Пляцоўку для захавання ядзерных адкідаў у Беларусі будуць выбіраць з трох варыянтаў, піша БелТА. Улічваць збіраюцца, як паведамляецца, цэлы комплекс фактараў — геалагічных, эканамічных і сацыяльных.
«Цяпер праводзіцца падрыхтоўчая праца. Выпрацоўваюцца падыходы і крытэрыі выбару пляцоўкі. Плануецца, што будуць вызначаныя тры альтэрнатыўныя пляцоўкі і, зыходзячы з аб'ектыўнага разгляду плюсоў і мінусаў кожнай, будзе абраны найбольш выйгрышны варыянт з пункту гледжання бяспекі», — заявіў начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі Дзяржатамнагляду Дзмітрый Паўлаў.
Дакладныя тэрміны, калі будзе прынята рашэнне і пачнецца будаўніцтва пункта захавання, не называюцца. У адпаведнасці са стратэгіяй па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі першая чарга гэтага аб'екта павінна быць запушчаная да 2030 года.
Стратэгія была зацверджаная пастановай Савета Міністраў №128 ад 15 лютага 2023 года.
Каментары