Спявак мае не толькі мільёны праслухоўванняў на стрымінгах, але ў 28 гадоў ужо ўспрымаецца як культавы музыкант у сваім жанры. У яго біяграфіі і творчасці нямала беларускіх слядоў.
Yung Lean па праве лічаць сучасным тварам клаўд-рэпа — стылю, які характарызуецца спакойным, расслабленым і «туманным» гучаннем. Ён прыўнёс на хіп-хоп сцэну ўнікальны і эксперыментальны гук, спалучаючы ў сваёй музыцы элементы трып-хопа, эмбіента і дрым-попа. Yung Lean часта крытыкуюць за «бессэнсоўныя» і «няскладныя» тэксты песень, аднак ён сцвярджае, што такім чынам проста хоча выказаць сябе ў музыцы.
«Савецкая» сям'я
Будучая зорка хіп-хопа паходзіць з сям’і творчай інтэлігенцыі, якая шчыльна звязала сябе з нашым рэгіёнам.
Сцежку да Беларусі праклала яшчэ ягоная бабуля — журналістка Дыса Хостад, якую самі шведы называюць няйначай як «наша легендарная Дыса». У 1970—1980-х гадоў яна працавала карэспандэнткай адной з найбольш папулярных шведскіх Dagens Nyheter у СССР, а пасля 1992 года — ужо ў Расіі. Пра Савецкі Саюз у Дысы Хостад выйшлі чатыры кнігі, адна з якіх была прысвечана пісьменнікам, а яе дом у Стакгольме на пэўны час стаў самым рускім месцам у Швецыі.
У Маскву Дыса праехала са сваёй чатырохгадовай дачкой Эльзай, якая нарадзілася ад англійскага драматурга Арнальда Уэскера. Дзяўчынка пяць гадоў правучылася ў савецкай школе. Выдатнае веданне рускай мовы вызначыла яе далейшую кар’еру. У 1997-1999 гады яна працавала ў Праграме развіцця ААН у Мінску, займалася правамі чалавека ў Беларусі. Пасля трапіла ва ўрадавую арганізацыю SIDA і вырашала пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, развіцця і правоў ЛГБТ-меншасці ў розных краінах свету — ад СНД да Амерыкі. Сёння яна займае пасаду пасла Швецыі ў Албаніі.
Архіўнае відэа, на якім маленькі Юнатан размаўляе па-руску
На працу ў Мінск Эльза пераехала разам з сям’ёй: мужам Крыстаферам Леандоэрам і аднагадовым сынам Юнатанам. Эльза хацела, каб у яе сына было дзяцінства, падобнае да таго, якое было ў яе. Праз гэта часта можна пабачыць інфармацыю, што ён нарадзіўся менавіта ў Мінску, але яго родны горад усё ж Стакгольм.
Ягонаму бацьку Крыстаферу Леандоэру, шведскаму журналісту і пісьменніку, за нядоўгі час жыцця ў Беларусі ўдалося наладзіць добрыя сувязі з беларускімі літаратарамі.
Ягоныя вершы ў перакладзе такіх зорак, як Рыгор Барадулін і Алесь Разанаў, былі змешчаныя ў шведска-беларускім зборніку «4+4+4», які пабачыў свет у 1999 годзе. У тым жа годзе ў перакладзе Барадуліна быў асобна выдадзены зборнік паэзіі Леандоэра «Вершы для Эльзы».
Візіт Крыстофа Леандоэра з Рыгорам Барадуліным у майстэрню па вырабе музычных інструментаў
Леандоэр стаў ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра. Пра беларусаў не забываўся: у 2011 годзе браў удзел у Марафон шведскіх літаратараў у падтрымку Беларусі.
Разам з бацькамі Юнатан Хостэд правёў тры гады свайго дзяцінства ў Мінску. Першай яго мовай стала руская, але пасля вяртання ў Стакгольм ён вывучыў шведскую, а рускую забыў.
Узыходжанне
Жыццё ў Швецыі для Юнатана, здавалася, пайшло па нахільнай. У школе ў яго былі праблемы з наркотыкамі, ва ўзросце 15 гадоў ён нават атрымаў умоўны тэрмін за курэнне канабісу.
Але Хостэд зацікавіўся хіп-хопам і аднойчы ў мясцовым парку пазнаёміўся з двума хлопцамі, якія падзялялі ягоныя густы ў музыцы. Разам яны стварылі Hasch Boys, які, праўда, праіснаваў нядоўга.
