоўца, сталі сімваламі апазіцыйнасці да рэжыму і непавагі да яго.

«Калі гаворыш па-беларуску ці ставішся пазітыўна да беларускіх традыцый і культуры, то ўжо рэжымам успрымаешся як вораг. Ісці ў кірунку беларушчыны — гэта ўжо апазіцыйнасць. Людзі, якія да гэтага рэжыму ставяцца непрыхільна, якім ён не падабаецца, мусяць ісці ў гэтым напрамку, бо гэта і ёсць шлях да новай Беларусі», — лічыць Аляксандр Фрыдман.

На яго погляд, беларусы пачынаюць пытаць, як так атрымалася, што мы не гаворым па-беларуску і ўсё навокал расійскае. Калі такія пытанні задаюцца і гэта ўспрымаецца як нейкая анамалія, то гэта дае шанец на тое, што сітуацыя зменіцца.

«Нічога яшчэ не страчана, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы. У Лукашэнкі ёсць улада, армія і КДБ, але ў яго няма падтрымкі моладзі, а значыць, няма і будучыні».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Валер Карбалевіч: Цяпер паралельна пачалі існаваць дзве Беларусі. І ў гэтым драма

Коршунаў Карбалевічу: Дзве Беларусі сапраўды існуюць, але яны не падзеленыя межамі

«Ідэя «беларускай Швейцарыі» блізкая масавай свядомасці». Доктар сацыялогіі пра чаканні і настроі беларусаў

Каментары11

  • Anatol Starkou
    26.02.2023
    Скажу два слова пра сваяка Віктара Бабарыку і паўтара пра вашага героя Фрыдмана:
    1. Віктар не палітык.
    2. З'яўленне тут Фрыдмана кажа мне аб тым, НН, што ў цябе няма свайго кантэнту. Суджу па папярэдняму артыкулу пра легітымнасць улады Лукашэнкі.
    Калі з гэтага артыкула выкрасліць словы Фрыдмана дыктатар=дыктатура, то й няма нічога, аб чым чытаць, аб чым жа ён сказаў.

    Слабенько, НН.
  • 2023
    27.02.2023
    > Калі б рэжым быў не беларускім, не адпаведным менталітэту, гісторыі, то ён ніколі б столькі не пратрымаўся».


    Што за лухта. Несамастойны і глыбока правінцыйны рэжым трымацецца толькі і выключна дзякуючы зрусіфікаванасці большасці насельніцтва. Усе астатнія прычыны малаістотныя. 
    Калі б беларусы мелі нацыю, то Лукашэнка, нават калі б быў абраны, пратрымаўся б ва ўладзе столькі, сколькі пратрымаўся літоўскі Паксас, ці як яго там клікалі. 
  • Хочацца вам таго ці не але
    27.02.2023
    Інкарпарацыю ў расею гэтыя пратэсты толькі наблізілі і самае крыўднае што былі ж тыя хто пра гэта папераджалі але беларусы паслухалі пуцілаў ды ціханоўскіх. Калі Беларусь трапіць у склад расеі то незалежнай яна ўжо ня стане, прынамсі не ў гэтым стагодздзі, а хутчэй за ўсё ўвогуле.

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне64

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Усе навіны →
Усе навіны

Мінімум чатыры шахеды заляцелі ў Беларусь за ноч і раніцу4

Бондарава выклікала на дзяцей міліцыю, але там не зразумелі, што не так6

У наступным годзе змяняць умовы працы маршрутак

Ці можа час ісці ў адваротным кірунку? Упершыню ў гісторыі даказана, што так5

У Беларусі з 1 студзеня вырасце падатак на першую кватэру2

7 млн літраў піва і 98 тысяч спробаў скрасці куфаль — Актоберфест падвёў вынікі5

Складзены спіс кіраўнікоў краін з самымі высокімі заробкамі. Хто на першым месцы?1

Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла11

Махляры, якія прадаюць танныя шыны праз Instagram, рыхтуюцца да новага сезона. Як не трапіць на падман1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне64

Саша Філіпенка расказаў, чаму не плануе пісаць па-беларуску і як Беларусь можа стаць падарункам Расіі ў вайне

Галоўнае
Усе навіны →