Вайна66

Выбух гіганцкага склада боепрыпасаў у Цвярской вобласці: што вядома на гэты момант

У ноч на 18 верасня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі арсенал Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўлення Міністэрства абароны Расіі побач з горадам Таропцам у Цвярской вобласці. У выніку там пачалася дэтанацыя боепрыпасаў, прагрымелі некалькі магутных выбухаў.

Здымкі месца выбуху і пажару са спадарожніка

Паводле даных амерыканскай спадарожнікавай сістэмы FIRMS, агнём ахопленая ўся тэрыторыя арсенала ў раёне горада Таропца. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць маштабныя ачагі ўзгарання на месцы выбухаў боепрыпасаў, якія працягваюць распаўсюджвацца па ўсёй тэрыторыі склада.

На складзе боепрыпасаў пад Таропцам маглі знаходзіцца тысячы тон рознага ўзбраення. Кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры РНБА Украіны Андрэй Каваленка заявіў, што на складзе ў Таропцы нібыта захоўваліся ракеты для «Градаў», С-300 і С-400, а таксама балістычныя ракеты для «Іскандэраў». Акрамя таго, па яго словах, там пачалі рабіць збор запасаў паўночнакарэйскіх ракет KN-23.

Вядома, праверыць праўдзівасць гэтых звестак складана, але склад гэты ў кожным выпадку маштабны. Расследавальніцкі праект «Схемы» («Радыё Свабода») піша, што кожнае з некалькіх дзясяткаў сховішчаў арсенала змяшчае да 240 тон боепрыпасаў. У Z-каналах адзначаюць, што агульная колькасць боепрыпасаў, якія там захоўваліся, можа дасягаць нават 30 тысяч тон.

Несумненна, што знішчэнне гэтага склада можа аказаць істотны ўплыў на магчымасці забеспячэння расійскіх войскаў для вайны ва Украіне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім штодзённым звароце падзякаваў украінскім вайскоўцам за іх працу, згадаўшы «дальнабойнасць» і «дакладнасць», што многія ўспрынялі як каментар да ўдараў па складзе боепрыпасаў у Таропцы.

Хоць Зяленскі прама не згадаў канкрэтныя падзеі, ягоныя словы прагучалі адразу пасля паведамленняў пра паражэнне склада пад Таропцам.

Зяленскі падкрэсліў, што ўдары па расійскіх цэлях аслабляюць ворага і натхняюць украінцаў, падзякаваўшы за гэта сілам бяспекі і спецыяльным службам, уключаючы СБУ, ГУР і Сілы спецыяльных аперацый.

Спадарожнікавыя здымкі і кадры з сацсетак пацвярджаюць моцныя пажары і выбухі ў раёне склада ў Таропцы.

Здымкі месца выбуху і пажару са спадарожніка

Расійскія ўлады прызналі сам факт пажару і ранення больш як дзесяці чалавек «у выніку падзення абломкаў БПЛА», але не пацвердзілі ўдару па складзе з боепрыпасамі. Губернатар Цвярской вобласці Ігар Рудзеня заявіў, што ўсе дроны, маўляў, былі знішчаныя, а пажар тлумачыцца падзеннем абломкаў. Гэтыя словы сталі нагодай для саркастычных каментароў як ва ўкраінскіх, так і ў расійскіх блогах, вялікую падборку якіх сабрала Руская служба «Радыё Свабода».

У той жа час паведамляецца, што жыхарам Цвярской вобласці прыгразілі крымінальнымі справамі за публікацыю фота і відэа пажару на ракетным складзе.

Расійскае МНС пачало рассылку паведамленняў з просьбай не распаўсюджваць матэрыялы, якія паказваюць наступствы атакі беспілотнікаў, папярэдзіўшы пра магчымую крымінальную адказнасць.

Аналагічнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці з'явілася ад адміністрацыі Торопецкай муніцыпальнай акругі, дзе заявілі, што распаўсюджванне фота і відэа служыць на карысць ворага.

Аднак жа да таго часу, адразу пасля здарэння, шмат што з фота– і відэаматэрыялаў ужо паспела трапіць у Сеціва.

У той жа час нарвежская група маніторынгу землятрусаў і выбухаў NORSAR паведаміла, што яе спецыялісты зафіксавалі прынамсі 17 «сейсмічных падзей» у раёне Таропца. Паводле паведамлення на сайце арганізацыі, гэтыя падзеі адбыліся ў перыяд з 02:30 да 08:00 па нарвежскім часе (з 03:30 да 09:00 па беларускім).