Хлопец узяў сабе творчы псеўданім Yung Lean, ягоныя сябры — Sherman і Gud, але з той жа прыстаўкай Yung. У хіп-хоп-культуры папулярныя прыстаўкі да імені, якія звычайна з'яўляюцца абрэвіятурамі з некалькіх літар, зразумелых толькі аматарам жанру. У выпаду з Yung усё прасцей — прыстаўка паказвала на маладосць музыкантаў (англ. Young — малады, юны), якім на той момант яшчэ не споўнілася і 18 гадоў.
З Sherman і Gud ён стварыў новы гурт Sad Boys, які хутка знайшоў сваіх прыхільнікаў праз інтэрнэт-сэрвісы. У маі 2013 года хлопцы выступілі са сваім першым канцэртам у Гётэборгу.
Сапраўдную папулярнасць Yung Lean здабыў дзякуючы свайму трэку Ginseng Strip 2002, які завірусіўся на ютубе ў тым жа годзе. Ён увайшоў у ягоны дэбютны міні-альбом «Lavender», які пабачыў свет у жніўні 2013. Yung Lean пачаў раз'язджаць з турамі па краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі. У 2022 годзе трэк Ginseng Strip 2002 здабыў другое нараджэнне дзякуючы папулярнасці ў TikTok.
Падзенне
У час запісу свайго другога студыйнага альбома Warlord рэпер жыў у Маямі-Біч, дзе зноў падсеў на наркотыкі. У красавіку 2015 года ў яго адбылася перадазіроўка, і ён трапіў у шпіталь. У гэты ж час памёр ягоны блізкі сябар. Стан у хлопца быў такі, што ён нават не пазнаў спачатку бацьку, які прыляцеў забраць яго ў Швецыю. Каля двух месяцаў спявак правёў у адноснай ізаляцыі ў сельскай мясцовасці, перш чым вярнуцца ў шведскую сталіцу. У 2017 годзе ў яго дыягнаставалі біпалярны разлад, чаго спявак не хавае.
Нягледзячы на праблемы, у тым жа годзе ў яго выйшаў трэці альбом Stranger. У дакументальным фільме, які выйшаў у 2020 годзе, паказана, што асоба Yung Lean дазваляла Юнатану збегчы ад паўсядзённага жыцця, барацьбы з наркотыкамі і псіхічных праблем. Амаль кожны год спявак выпускаў па альбоме, а таксама спрабаваў сябе ў кіно і іншых мастацтвах.
Пад новым псеўданімам Jonatan Leandoer96, утвораным ад прозвішча бацькі (у жыцці носіць прозвішча маці), ён выпусціў альбомы Nectar (2019), Blodhundar & Lullabies (2020) і Sugar World (2023), у якіх спрабуе адысці ад хіп-хопа і ў боку сумесі інды-року і неафолку.
Вяртанне ў Мінск
У 2016 годзе Yung Lean яшчэ раз вярнуўся ў амаль родны Мінск, дзе 10 верасня выступіў клубе RE:Public. У беларускай сталіцы ён таксама зрабіў некалькі фота ў пад’ездзе, дзе, як сцвярджаецца, правёў сваё дзяцінства. Фанаты па гэтых фота апазналі 9-павярховы дом па вуліцы Пуліхава, 7 корпус 1.
Не так даўно дом зведаў капітальны рамонт, пасля якога стары выгляд пад'езда з вуліцы непапраўна змяніўся. Фанаты музыканта, якія ператварылі яго ў месца для сваіх фотасесій, выказалі свой рашучы пратэст супраць рамонту, які, на іхнюю думку, знішчыў гістарычную спадчыну.
У канцы 2016 года шведскі рэпер выпусціў на касетах альбом Psychopath Ballads, сярод якіх была сумная песня-прысвячэнне Hotel in Minsk. У ёй няма прамых згадак пра Беларусь, але яе тэкст змрочны і дэпрэсіўны, як пад'езд у савецкім шматпавярховіку:
«Палкі і камяні ў маім целе
Я заплюшчваю вочы, хачу пакінуць сваё цела
Я адчуваю, што паміраю
Заплюшчу вочы і лячу».
У 2022 годзе Yung Lean запісаў новы сінгл Bliss разам з FKA Twigs. У аснове мелодыі сэмпл з вядомай песні «На заре» гурта Альянс. У каментах пад кліпам нехта напісаў пра беларускае Лёзна пад Віцебскам, пасля чаго папаўзлі чуткі, што ролік здымаўся менавіта там. Але кожны беларус, які бачыў кліп, можа на свае вочы пераканацца, што краявіды ў кліпе зусім не беларускія.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары