«Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» задумвалася як мемуары, але не быў бы то Акудовіч, каб не паддаў у ёй перцу пад хвост святых кароў беларускай культуры, піша Зося Лугавая.
Валянцін Акудовіч — культавы беларускі філосаф. Не дыпламаваны, але сапраўдны. Філосаф-эсэіст, які сфармуляваў знакамітае «мяне няма», якое пайшло ў масы, зажыло ўласным, незалежным ад яго аўтара жыццём, як і належыць крылатаму выразу.
«Я — чалавек без памяці. Былое са мной не застаецца», — напаўжартам скардзіцца ў самым пачатку кнігі аўтар. Ва ўступе ён даволі падрабязна тлумачыць, чаму вырашыў напісаць гэткую кнігу — якой ён яе сабе ўяўляў і з якімі складанасцямі сутыкнуўся. Ненадзейнасць памяці — адна з іх. Тым не менш, у кнізе амаль 400 старонак. Акудовіч адразу папярэджвае: буду шмат цытаваць сябе. Самаіранічна філосаф папярэджвае і пра іншае:
«Толькі памятаць — гэта не ведаць. І калі корч распавядае зялёным атожылкам пра некалі блізкае неба і далёкую ад сябе зямлю, ён паводле азначэння кажа зусім не пра тое, пра што кажа. Ён цяпер ужо ўсё прыдумляе: і блізкае неба, і далёкую зямлю. Калі заўгодна, няма больш мастацкага жанру, чым мемуары — нягледзячы на ўсю іх фактаграфічнасць».
Акудовіч ахапіў у сваёй кнізе з той ці іншай дэталёвасцю ладную частку свайго жыцця, зрабіўшы акцэнт на двух дзесяцігоддзях, пачынаючы прыкладна з сярэдзіны 80-х гадоў. Ахапіць усё тое, што ахапіў Акудовіч, у межах артыкула не выпадае: кніга поўная найцікавейшых падзеяў і выбітных постацяў, якія спрычыніліся да развіцця беларускага мыслення. Акудовіч характэрна афарыстычны.
«Быццё — гэта абсурд і творчасць. І нічога болей. Нідзе. Ніколі».
Спачатку падаецца, што гэтая кніга больш мемуары.
Акудовіч расказвае пра тэксты, перыядычныя выданні, кнігі, адукацыйныя праекты. Пра ўласную радасць ад таго, як фармаваўся новы інтэлектуальны ландшафт. Пра апантанасць і альтруізм тых, хто да гэтага спрычыняўся.
«Кожны, хто тады прыходзіў да Беларусі, мала чым розніўся ад ранніх хрысціянаў у пару канаючай Рымскай імперыі. Ён паводле азначэння адчуваў сябе місіянерам новай веры».
У выніку гэтую кнігу Акудовіча можна чытаць як гісторыю інтэлектуальнага жыцця Беларусі канца XX і пачатку XXI стагоддзя. Тут россып вядомых імёнаў: Алесь Разанаў, Ігар Бабкоў, Лявон Баршчэўскі.
Валянцін Акудовіч сцісла рассказвае пра вучобу ў маскоўскім Літаратурным інстытуце, першыя тэксты ў часопісе «Нёман» пад крылом Міхася Стральцова, пра тыднёвік «Культура» і літаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО» як дадатак да яго, пра часопісы «Крыніца» і «Фрагменты». «Яго было каму рабіць, але не было каму чытаць», іранічна заўважае Акудовіч. Увогуле, ягоны аповед поўны самаіроніі, а часам амаль анекдатычных замалёвак.
Асобны раздзел прысвечаны «Бум-Бам-Літу». Але аўтар какетліва аспрэчвае меркаванне, што ён быў «Бум-Бам-Літу» бацькам. Проста яму
«…больш цікава быць з тым, хто яшчэ нічога не напісаў, чым з тымі, хто ўжо напісаў усё».
Але ёсць тэма, якая ідзе скрозь усю кнігу. Яе можна назваць роздумамі пра Беларусь. Акудовіч прызнаецца, што для яго Беларусь — перад усім, яна — самае важнае і дарагое. І ладную частку кнігі прысвячае развагам пра тое, што значыць быць беларусам; як гэта — быць беларускамоўным беларусам; быць беларусам, які стаміўся ад аднастайных лозунгаў, але ў якога трымціць сэрца ад беларускіх сцягоў у блакіце неба.
Часам Акудовіч кажа балючае і, магчыма, нават крыўднае для тых, хто прысвяціў сваё жыццё змаганню за іншую Беларусь. Напрыклад, пра недахоп крытычнай рэфлексіі і самарэфлексіі, з-за якіх «мы заставаліся неспазнанымі дзеля саміх сябе і з гэтага як бы недапраяўленымі для астатняга свету», пра «зашмальцаванасць мітынговых словаў» і прымітыўнасць сцэнароў пратэстных акцый. Нават, уявіце сабе, пра тарашкевіцу, як нацыянальную небяспеку.
«…з гэтай сітуацыі непрааналізаванасці і неадрэфлексаванасці Беларусі ў пачатковыя гады незалежнасці атрымалі шэраг вельмі сур’ёзных сацыяльна-палітычных праблемаў ды канфліктаў…»
Ён канстатуе, што ў сваёй масе беларусы працягваюць жыць адасоблена, носячы «хутаранскую культуру» ў сваіх сэрцах і расказвае эпізод, пра які Уладзіміру Арлову можа і непрыемна будзе ўспамінаць.
Гаворачы пра беларускае мысленне, аўтар мае на ўвазе менавіта мысленне па-беларуску. Пра тое, як яно ўзнікала на зрусіфікаванай глебе, як прыходзілі (альбо не прыходзілі) да яго пэўныя асобы. Напрыклад,
Акудовіч прыгадвае словы першага рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава, што «ў беларускай мове няма філасофскага слоўніка», і тое, як «не змагла разгледзець ні Новы час у нябёсах, ні Новую зямлю пад нагамі» Святлана Алексіевіч. Бо тое, што адбывалася з Беларуссю, было «аптымістычнай трагедыяй», а будучая нобелеўская лаўрэатка была заглыбленая ў «звыклы ёй голы боль».
У апошніх раздзелах (аўтар — майстар нэймінгу — называе іх «Мы сустрэліся на будоўлі Вавілонскай вежы» і «На рыштаваннях горада Сонца») ён расказвае пра асобныя постаці маладзейшага за сябе пакалення — Ірыну Дубянецкую, Міхала Анемпадыстава, Артура Клінава, Уладзіміра Мацкевіча, Максіма Жбанкова, Андрэя Хадановіча, Альгерда Бахарэвіча, Ігара Логвінава ды іншых.
Для кожнага ў Валянціна Акудовіча знаходзіцца добрае слоўца. І не толькі добрае. Як для чалавека, што скардзіцца на памяць, ён, напрыклад, даволі добра памятае розныя хібы (напрыклад, колішняе выказванне Максіма Жбанкова пра Андрэя Хадановіча як пра беларускага Пушкіна). Але нават кпіны ў майстра выходзяць лагодныя і добразычлівыя. Складваецца ўражанне добрасардэчнага чалавека, які гатовы дараваць памылкі і іншым, і сабе.
Напрыканцы Акудовіч кажа: «праца над кнігай доўжылася больш як два гады, і з яе я набраўся радасці на ўвесь свой астатні век». Дарэчы, анансуецца і хуткі выхад новай кнігі Валянціна Акудовіча «Шолах моўчы».
Валянцін Акудовіч. Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. — Логвінаў. Вільня, 2023
Каментары