Найбольш моцны сігнал меў магнітуду 2,5, паведамляюць нарвежскія эксперты. Пра прычыны гэтых сейсмічных падзей у паведамленні не сказана, але можна меркаваць, што яны непасрэдна звязаныя з магутным адначасовым выбухам вялікай колькасці ракет.

Мясцовыя жыхары паведамляюць, што выбухі на арсенале пад Таропцам былі настолькі моцнымі, што адчуваліся за дзясяткі кіламетраў. Жыхары вёскі Кудзіна (2 км ад арсенала) паведамляюць, што моцна пацярпелі дамы.

«Мая маці пацярпела і была ў шокавым стане. Яны чакаюць дапамогі, але цяпер сувязі з ёй няма», — расказала дачка адной з пацярпелых.

У вёсцы Таліца (7 км) выбухной хваляй выбіла вокны і пашкодзіла дзверы ў мясцовым дзіцячым садку. Жыхары расказваюць, што моцныя выбухі пачаліся прыкладна а 4-й гадзіне раніцы, і некаторыя хаваліся ў суседніх вёсках.

Нават у Андрэапалі (каля 40 км ад месца выбухаў) дрыжалі шыбы і ляскалі дзверы. Жыхары расказваюць, што выбухная хваля пабудзіла іх, а неба ўвадначас пачырванела.

Шмат іншых сведчанняў мясцовых жыхароў сабрала выданне «Новая газета. Европа».

Пры гэтым склад боепрыпасаў у Таропцы, які быў атакаваны ў ноч на 18 верасня, быў абаронены сістэмай барацьбы з беспілотнікамі, на якую было выдаткавана амаль 212 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 2,3 мільёна даляраў). Гэта пацвярджаюць даныя дзяржаўных закупак.

Сістэма была набытая восенню 2020 года па замове Міністэрства абароны Расіі. У кошт уваходзілі пастаўка, усталяванне і пусканаладачныя работы. Імя выканаўцы работ невядомае, бо аўкцыён праводзіўся ў закрытым рэжыме.

Будаўніцтва ж самога арсенала ў Таропцы каштавала расійскаму бюджэту 3,6 мільярда рублёў (каля 40 мільёнаў даляраў).

У 2018 годзе генерал Дзмітрый Булгакаў, які тады займаў пасаду намесніка міністра абароны Расіі, заяўляў, што гэты аб'ект «адпавядае самым высокім сусветным стандартам» і «дазваляе схаваць запасы ракет і боепрыпасаў ад знешняга ўздзеяння, а таксама забяспечыць іх захаванасць і выбухапажарабяспеку».

У ліпені 2024 года генерала Булгакава затрымалі па абвінавачванні ў махлярстве.

Каментары6

  • Галасы з месца
    19.09.2024
    Ну галасы ў оркаў на відэа
  • Федзя
    19.09.2024
    Чыкi пукi.
  • Алiксандр Рыгоравiч
    19.09.2024
    Патрасаюшчэ

«Ляцелі вельмі нізка». Лукашэнка прызнаў пралёт дронаў над Беларуссю4

«Ляцелі вельмі нізка». Лукашэнка прызнаў пралёт дронаў над Беларуссю

Усе навіны →
Усе навіны

Франака Вячорку ўключылі ў спіс «тэрарыстаў»18

Стала вядома прыблізнае месца падзення расійскага БПЛА ў Калінкавічах7

«Мы селі і сядзелі, а што рабіць?» У Старадарожскім раёне тры пенсіянеркі правялі цэлую ноч у лесе1

«Дынама» стартавала ў Лізе канферэнцый з паразы, прычым прапусціла на перадапошняй хвіліне ВІДЭА

Цюркскія дзяржавы дамовіліся пра адзіны лацінскі алфавіт. Убаку толькі Кыргызстан7

Новы генсак НАТА выступіў за права Украіны наносіць дальнабойныя ўдары па Расіі3

Продажы аўтамабіляў і электрамабіляў у Беларусі б'юць гістарычныя рэкорды5

У Варшаве іншаземцы стаялі начамі ў чарзе, каб зарэгістраваць аўтамабіль. Беларус спазніўся на адзін дзень і страціў грошы3

У Калінкавічах раніцай узарваўся «шахед»?13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ляцелі вельмі нізка». Лукашэнка прызнаў пралёт дронаў над Беларуссю4

«Ляцелі вельмі нізка». Лукашэнка прызнаў пралёт дронаў над Беларуссю

Галоўнае
Усе навіны →